На базе нашых музеяў было арганізавана некалькі рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцый, а таксама перавыдадзена кніга “Музеі Полацка”. На сённяшні дзень набліжаюцца да завяршэння работы па адслаенні фрэсак у Спаса-Праабражэнскай царкве Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра і па стварэнні экспазіцыі сценапісу XII — XIX стагоддзяў у Мастацкай галерэі Полацка.
Нямала зроблена і для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры Віцебшчыны. Так, у абласным цэнтры сёння вядзецца рэканструкцыя будынка пад будучы мемарыяльны музей Віцебскага народнага вучылішча. Таксама працягваецца рамонт музычных каледжаў у абласным цэнтры і ў Наваполацку, культурна-аздараўленчага цэнтра ў Лёзна, Дома культуры ў гарадскім пасёлку Балбасава Аршанскага раёна.
Трэба адзначыць, што сёлета пасля капітальнага рамонту адкрыўся Раённы краязнаўчы музей ў Верхнядзвінску. А яшчэ ў рамках падрыхтоўкі да абласнога свята працаўнікоў сяла ў Талачыне былі адрамантаваны Дом культуры, дзіцячая школа мастацтваў і музей, а таксама адкрыта пасля капітальнага рамонту раённая бібліятэка.
Дарэчы, падобную ж стратэгію, якая добра сябе зарэкамендавала, мы будзем працягваць і надалей. Да прыкладу, абласныя “Дажынкі” ў наступным годзе будзе прымаць Сянно і там да свята плануецца завяршыць капітальныя рамонты ў будынках мясцовага Дома культуры, дзіцячай школы мастацтваў ды бібліятэцы, а таксама ўстанавіць у гэтых установах самае сучаснае абсталяванне ды мэблю...
Таксама хачу абавязкова адзначыць, што Наваполацкая цэнтральная бібліятэчная сістэма, Бібліятэка імя Янкі Купалы Полацкага раёна і Крапівінская сельская бібліятэка Аршанскага раёна ўвайшлі сёлета ў лік пераможцаў I Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання”. Акрамя таго, варта згадаць: навучэнцы каледжаў і ўстаноў дадатковай адукацыі годна прадставілі беларускія выканальніцкую і мастацкую школы на рэспубліканскіх конкурсах і прэстыжных міжнародных форумах у Аўстрыі, Францыі, Германіі, Польшчы, Балгарыі і Расіі. Дарэчы, ажно 20 выхаванцаў дзіцячых школ мастацтваў вобласці ўключаны ў банк даных Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
У хуткім часе адкрыецца Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі, які пройдзе з 19 па 22 лістапада. Мерапрыемствы пройдуць на дзвюх пляцоўках у Віцебску, а таксама ў Мінску на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета.
А ў наступным годзе, натуральна, нашы асноўныя намаганні будуць сканцэнтраваны на падрыхтоўцы юбілейнага XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Напрыклад, дырэкцыя фестывалю на сённяшні дзень шчыруе над абнаўленнем канцэпцыі міжнароднага форуму. Рыхтуюцца да “Славянскага базару” абласныя і гарадскія службы: ужо вызначаны план добраўпарадкавання вуліц, абнаўлення фасадаў будынкаў і многае іншае… І гэта толькі пачатак вялікай працы.