"Электронная прымерачная". / Фота з сайта музея
— Не абмінула калінінградскіх музейшчыкаў, асабліва прадстаўнікоў муніцыпальных устаноў, праблема нізкай наведвальнасці. Турыстычныя плыні ў вобласць апошнім часам значна зменшыліся. Мае калегі шукаюць спосабы пераадолення сітуацыі. Абласному цэнтру ў гэтым плане прасцей: у буйным горадзе дастаткова школ, з якімі можна супрацоўнічаць. У нас ёсць, хай яшчэ неафіцыйна аформленая, дамоўленасць пра тое, каб кожны клас абавязкова наведваў нашы залы. І мы прыдумляем для паралеляў максімальна розныя праграмы, каб школьнік, пабываўшы ў нас летась, праз год пачуў новае.
Імкнёмся выкарыстоўваць магчымасці электронных сродкаў. Прынамсі, актыўна развіваем уласную старонку ў Сеціве: ілюстрацыйны матэрыял, работа з рэкламай, заўсёды на онлайн-сувязі прэс-служба, фарміруюцца дайджэсты навін на калямузейную тэматыку. Гэта прыцягвае вэб-чытачоў, уздымаючы і рэйтынг наведвання. Дарэчы, такімі намаганнямі сайт Калінінградскага абласнога гісторыка-мастацкага музея ўвайшоў у дзясятку лепшых музейных інтэрнэт-парталаў Расіі.
Найноўшыя тэхналогіі ўзбагачаюць і ўласна экспазіцыйныя магчымасці, дапамагаюць пашырыць аўдыторыю. Напрыклад, мы ўсталявалі агрэгат, які называецца “электронная прымерачная”: вы падыходзіце да экрана, дзе можаце прымерыць касцюмы рознай эпохі. Атрыманы тут фотаздымак можна адразу адправіць па электроннай пошце сябрам.
Тачскрыны ў музейнай прасторы выконваюць забаўляльную і адукацыйную функцыі. У вучняў карыстаюцца папулярнасцю бітвы, закладзеныя ў планшэты. Гульцы падзяляюцца на дзве арміі, скажам, Напалеона і Кутузава, і з імпэтам рэканструююць Барадзінскае сражэнне. У праграму абавязкова закладзены элементы тэсціравання, напрыклад, неабходна правільна вызначыць дату, прызначыць палкаводцаў, якія былі задзейнічаны ў пэўных кропках. Упэўнены, музею не абыйсціся без гульнявых момантаў: час патрабуе інтэрактыву!
У нашага музея ёсць пяць філіялаў. Ва ўсіх іх актыўна абнаўляюцца экспазіцыі — хочацца зрабіць іх больш сучаснымі. У асноўным будынку праводзіцца грандыёзны рамонт, рыхтуюцца новыя выставы. Напрыклад, мы адкрываем залу археалогіі, дзе маецца, умоўна кажучы, вялікая пясочніца. Там патрэбна адшукаць пэўны прадмет, ідэнтыфікаваць яго з іншымі знаходкамі. На першы погляд дзіцячыя гульні зараджаюць цікавасць да навукі.
Праблема з прыцягненнем наведвальнікаў ёсць, але яе можна вырашыць. А з іншага боку — гэта маё меркаванне — у Калінінградзе мала музеяў: чатыры абласныя і адзін муніцыпальны ў паўмільённым горадзе. Канешне, з’яўляюцца прыватныя, грамадскія музеі, але яны маленькія. Таму мы не разглядаем іх у якасці канкурэнтаў і пакуль адчуваем сябе больш-менш спакойна. Але на прыкмеце трымаем ідэі! Скажам, ёсць надзея ўключыць у музейную прастору старыя форты Кёнігсберга, цытадэльныя збудаванні.