Лейтматывам жа выдання паслужыў верш “Толькі на фронце” вядомага савецкага паэта Васіля Лебедзева-Кумача. У зборніку творы размешчаны па гадах вайны, пачынаючы з верша Якуба Коласа “На абарону”, прысвечанага першым трагічным дням Вялікай Айчыннай. Патрыятычны ўздым народу адлюстраваны ў творах Аляксея Суркова, Аляксандра Твардоўскага, Янкі Купалы, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка…
Нямала хвалюючых паэтычных радкоў прысвечана гераічным абаронцам Брэсцкай крэпасці. У кнігу увайшла, скажам, “Крэпасць над Бугам” народнага паэта краіны Петруся Броўкі. Побач — здымак знакамітага надпісу “Памрэм, але з крэпасці не сыдзем!”, а таксама фотакадры музейных інсталяцый.
Асаблівасцю зборніку стаў цэлы раздзел, прысвечаны беларускім партызанам. Тут змешчаны вершы Міхаіла Ісакоўскага “Ой, туманы, мои растуманы…”, Якуба Коласа “Бацьку Мінаю”, Анатоля Астрэйкі “Партызанскі медаль”, песні — “Партызанская барада”, “Аршанская старонка”, “Партызанская паходная” і іншыя. Завяршаецца падборка вершаў і песень карцінай беларускага мастака Яўгена Зайцава “Парад партызан у Мінску 16 ліпеня 1944 года”, якая суправаджаецца словамі паэта Анатоля Вялюгіна.
Зборнік праілюстраваны здымкамі ветэранаў — удзельнікаў патрыятычных мерапрыемстваў з моладдзю: Герояў Савецкага Саюза Івана Кустава, Васіля Мічурына, франтавікоў Аляксандра Феня, Віктара Кастко, Аляксандра Ульяновіча, Васіля Даўжонка і іншых. Падзякай ад імя маладога пакалення гучыць песня “Пакланіцеся, унукі, дзеду!” кампазітара Ігара Лучанка і паэта Міхаіла Ясеня. Сапраўднымі гімнамі падаюцца вершы і песні, прысвечаныя Вялікай Перамозе. Іх падмацоўвае дакументальны здымак надпісу на сценах пераможанага рэйхстага “Тут быў беларус Ванікевіч”. Фота зрабілі некалькі гадоў таму музейныя супрацоўнікі, калі наведалі германа-расійскі музей “Берлін-Карлсхорст”.
Мікалай ШАЎЧЭНКА