Арганізатары надаюць немалое значэнне культурнай праграме, дбаюць пра тое, каб эстэтычны і эмацыйны фон форуму адпавядаў статусу мерапрыемства, каб з уражанняў і эмоцый, якія атрымаюць удзельнікі, складваўся станоўчы вобраз горада і краіны. У гэтай сувязі згадаю нашу нацыянальную навуковую канферэнцыю ў Гродне, на якую былі запрошаны кіраўнікі таго ж Еўрапейскага таварыства. Для замежных гасцей зладзілі экскурсію ў Мінск. Пабачыўшы нашу сталіцу, тагачасны прэзідэнт арганізацыі прафесар Весна Кесіч з Сербіі сказала: “Гэта горад нашага фармату!”, — маючы на ўвазе, што Мінск пры нагодзе мог бы прымаць кангрэс. Ну, гэта да слова…
Я была на некалькіх такіх мерапрыемствах. І, паводле маіх назіранняў, іх культурная праграма звыкла складаецца з канцэрта для ўдзельнікаў (у Вене для нас спяваў славуты дзіцячы хор, у Берліне граў сімфанічны аркестр, у Ліверпулі — калектыў, які выконваў песні “The Beatles” у манеры славутага ансамбля). Потым экскурсія па горадзе. І яшчэ ўдзельнікам кангрэса прадастаўляецца магчымасць наведаць музеі па льготным кошце.
Гэтым разам замест канцэрта было наладжана экраннае шоу, дзе прадставілі карціны Марка Шагала са збору ягонага музея ў Ніцы. Гэта сямнаццаць палотнаў на біблейскую тэматыку. Паказ карцін суправаджаўся каментарыем мастацтвазнаўцы на англійскай мове (рабочая мова кангрэсу). Мне агучаная трактоўка падалася спрэчнай і непераканаўчай. У мяне на гэты конт ёсць уласная думка, хаця, канешне ж, кожны бачыць у творы мастацтва сваё. А зачапіў наступны сказ: “Шагал нарадзіўся ў Расіі, у маленькай вёсцы (“little villаge”) Віцебск”. Пры размове з прэзідэнтам таварыства, які, трэба думаць, меў дачыненне да рэжысуры гэтай імпрэзы, я выказала сваю нязгоду з такім пасылам. У прыватнасці адзначыла, што Віцебск — гэта не Расія, а Беларусь, не вёска, а горад, буйны прамысловы цэнтр. Да таго ж, значна большы за Ніцу па насельніцтве і тэрыторыі. Ён тут жа паклікаў таго мастацтвазнаўцу, каб я выказала свае заўвагі непасрэдна яму. Той мне запярэчыў, што тады гэта была Расія, дакладней Расійская імперыя, так што гэта, маўляў, як паглядзець… Але было відаць, што адчувае ён сябе няёмка, і наступным разам падумае, перш чым выносіць інфармацыю на публіку.
Мне і раней даводзілася за мяжой тлумачыць розніцу паміж Беларуссю і Расіяй, нават пераконваць людзей, што па вуліцах айчынных гарадоў мядзведзі не блукаюць. Праўда, тое было ў 1990-я… Аднак і дагэтуль за мяжой адчуваецца дэфіцыт інфармацыі пра нашу краіну. Пра гэта сведчыць і згаданы мною выпадак на цырымоніі адкрыцця кангрэсу ў Ніцы.
Дарэчы, тое, што грамадзяне Беларусі ў замежжы словам ці іншым чынам бароняць інтарэсы сваёй Радзімы, спрыяе станоўчаму іміджу нашай дзяржавы ў вачах людзей іншых нацыянальнасцей. У сваю чаргу, чалавек, які шануе ўласную Айчыну, пачынае адчуваць большую павагу да сябе. Прынамсі, у яго прысутнасці саромяцца гаварыць пра Беларусь глупствы.