Незаменны Бакст

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

Чатыры залы пра кантэкст лёсу мастака: ад Гродна да “мирискусников”
Унікальная выстава “Час і творчасць Льва Бакста” ў Нацыянальным мастацкім музеі працягваецца з вялікім поспехам. Узровень тысячнага наведвання быў узяты менш чым за два тыдні экспанавання. Пасля дзесяцігоддзяў забыцця свята спазнання творчасці Бакста нарэшце прыйшло і на яго радзіму. Ён цалкам з Сярэбранага веку і, мабыць, ён найяскравы прадстаўнік гэтай эпохі “буры і націску”, які змог перайсці ў сваёй “сярэбранай туніцы” ў прастору еўрапейскай тэатральнай культуры і там сваім талентам узвесці сабе эстэцкі помнік на ўсе часы.

/i/content/pi/cult/576/12654/15-1.jpgТэрмін “Сярэбраны век”, прыдуманы ў пачатку 1930-х ці то філосафам Мікалаем Бердзяевым, ці то паэтамі і крытыкамі Мікалаем Оцупам і Сяргеем Макоўскім, на мой погляд, не зусім дакладны для вызначэння гэтай дзіўнай з’явы ў мастацтве і літаратуры першай чвэрці ХХ стагоддзя. Разумею, што ўвялі яго па аналогіі з “Залатым векам” пушкінскага часу. Аднак пра межы храналогіі “Сярэбранага веку”, асабліва пра даціроўку фінала, і сёння не на жарт ідуць дыскусіі. На мой (перакананы і асэнсаваны) погляд, гэты “век” перапыніўся дзесьці ў сярэдзіне 1920-х, калі не стала Аляксандра Блока, Мікалая Гумілёва, Веліміра Хлебнікава, Сяргея Ясеніна, калі ў эміграцыі аказаліся тысячы найлепшых прадстаўнікоў рускай інтэлігенцыі, у тым ліку — знакамітыя “пасажыры” сумна вядомага “філасофскага парахода”, калі пачынаў узмацняцца жорсткі ідэалагічны кантроль савецкай дзяржавы над мастацтвам і літаратурай.

Праўда, Бакст шчасліва пазбегнуў гэтых ліхтугаў, бо даўно пасяліўся ў Парыжы. Але ён заўсёды заставаўся чалавекам “Сярэбранага веку”. Так аб’ектыўна здарылася, што з яго смерцю гэты век і скончыўся. І яшчэ дадам вось што. “Сярэбраны век” нельга лічыць нейкім паніжэннем якасці з’явы, яго рэгрэсам у параўнанні з “Залатым векам”; нельга проціпастаўляць рускую культуру эпохі мадэрна класічнай культуры часоў Пушкіна і яго сучаснікаў, бо гэта цалкам самастойныя рэчы. А тэрмін “Сярэбраны век” стаў проста назвай храналагічнай, бо іншага не знайшлося. Так і засталося “срэбра”: месяцовае святло, высакародны метал, асаблівая натхнёнасць. Як пісала Ахматава: “… серебряный месяц ярко над серебряным веком стыл…”

На маю думку, Леў Бакст з’яўляецца ледзь не самым яркім і натхнёным прадстаўніком гэтай унікальнай культурна-гістарычнай з’явы. Ураджэнец Гродна, ён увайшоў у сусветную выяўленчую культуру як бліскучы, непераўзыдзены тэатральны мастак, таленавіты жывапісец і графік, маэстра мастацкай моды, арыгінальны дызайнер кнігі і часопіса, адзін з арганізатараў і актыўных удзельнікаў знакамітага творчага аб’яднання “Мир искусства”. Невыпадкова юбілей Бакста ўнесены ў Каляндар памятных дат UNESCO 2016 года. Так адбылося, што імя гэтага творцы вярнулася на яго радзіму досыць позна, урэшце, як і імёны многіх іншых мастакоў — ураджэнцаў Беларусі, якія з розных прычын апынуліся за межамі роднай зямлі. Аднак прыйшоў час “збіраць камяні”, і сёння дзякуючы намаганням нашых мастацтвазнаўцаў і даследчыкаў ужо некалькі дзясяткаў выдатных землякоў паспяхова “вярнуліся” на сваю радзіму. У тым ліку і праз артыкулы на старонках “К” ці не з першых нумароў газеты. Асабліва ж буйны пласт быў узняты ў рамках рубрыкі “Вяртанне імёнаў”.

