Адкрыцці на парозе?

№ 39 (1217) 25.09.2015 - 02.10.2015 г

29 верасня ў Мінску распачнецца V Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТэАРТ”. Ён працягвае эксперыментаваць з формамі, адкрываць новыя для нашага гледача фарматы, накшталт дакументальнага тэатра ці “site-specific”. У міжнароднай праграме прыхільнікаў Мельпамены чакаюць неардынарныя пастаноўкі з Бельгіі, Венгрыі, Германіі, Грузіі, Італіі, Латвіі, Расіі, Украіны, Швейцарыі і Японіі. Насычанай у гэтым годзе сталася беларуская праграма: 13 пастановак, палова з якіх прыедзе з рэгіёнаў. Дарэчы, упершыню ўдзел у “Belarus Open” прымуць айчынныя лялечнікі. Напярэдадні свята арганізатары фестывалю сабралі за “круглым сталом” экспертную тэатральную суполку, каб паспрабаваць разабрацца, ці ўплывае “ТэАРТ” на вобраз нашага сцэнічнага мастацтва і чаго, магчыма, не стае апошняму, каб пазіцыянаваць сябе часткай міжнароднага тэатральнага працэсу. У імпрэзе ўдзельнічала больш за два дзясяткі спікераў, таму прапаноўваем на суд чытачоў самыя дыскусійныя моманты размовы.

/i/content/pi/cult/553/12074/2-2.jpgВячаслаў ІНАЗЕМЦАЎ, кіраўнік пластычнага тэатра “ІнЖэст”:

— Чаго не стае мне, як кіраўніку недзяржаўнага калектыву? Хацелася б ураўнаваць умовы паміж дзяржаўнымі і незалежнымі тэатрамі, каб былі аднолькавыя стартавыя магчымасці. Напрыклад, я адмяніў бы сумна вядомую “гастрольку”. Я асабіста займаюся пракатам сваіх спектакляў, і гэтае гастрольнае пасведчанне бачыцца мне ў якасці прыгоннага права. Усе яго адмянілі, а мы яшчэ з ім жывем і нармальна сябе адчуваем…

Даўно ідзе гаворка пра тое, што ў сучаснага тэатра павінен быць уласны дом. Тое, што робіць “Арт Карпарэйшн”, — цудоўна, але той Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў па факце з’яўляецца проста офісам… Паглядзіце, у Маскве існуе эксперыментальны Цэнтр імя Мейерхольда. У Вроцлаве яшчэ ў 1960-х Ежы Гратоўскаму аддалі маленькі, але асобны будынак у цэнтры горада. Той тэатр-лабараторыя існуе да гэтага часу. Прыкладаў можна прыводзіць безліч! Мінску неабходна збудаванне з сучаснымі арганізацыйнымі і тэхнічнымі магчымасцямі, куды будзе прыходзіць творчая моладзь.

Анжаліка КРАШЭЎСКАЯ, дырэктар Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “Арт Карпарэйшн”:

— Мы сапраўды залежныя ад гастрольнага пасведчання. Прынамсі, у межах форуму “ТэАРТ” былі створаны “Patris”, “Караткачасовая”, “Сумны хакеіст”, але часам гарадскія ўлады не ўзгадняюць нам “гастрольку”, тым самым не дазваляючы паказваць свае спектаклі аўдыторыі… Мы не атрымоўваем датацый ад дзяржавы, тое зразумела.

Мы хочам падняць вось якое пытанне. Краіна ведае, колькі ў нас дзяржаўных тэатраў, канцэртных арганізацый і гэтак далей. Але ніхто не збіраў статыстыку, колькі ў Беларусі таленавітых рэжысёраў, якія б’юцца, не падаюць духам і дзесяцігоддзямі ствараюць спектаклі высокай мастацкай якасці… Людзі не ведаюць, у якія дзверы ісці са сваім праектам. Афіцыйных пляцовак для іх няма.

