Праявіў ініцыятыву ў свой час жыхар згаданай вёскі Віктар Дашкевіч. Ідэю стварыць маленькі мемарыял ён выношваў даўно. Размаўляў з роднымі загінулых, пераконваўся ў тым, што людзі павінны ведаць і памятаць. Толькі са шчырай памяці вырастае чаканая будучыня. Так быў адкрыты разліковы рахунак у банку. Але на ахвяраванні можна было аплаціць толькі набыццё матэрыялаў для мемарыяла.
Неўтаймоўны Віктар Дашкевіч згадвае даўняга мінскага знаёмага — сябра Беларускага саюза мастакоў Уладзіміра Швайбовіча. Той адразу пагаджаецца зрабіць усё бясплатна. Не толькі мастацкую частку, але і будаўніча-мантажную. Што імі рухала? Гэта зразумее хіба толькі той, хто не чакае ганарараў ад сумлення.
Тым не менш я задаў гэтае пытанне Уладзіміру Піліпавічу. “Уразіла тое, што мая родная вёска Калодзезі, што на Чэрвеншчыне, і вёска Калодзезнае — сугучныя па назвах, — адказаў мастак. — І не мог сябру адмовіць…” Так што пры рэалізацыі праекта рэй вяла не арыфметыка, а мастацтва. Бярвенне было абпалена не паяльнай лямпай, а на сапраўдным вогнішчы. Белачырвоная сцежка ля камяня — як сімвал спалучэння светлай веры і крывавай трагедыі. Чатыры прыступкі — чатыры гады пакутлівай трагедыі. Крыж і звон — як навершша храма. Мова мастацтва — гэта мова сімвалаў. Так што помнік нагадвае і аб ахвярах фашызму, і аб самаахвярнасці мастака.
На здымку: помнік у вёсцы Калодзезнае работы мастака Уладзіміра Швайбовіча.