“Вязі мяне, вазніца!”

№ 45 (1223) 07.11.2015 - 13.11.2015 г

Прафесія таксіста плюс шансон. Але ці беларускі ён?
Упэўнены на сто з лішкам працэнтаў, што, сядаючы ў таксі, маршрутку або міжгародні аўтобус, вы ўнутрана падрыхтаваны да таго, якую музыку ў якасці “рэлаксу” прапануе кіроўца-дзі-джэй: у дзевяці выпадках з дзясятка — шансон. Я даўно прымірыўся з тым і амаль беспамылкова пазнаю па галасах выканаўцаў хітоў кшталту “а цягнік чух-чух-чух, агні мігцелі”. (Камандзіроўкі мне тут, дарэчы, сталі істотным базісам для набыцця ведаў.) І думка пра тое, чаму падобная творчая сакральнасць характэрная менавіта для такіх відаў транспарту, наведвае адразу пасля таго, як трапляю ў салон аўто. Разабрацца ў амаль містычным складніку паездак мы і паспрабавалі, паклікаўшы экспертамі кіроўцаў таксі, а таксама папулярных артыстаў айчыннай эстрады.

/i/content/pi/cult/559/12229/14-1.jpgЗ’яўляючыся прызнаным аўтарытэтам у галіне мастацтва шансона (жартую, канешне ж!), я ўзяў на сябе смеласць скласці некамерцыйную зборку песень гэтага кірунку (як мне здаецца), але ў выкананні выключна беларускіх артыстаў. Трэк-ліст яе выглядаў так: Алег Цівуноў (“Рабыня кахання”), Сяргей Бабровіч (“Анёлы”), Уладзімір Сукалiнскi (“Як шкада”), Дзмітрый Данілін (“Гуляюць шафёры”), Таццяна Коршук (“Кветачка ружовая”), Сяргей Наско (“Пакліч мяне за сабой”), Сяргей Славянскі (“Сто дарог”), Андрэй Морган (“Два лебедзі”), Віктар Каліна (“Шарык круціцца”), Алесь Камоцкі (“Як толькi ты”), Уладзімір Ухцінскі (“Тройка”), Анатоль Длускi (“Вось і лета прайшло...”), Дзмітрый Вайцюшкевіч (“Варанок”), гурты “Цягні-Штурхай” (“Мне з табой пашанцавала”) і “Лекі ад меланхоліі” (“Асоль”). Кампіляцыю гэту (дарэчы, назва артыкула можа стаць і правобразам назвы будучай зборкі, калі хтосьці з выдаўцоў ёй зацікавіцца) мы перадалі экспертам...

Слова экспертам

Павел ХАРЫТАНОВIЧ, кіроўца таксі:

— З усяго альбома мне спадабаліся толькі дзве песні: Віктара Каліны і Дзмітрыя Даніліна. Каліна —- гэта Каліна, класік беларускага шансона, а Данілін — проста “святое”: песня “Гуляюць шафёры”... Астатняе не тое, каб значна слабейшае, але, як той казаў, не маё, не пайшло. Быццам бы тая ж стылістыка, словы і музыка не асабліва саступаюць, але справа ў гусце, мабыць. А ў цэлым такая зборачка, думаю, прыйшлася б даспадобы маім пасажырам. Калісьці я такім жанрам, можна сказаць, нават захапляўся, і ў маёй машыне ён часта гучаў. Людзі незадаволенасці не выказвалі, наадварот: прасілі паставіць што-небудзь з шансона. Чаму я выбіраў яго? Напэўна, з-за якойсьці песеннай жыццёвасці, непрыдуманасцi: нібыта ўсё вельмі проста, але душу кранае. Можа, сама атмасфера таксі, маршрутак чамусьці схіляе да праслухоўвання гэткай творчасці? А “блатняк”, дарэчы, ніколі ў пасажыраў попытам не карыстаўся: я спрабаваў пару разоў паставіць — выключна дзеля цікавасці, дык папрасілі выключыць. “Блатняка”, між іншым, наогул не так шмат у беларускім шансоне. Магчыма, у гэтым і самае галоўнае яго адрозненне ад таго ж расійскага. Але цяпер я "кручу" песні 1980 — 1990-х: на такую настальгію мяне прабіла. І зноў “адгадаў”: пасажыры з задавальненнем слухаюць.