Мы разумеем, што дзяржаўным тэатрам таксама несалодка, бо яны павінны выканаць свае планы: фінансавыя, запаўняльнасці залы і гэтак далей. Уклініцца ў іх расклад цяжка. Ды не кожны адважыцца пусціць на сваю сцэну нефарматную праграму. Штогод у “ТэАРТа” ўзнікаюць такія пытанні, таму, як бачна па нашай афішы, мы рухаемся ў бок палацаў культуры. З нерэпертуарнымі ўстановамі лягчэй знайсці свабодны вечар для паказу нестандартнай пастаноўкі. Пра людзей, якія займаюцца ў Беларусі эксперыментальнай творчасцю, ведае толькі вузкае кола прыхільнікаў. На жаль, мы існуем кожны ў сваім вакууме…

Аляксей ЛЯЛЯЎСКІ, галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек:

— Ці ёсць вялікі сэнс мець буйную суму грошай? Я прызвычаіўся: што маем — ад таго і пляшам. Няма грошай на касцюміраваныя пастаноўкі, не можаш пабудаваць самалёт на сцэне — дык пастаў іншы спектакль! Што, ад гэтага змест п’есы зменіцца? Ці якасць? У першую чаргу патрэбна займацца творчасцю. Відовішчныя, візуальныя рэчы неабходны, але нельга ўсіх заганяць у адзін бок.

Акрэсленасць думак — вось галоўны крытэрый, з якім павінен прыйсці да мяне рэжысёр, каб тэатр лялек даў яму магчымасць паставіць твор на нашай сцэне. Колькі разоў чуў: “Я наогул хачу ў вас паставіць”. І я бачу, чалавек у прынцыпе не разумее, што такое тэатр, ён хоча прыўнесці клішэ, тое, што яшчэ дваццаць аматараў могуць зрабіць. А мне патрэбна, каб ясна было выкладзена, тады гэта будзе зразумела і гледачу. Добры прыклад — Яўген Карняг. Ён прыйшоў да мяне, акрэсліў, пра што будзе пастаноўка. І я, нават не чытаўшы яшчэ літаратурны матэрыял, пагадзіўся.

Таццяна АРЛОВА, тэатральны крытык:

— Давайце пагаворым пра беларускі тэатр у цэлым. Паглядзіце, ёсць у нас стабільныя фестывалі ў Магілёве і Брэсце. Хоць яны называюцца міжнароднымі, але фактычна знаходзяцца на рэгіянальным узроўні. Калі нешта шыкоўнае адбывалася на іх, нават самыя цікавыя праекты, на жаль, так там і засталіся. А вялікае тэатральнае згуртаванне, якое пануе ў Мінску, не ведае пра абласныя дасягненні, бо ў большасці людзі не маюць магчымасці туды выбрацца. Дзякуючы “ТэАРТу” пяты год сталічныя тэатралы фактычна заўсёды прабіваюцца на фестывальныя пастаноўкі, глядзяць. Нам трэба ведаць, што робіцца ў свеце, інакш мы будзем варыцца ў сваім саку.

Мне падаецца, што дадзены форум дакладна прасунуў беларускі тэатр, менавіта тых людзей і тыя творы, якія афіцыйна ў нас непрызнаныя. Вось існуе ў краіне моцны масіў дзяржаўнага рэпертуарнага тэатра. Фактычна зачыненая сістэма, якая не пускае ў свае сцены нешта неправеранае. А разам з тым побач не адзін год развіваецца іншы тэатр, які безумоўна рухаецца наперад, і мы бачым яго парасткі менавіта ў беларускай праграме “ТэАРТа”.

Ужо 35 гадоў працуе яркі “ІнЖэст”, узнік тэатр Аляксандра Марчанкі — з’ява даклана цікавая, з вялікімі перспектывамі. У нас ёсць Яўген Карняг, Таццяна Траяновіч са сваёй камандай. Мы маем з’явы, спектаклі, людзей, якіх нясорамна паказваць, іх трэба прасоўваць, рэкламаваць. Дайце ім мястэчка, дзе можна працаваць! Чаму, каб рэалізавацца, ім неабходна ехаць у Польшчу ці далей?

Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ, тэатральны крытык:

— Чым больш фестываляў, тым лепш. Звярнуся да праграмы “Belarus Open”. Якія тэатры туды былі ўключаны? З Магілёва і Брэста — адтуль, дзе існуюць аўтарытэтныя буйныя міжнародныя фестывалі, дзе публіка шмат бачыла, якой ёсць з чым параўноўваць. У такіх тэатральных гарадах відавочна зусім іншы ўзровень грамадства.