У апошнія два дзесяцігоддзі Бакст, грунтоўна прызабыты ў Расіі, не кажучы ўжо пра Беларусь, быў "рэабілітаваны". У Маскве з’явіліся цудоўна ілюстраваныя кнігі і альбомы пра жыццё і творчасць апостала рускага мадэрна, а Андрыс Ліепа на сцэне Марыінскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу паставіў дзягілеўскія балеты "Жар-птушка", "Шахразада" і "Гульні" са сцэнаграфічнымі распрацоўкамі Льва Бакста ў аснове. А колькі гадоў таму тры аднаактовыя балеты з дэкарцыямі мастака былі рэканструяваны тым жа Ліепам і на сцэне нашага Вялікага тэатра оперы і балета.

Трэба асабліва падкрэсліць, што вяртанне Бакста ў Беларусь ажыццявілася дзякуючы шматгадовым намаганням Уладзіміра Шчаснага, аўтара канцэпцыі сённяшняга арт-праекта. І, дарэчы, ён з’яўляецца аўтарам кнігі-эсэ “Леў Бакст: Жыццё пяром Жар-птушкі”, якая не так даўно выйшла ў свет. Таму я не буду зараз падрабязна распавядаць пра біяграфію мастака, тым больш, што наша газета ўпершыню пісала пра гэта ў 2010 годзе (“К” № 21).

Але хачу спыніцца на ўнікальным мастацкім аб’яднанні “Мир искусства”, у якім, па сутнасці, нарадзіўся талент Бакста, які атрымаў свой бліскучы пік славы ў дзягілеўскіх “Рускіх сезонах”, а таксама ў Новым Свеце, на беразе Атлантыкі — у ЗША.

Свае першыя крокі ў вялікае мастацтва малады Леў Бакст зрабіў на мяжы XIX — XX стагоддзяў. Гэта быў час бурлівага культурнага росквіту ўсіх краін Еўропы і зараджэння рускага мадэрнізму і сімвалізму. Гэты перыяд быў насычаны нябачаным грамадскім уздымам, які ўладна патрабаваў карэннага абнаўлення ўсяго мастацтва, барацьбы з коснасцю, руцінай, салонным касмапалітызмам, натуралізмам позняга перасоўніцтва і заскарузлым акадэмізмам. Менавіта гэтая эпоха змагла нарадзіць бліскучую плеяду мастакоў, чыя творчасць развівалася асобна ад магістральнага шляху так званага крытычнага рэалізму, але якая прыўнесла ў выяўленчую культуру шмат свежага, плённага, непаўторнага ў сваёй эстэтыцы. У Расіі гэтых наватараў, якія склалі аб’яднанне “Мир искусства”, збліжала гарачае жаданне адрадзіць на новай творчай аснове традыцыі высокай мастацкасці і вытанчага прафесіяналізму ў кніжнай і станковай графіцы, у кніжным і часопісным дызайне, сцэнаграфіі, жывапісе, прыкладных відах творчасці.

Леў Бакст, нароўні з Сяргеем Дзягілевым і Аляксандрам Бенуа, быў у ліку арганізатараў “Мира искусства”. Пра гэта аб’яднанне і ілюстраваны “мадэрновы” часопіс пры ім, які выдаваўся з 1898 па 1904 гады пад той жа назвай, напісана досыць шмат. Да таго ж мы маем успаміны і дзённікі непасрэдных удзельнікаў гэтага бліскучага сузор’я: ад згаданага Бенуа, Мсціслава Дабужынскага да Канстанціна Каровіна, Канстанціна Сомава, Ганны Астравумавай-Лебедзевай. Ды і ў Інтэрнэце пра “Мир искусства” можна знайсці нешта цікавае, хаця часам і сустракаюцца малазразумелыя матэрыялы ў адносінах да ацэнак гэтай культурна-мастацкай з’явы. Нават аўтарытэтны крытык таго часу Уладзімір Стасаў называў удзельнікаў групоўкі “дэкадэнтамі”. Словам, няма сэнсу зараз падрабязна казаць пра тое, што ўжо даўно ва ўсіх дэталях прааналізавана разумнымі даследчыкамі і скрупулёзнымі сучаснікамі.

Але асабіста для мяне прыемна, што ў гэтым руху за абнаўленне выяўленчай культуры наўпрост ці ўскосна прымалі ўдзел і мастакі, якія нарадзіліся на беларускіх землях. Гэтую старонку мастацкай гісторыі, на жаль, пакуль яшчэ ніхто сур’ёзна не асэнсоўваў. У гэтам шэрагу, акрамя Бакста, — Фердынанд Рушчыц (з вёскі Багданава Мінскай губерні), Казімір Стаброўскі (з вёскі Крупляны, што на Навагрудчыне), Дзмітрый Стэлецкі (з Брест-Літоўска), Рыгор Баброўскі (з Віцебска), Савелій Сорын (з Полацка), Станіслаў Жукоўскі (з маёнтка Старая Воля Гродзенскай губерні), адзін з настаўнікаў Бакста — Ісак Аскназій (з горада Дрыса Віцебскай губерні), Аляксандр Ром (з 1918 па 1922 гады працаваў у Віцебску разам з сябрам Маркам Шагалам), Мікалоюс Канстанцінас Чурлёніс (нарадзіўся у пасёлку Варана на поўдні Літвы, а дзяцінства правёў у Друскеніках Гродзенскай губерні), а таксама віцябчанін Марк Шагал — вучань Бакста, скульптары Марк Антакольскі (з Вільні) і Ілья Гінцбург (з Гродна): творы ўсіх гэтых мастакоў упрыгожваюць сённяшнюю экспазіцыю.