Андрэй СЦЕПАНЮК, кіроўца таксі (а яшчэ — бубнач гурта “Нейра дзюбель”):

— Гэтак жа, як мне ў дзяцінстве хапіла дзвюх кніг, каб зразумець, што чытаць “піянерскую” літаратуру больш ніколі не буду (гэта былі “Прыгоды Тома Соера” і... “Як гартавалася сталь”), гэтак і пары песень на блатную тэматыку аказалася дастаткова, каб зразумець: абсалютна не мая музыка. З усяго так званага савецкага і постсавецкага шансона і яго адгалінаванняў цяпер магу спакойна слухаць толькі Аляксандра Новікава. Але прадстаўленне і, адпаведна, меркаванне пра гэты жанр маю. Постсавецкі шансон, масавы, сярэдняга ўзроўню і ніжэй, — форменны жах. Тычыцца гэта і песень у цэлым, і музыкі і тэкстаў паасобку. Надзвычай прымітыўных, скляпаных на хуткую руку, з мінімумам думак. Канкрэтна беларускі шансон — дакладна такі ж. Калі мне прыставіць пісталет да скроні, я назаву з пятак расійскіх выканаўцаў шансона, чыя творчасць мне не так рэжа слых, сярод беларускіх гэткіх імёнаў няма. Пацвярджэннем стаў і прапанаваны зборнік.

Толькі да трох артыстаў у мяне прэтэнзій няма: гэта Вайцюшкевіч, які ў апошні час і займаецца тым, што, напэўна, адносіцца да гарадскога раманса; Камоцкі, які наогул вядомы як бард, але яго перапеўкi савецкай класічнай эстрады а-ля шансон і на беларускай мове зроблены якасна; і Длускi — з песняй на вершы Арсенія Таркоўскага. Астатняе — як дыстыляваная вада: ні густу, ні паху, нічога не запомнілася. Як прафесіянал у музыцы, адчуваю: ёсць спробы скласці хіт, прыдумаць хук — тэкставую або музычную фразу, якая магла б зачапіць, — але “стрэлы” ляцяць міма мішэні, міма слухача. Міма мяне, прынамсі. Мастацкай каштоўнасці гэтыя песні не ўяўляюць: я такое сачыняў у восьмым класе пачкамі.

А яшчэ ў большасці песень няма хоць нейкіх нацыянальных беларускіх рысаў (хоць бы мовы): слухаецца нібы другасная фонавая кампіляцыя паводле расіян. Але менавіта такая музыка знаходзіць “попыт” у пасажыраў. Яны часам самі прасілі, каб я паставіў “што-небудзь больш простае, шансон, напрыклад”. І “разумны” шансон ім не падабаўся, прасілі знайсці яшчэ больш просты. Урэшце, перастаў у таксі круціць што-небудзь іншае, акрамя класікі рока. Але гэта я — чалавек, “змучаны” рок-н-ролам. Звычайна ж у таксі, маршрутках, міжгародніх аўтобусах гучыць татальны шансон: кіроўцы навязваюць пасажырам тое, што падабаецца ім, як раней савецкае радыё-манапаліст. Напэўна, пераважная колькасць такіх кіроўцаў — людзі цяжкага лёсу, і яны выбіраюць такую музыку, каб “не парыла мозг”. З простымі тэкстамі і мелодыямі, у якіх каханне — не важна, шчаслівае яно ці не — чысцейшае за возера Байкал, а адносіны паміж людзьмі, як у герояў твораў Дзюма — зразумелыя, бы на далоні. Мо і пасажыры ў такія хвіліны/гадзіны пераездаў таксама расслабляюцца? З іншага боку, а якія аншлагі ў канцэртных залах збірае самая жудасная папса?! Аб чым гэта кажа? Пра тое, што такая публіка начыталася ў дзяцінстве кніжак нават не пра Тома Соера (Марк Твэн — літаратура высокага кшталту), а пра штосьці залімітавана прымітыўнае. І вынік бачны ў 40 — 50 гадоў…

Павел ТАРАЙМОВІЧ, музыкант гурта “Цягні-Штурхай”:

— Перад праслухоўваннем, яшчэ не ведаючы імёнаў выканаўцаў і назвы песень, думаў, што ў выніку акажацца... сумна. На шчасце, засцярогі мае не пацвердзіліся. Моцны зборнік, які, на мой погляд, меў бы поспех у адпаведнай катэгорыі слухачоў.

Але спачатку пра мінусы. Патэнцыйна ўсе песні досыць нядрэнныя. Але! Амаль траціна іх падводзіць якасць запісу і аранжыроўкі. Шансон не абавязкова мае на ўвазе аранжыроўку, зробленую на сінтэзатары “Ямаха” ў стылі “прывітанне з 80-х”. Так, згаданы напрамак цяпер — музычны фастфуд, але і яму патрэбна прыгожая, арыгінальная “ўпакоўка”. Што да самабытнасці беларускага шансона, пра гэта цяжка казаць: уплыў нашых усходніх суседзяў у гэтым жанры каласальны, усе “фішкі” і хады даўно прыдуманыя і перадуманыя.