Зрэшты, напрыканцы мінулага года на партале “Тэатральная Беларусь” мы з Аляксеем Стрэльнікавым падвялі вынікі сярод крытыкаў і журналістаў. 26 экспертаў назвалі лепшыя пастаўноўкі 2014 года. Што цікава, першае месца адмысловага рэйтынгу падзялілі спектаклі “Мабыць?” Аляксандра Марчанкі і “Чайка” Аскара Каршуноваса, які быў прэзентаваны нашай публіцы ў межах “ТэАРТа”. Паказальны прыклад, што значыць гэты форум для айчыннай экспертнай суполкі!

Вікторыя КУКСЯНКОВА, кансультант адзела прафесійнага мастацтва ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі:

— Шмат сёння прагучала прапаноў падвесці да адной роўніцы ў плане грашовай падтрымкі дзяржаўныя і прыватныя калектывы. Так, дзяржаўныя тэатры атрымоўваюць гарантаванае фінансаванне (магчыма, не заўсёды такое, як ім хочацца). Але пры гэтым усім у кожнага ёсць план, які яны павінны забяспечыць. Дзяржаўная тэатральна-відовішная арганізацыя павінна на сталай аснове забяспечваць сацыяльна-культурныя функцыі ў адпаведнасці з заканадаўствам: даваць не менш за 280 спектакляў на год. За вылікам выхадных, дзяржаўных свят, працоўных адпачынкаў і дзён, якія прадугледжаны па законе на выпуск новых пастановак, атрымліваецца, што тэатр працуе кожны дзень. Упэўнена, ніводны незалежны тэатр не захоча выконваць такі план.

Віктар БАБАРЫКА, старшыня праўлення ААТ “Белгазпрамбанк”:

— Мы ўжо даўно падтрымліваем айчынную тэатральную плынь: як памятаеце, да сёлетняга форуму ў Мінску дзейнічалі “Панарама” і “Тэатральныя тыдні з “Белгазпрамбанкам”. Я бачу, што дзякуючы гэтым праектам, змяняецца публіка. Але мы не ставілі сабе за мэту быць запатрабаванымі толькі гледачом. Таму прыемна было пачуць на гэтым “круглым стале”, што “ТэАРТ” дае штуршок развіццю беларускага тэатра.

Надышоў час для наступнага кроку: неабходна дамагчыся таго, каб айчынным творцам хацелася патрапіць у праграму “Belarus Open”. Чаму мы не можам зрабіць спецыяльныя мерапрыемствы на працягу года, якія давалі б магчымасць адбору нацыянальных пастановак? І пытанне тут не ў фінансаванні. Давайце паглядзім, хто будзе ацэньваць гэтыя прадстаўленні. Мне вельмі не хочацца, каб адбор праводзіўся вузкай групай. Прынамсі, у другім праекце нашага банка “Арт-Беларусь” створана міжнароднае журы. Тут таксама наспела неабходнасць арганізаваць конкурс, падчас якога суддзі з розных краін свету адабралі б лепшых для нашага фестывалю.

Пасля ўсяго пачутага, у мяне нарадзілася яшчэ адна прапанова. Як бачым, з’явілася патрэбна ў доме для развіцця “ТэАРТа” ў прыватнасці і тэатральнага руху Беларусі ў цэлым. Мы ўсе выступаем за дзяржаўна-прыватнае партнёрства. Я прапаную Міністэрству культуры ацаніць тое, што ёсць у нас, наш бюджэт, і прадаставіць будынак хаця б у траціну той вартасці, якую мы ўкладваем у развіццё гэтых праектаў. Калі ў яго няма такога будынку, магчыма, яно зможа выйсці з ініцыятывай. Я раблю публічную аферту: калі нам прапануюць за разумныя грошы будынак у цэнтры горада плошчай тысячы чатыры квадратных метраў, мы зробім у ім рамонт, выставім калекцыю жывапісу і адкрыем прафесійна абсталяваную пляцоўку для эксперыментальных калектываў.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"