Членамі “Мира искусства”, якія таксама прадстаўлены на выставе, былі першы дырэктар Віцебскага мастацкага вучылішча Мсціслаў Дабужынскі (1919), Валянцін Сяроў, Мікалай Рэрых, Канстанцін Каровін, Міхаіл Урубель, Зінаіда Серабракова, Барыс Кустодзіеў, Кузьма Пятроў-Водкін, Іван Білібін, Канстанцін Сомаў, Піліп Малявін, Міхаіл Несцераў, Аляксандр Галавін, Мікалай Сапуноў, Сяргей Судзейкін, да “Бубновага валета” — Ілья Машкоў, Мікалай Кузняцоў, Павел Кузняцоў і шмат іншых слаўных “рухавікоў” новага мастацтва. “Залатыя” імёны Сярэбранага веку!

Дарэчы, мала хто ведае, але нават Ісак Левітан, рэаліст да мозгу касцей, у апошні год свайго жыцця “ўліўся” у “Мир искусства” і, не звяртаючы ўвагу на крытычныя стрэлы сваіх нядаўніх аднадумцаў, з задавальненнем удзельнічаў у першых выставах аб’яднання і ў выданні першых выпускаў яго часопіса. У экспазіцыі ў Нацыянальным мастацкім можна ўбачыць яго цудоўныя познія пейзажы “Квітнеючыя яблыні” і “Сажалка”. А творы нашага земляка Напалеона Орды! Ён, канешне, да “Мира искусства” не меў ніякага дачынення, бо памёр у 1883 годзе, калі Баксту было ўсяго 17 гадоў, аднак усе яго 12 акварэлей, прывезеныя з Кракава, — з ландшафтамі таго самага Гродна, дзе нарадзіўся Бакст. Упершыню мінчане пабачылі эскіз пано Урубеля для кабінета ў маскоўскім асабняку “ткацкага караля” Аляксея Марозава і натурны партрэт Фёдара Шаляпіна пэндзля Рыгора Баброўскага, творы Дабужынскага, прысвечаныя Віцебску і Вільні, палотны “Залаты палац” К.Стаброўскага, “Пуні і зярод” Ф.Рушчыца, партрэт “Жанчына з ружай” Г.Сорына. Я ўжо не кажу пра творы Жукоўскага, Рэпіна, Чысцякова, Макоўскага, Бенуа, Галавіна, Каровіна, Машкова, Рэрыха, Лансэрэ з фондаў нашага музея…

Уся выстава заняла чатыры залы на першым паверсе музея. Большасць твораў, канешне, арыгіналы, і перш за ўсё аўтарства Льва Бакста з карпаратыўнай калекцыі “Белгазпрамбанка” і Нацыянальнага мастацкага музея. Сярод іх — карціны “Рыбак з курыльнай люлькай”, “Купальшчыкі на Лідо. Венецыя”, “Прыцемак над возерам”, “Пейзаж з кіпарысамі”, эскіз касцюма Жар-птушкі для аднайменнага балета Ігара Стравінскага, некалькі партрэтаў, дзе асабліва мяне прыцягваюць вобразы Зінаіды Гіпіус, Ісака Левітана і чэшскай мастачкі Ружэны Зайковай. Акрамя жывапісных, графічных і скульптурных работ знакамітых калег і настаўнікаў Бакста, прадстаўлены эскізы касцюмаў персанажаў бакстаўскіх спектакляў, малавядомыя прынты мастака, створаныя ў ЗША, дызайнерскія знаходкі Бакста ў галіне мастацкага ткацтва (шоўк), выпускі часопісаў “Мир искусства” і “Comoedia Illustre”, парыжскія выданні таго часу, плакаты, эпісталярная спадчына Бакста, шмат фатаграфій, праграмы спектакляў, паштовыя карткі з адлюстраваннем выдатных майстроў дзягілеўскіх балетаў… Словам, свята не толькі для вока, але для душы і сэрца, бо экспазіцыя па ўсіх параметрах зроблена па самых высокіх еўрапейскіх стандартах.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"