Пра плюсы. Яркія кампазіцыі на беларускай мове. І калі ў Камоцкага — прыгожая, але ўсё ж кавер-версія, то Вайцюшкевіч мяне здзівіў. Усё зроблена таленавіта, музычна, з лёгкай іроніяй. У гурта “Лекі ад меланхоліі” і Длускага — цікавыя песні з падобным меланхалічным настроем. Бабровіч і яго “Анёлы” таксама аднясу да найбольш удалых нумароў: заяўка на хіт. І нашу песню “Мне з табой пашанцавала” адпраўлю ў катэгорыю “хіты”. На мой погляд, трэк выйшаў нязбітым па тэксце і аранжыроўцы, напэўна, таму і тэлеканал “Шансон ТБ” адзначыў яго, запрасіўшы нас на свае фестывалі. Хоць я не ўпэўнены, што нашы песні — гэта такі ўжо стопрацэнтны шансон. Мне здаецца, сёння межы жанру пашырыліся. Калі раней да яго адносілі “турэмныя” песні і спевы эмігрантаў, то зараз любую хоць крыху не поп-песню гатовы прылічыць да шансона. Мы не супраць, калі гэта робяць з нашымі кампазіцыямі. Тым больш, свае першыя акорды на гітары мы бралі, слухаючы песні Новікава, Токарава, Шуфуцінскага, Круга.

Я таксама чуў, што шансон вельмі любяць кіроўцы пэўных відаў транспарту і дзеляцца сваёй прыхільнасцю з пасажырамі. Мне здаецца, гэта стэрэатып, не ўсё так глабальна. Ад чалавека многае залежыць, ад яго культуры, ад стаўлення да людзей у салоне: гучная музыка любога стылю можа раздражняць. Мяне шансон не напружвае, абы песня была добрая! А тых кіроўцаў, хто аддае перавагу гэтаму жанру, прыцягвае яго рамантызм. Дарога, сябры, мама, пачуцці, лёс, жыццё — класічныя тэмы жанру, распаведзеныя зразумелай мовай, у тым ліку музычнай. І часцяком — больш таленавіта, чым у поп-песнях.

Аляксандр ЦІХАНОВІЧ, народны артыст Беларусі:

— Мне спадабалася ўся зборка: класная кампіляцыя, стыль якой вытрыманы на 100 працэнтаў. Гэткае шансон-прывітанне ад выканаўцаў гэтага жанру на Белай Русі. Хтосьці з іх мне знаёмы і нават блізка (Ухцінскі, Длускi, Цівуноў, Наско), кагосьці пачуў упершыню. Вельмі парадавалі Вайцюшкевіч, Бабровіч, Камоцкі.

Што адрознівае беларускі шансон ад шансона расійскага? Натуральна, мова, калі спяваюць па-беларуску. Тэмы ж артысты скарыстоўваюць адны і тыя ж, але за кошт мілагучнасці беларускай мовы, песні гэтага кірунку ў нас менш агрэсіўныя, скажам так. У расіян жа нярэдка перахлёстваюць эмоцыі, ідзе тэкставы вал, калі ён зусім не патрэбны. Наогул, вось гэтая неагрэсіўнасць — сутнасць не толькі айчыннага песеннага поп-мастацтва, але сутнасць нашай краіны, яе народа.

Я трапляў у сітуацыі, калі таксіст уключаў што-небудзь з шансона. Я нармальна стаўлюся да любой музыкі, абы ў ёй было святло, каханне, шчырасць, надзея, што і прапануе слухачу гэты стыль. (Мо, часам, і з лішкам.) Так, гэта немудрагелістая музыка, простая вершавана і меладычна, а што яшчэ трэба чалавеку, калі ён цэлы дзень за рулём? Каб не адцягвала ад дарогі, каб не прымушала асабліва моцна задумвацца над пачутым. А ўважліва пераслухаць можна дома або на канцэрце.

Спадарожнай музыкі!

Артысты нярэдка прамаўляюць фразу пра тое, што “музыка бывае дрэннай або добрай, незалежна ад жанру, у якім напісана”. Докі ад гэтага віду мастацтва па палічках раскладуць, што ёсць у кожным творы добра і што — дрэнна. А мы... Мы ўсё гэтак жа будзем ліць слёзы над самым жудасным, на іх думку, і адпраўляць у “ігнор” шэдэўры, як яны сцвярджаюць. Калісьці паспрабаваў паглыбіцца ў феномен “Белых руж” ансамбля “Ласкавы май”, быў перакананы на той час: гады праз тры пра гэтую рэч ніхто не згадае. А сёння сэрца замірае, ледзь пачую яе пераспеў у выкананні Міхаіла Шуфуцінскага. Што ні казалі б таварышы музычныя крытыкі, факт застаецца фактам: песня гэта стала поп-класікай. Памятайце пра той феномен і вы, паважаныя чытачы, пляскаючы дзверцамі таксі або маршруткі ды ўстаўляючы берушы пад чарговы хіт з дынамікай кіроўцы.

Фота герояў матэрыяла і Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"