Вячаслаў НІКІФАРАЎ, кінарэжысёр:
— Пакаленне шасцідзясятнікаў прыйшло ў кіно на хвалі змен. ХХ з’езд КПСС паклаў канец сталінскаму часу, і гэта дазволіла многім маладым хлопцам прыйсці ў кіно, заявіць пра сябе. На жаль, падобнага ўлівання “новай крыві” ў беларускае кіно станаўленне незалежнай дзяржавы не спарадзіла, а тое, чым быў слаўны “Беларусьфільм”, паступова сыходзіць. Да ўсяго, на студыі адбываецца рамонт, што не можа не ўплываць на актуальны стан спраў. Сёння, на жаль, чамусьці складваецца сітуацыя, калі, кінамастацтва не надта ўдзельнічае ў жыцці краіны. Яно не становіцца сродкам размовы пра нашу гісторыю, сучаснасць. Прычыны? Іх — мноства.
Вельмі заўважна, што “правісае” сцэнарная сфера. Не ўмеюць у нас сёння адбіраць сцэнарныя творы, працаваць з маладымі аўтарамі. Чаму так адбылося? Баюся, што выразнай творчай палітыкі не існуе. А павінны ж быць выпрацаваны арыенціры, куды рушым. Словам, планы, якія існуюць, неабходна ўдасканальваць, своечасова карэктаваць, шырока абмяркоўваць.
У цэлым, сітуацыя даволі дзіўная: ёсць цудоўная культура, якая дае плён, а кіно, пра якое марым, — няма... Магчыма, мы проста яго як след не захацелі? У мяне напрошваецца толькі такая выснова.
Калі правесці паралелі з кіно расійскім (апошнія гады я даволі працяглы час працаваў на яго карысць), пры тым, што маштабы ў нашых краін і, адпаведна, бюджэты, у тым ліку на вытворчасць мастацкіх фільмаў, не супастаўляльныя, у суседзяў усё ж такі матэрыял здымаецца ў вялікіх аб’ёмах. Вялізны пласт тэлевізійнага кіно, мастацкае… Так, там ёсць свае праблемы, тая ж кланавасць, але гэта, у тым ліку, ад лішку таго, што маюць. Формула ж добрага кіно, мяркую, вядомая ўсім. Каб атрымалася пяць годных карцін, трэба здымаць у тры разы больш. Хочаце атрымаць пяць стужак — робім пятнаццаць, хочам пятнаццаць — здымаем сорак пяць. Расія следуе такому правілу, і назіраецца пэўная выбарка якасных фільмаў. А колькі стужак запускаецца на “Беларусьфільме”? Так, усё па магчымасцях, але…
Дэфармаваны сам працэс кінавытворчасці. У гэтым бачыцца мне галоўная загана. А трэба ж захапляцца кінематографам, шукаць магчымасці, стымуляваць ініцыятыву! Вось зараз Юрый Ігруша праводзіў пітчынг: і пры ўсім тым, што вялікіх адкрыццяў у яго рамках не адбылося, трэба развіваць гэты кірунак. Шукаць людзей, ідэі. Разумеце: калі ёсць што сказаць, ёсць і што ажыццявіць. Трэба заручацца гэтымі ідэямі — ад кожнага з нас. Трэба проста станавіцца краінай, якая думае пра кіно. Тады і вынік будзе навідавоку.
Анатоль КРАСІНСКІ, кінакрытык:
— Цікава, што сёння час ёсць, а людзей, якія стваралі б новы кінематограф Беларусі, няма. Дзе яны, сучасныя таленавітыя рэжысёры? Сцэнарысты? Вось была ў нас пляяда моцных рэжысёраў у савецкім кіно: Віктар Тураў, Уладзімір Бычкоў, Міхаіл Пташук, Ігар Дабралюбаў… Яны сышлі, і хто прыйшоў ім на змену? Магчыма, час іншы, і ён патрабуе новых падыходаў, новых стратэгій стварэння кіно, але нікога на гарызонце новага беларускага кіно не бачу.
Добра, складана з рэжысёрамі, але дзе ж сцэнарысты? Усім вядома, што аснова добрага кіно — годны сцэнарый. Давайце ўгледзімся: ці ёсць у нас сёння добрыя літаратары, пісьменнікі, якія пішуць пра сучаснасць? Магчыма, у сучаснай беларускай літаратуры я не моцна дасведчаны, але ёсць класіка! Чаму за яе ніхто бярэцца? Чаму няма рэальных спроб экранізаваць слынныя творы нашых пісьменнікаў? Гэта для мяне дзіўна.
Сёння куды больш, чым раней крыўдзяцца, калі пачынаеш крытыкаваць. Але ж мы крыткуем не з асабістых прадузятасцей, не з нейкай карыслівасці, а таму што ўзровень слабы. Так, вы кажаце пра сіндром “Там і тады”. Маўляў, вось, калі мы былі маладымі, было лепш. Але беларускі савецкі кінематограф запаліў столькі імёнаў твоцаў, стварыў сапраўдную школу, задаў, падаецца, недасяжны узровень, захаваў базу…
Ды нават такі прыклад: вось зараз мы з вамі размаўляем побач з Касцёлам святых Сымона і Алены: вы ведаеце, што ў ім раней размяшчаўся Дом кіно Саюза кінематаграфістаў БССР. І, мяркую, менавіта дзякуючы ўплыву кінематаграфістаў, будынак удалося захаваць. Нават у гэтым выяўляецца спадчына савецкага кіно: некаторыя знакавыя будынкі Мінска захаваныя, дзякуючы апецы кінематаграфістаў.
Што сёння з беларускім кіно? Прызнаюся, настроены скептычна.
Ізольда КАВЕЛАШВІЛІ, рэдактар, сцэнарыст:
— Мне хацелася б звярнуць увагу на людзей, якія належаць да перыяду савецкага кінематографа. Шкада, што мала для іх робіцца... Вось Музей гісторыі беларускага кіно часам нас прытуляе, адбылася сустрэча да Дня савецкага кіно. Але ці часта тыя людзі адчуваюць увагу? А між тым, менавіта яны захавалі наш кінематограф. Захавалі нават тыя будынкі, якія сёння ўжо змянілі свае прызначэнне: той же кінатэатр “Вільнюс”, які зараз — Палац барацьбы. Знакавыя фільмы, створаныя менавіта тымі прафесіяналамі, да гэтай пары карыстаюцца попытам і ідуць на тэлеэкранах усяго былога Савецкага Саюза. А дзе ў гэты час іх стваральнікі? Гэта пытанне, якое патрабуе ўвагі і вырашэння.
Віктар КАВАЛЬЧУК, паэт, рэжысёр:
— Я шмат гадоў працаваў на кінастудыі другім рэжысёрам. На стужках Вячаслава Нікіфарава, Валерыя Рубінчыка, Юрыя Марухіна, пяць гадоў на карцінах Міхаіла Пташука... Прыгадваю тыя гады як час вялікай працы. Што такое другі рэжысёр? Гэта вялікая адказнасць за ўвесь здымачны працэс: каб усё працавала, усё і ўсе былі на сваіх месцах, каб сталіся зацверджанымі эпізоды... Гэта 12-15 гадзін працы запар пры маленькай зарплаце. І прызнацца, пры тым, што ўсё жыццё кіно было маёй радасцю і асалодай, я ад яго моцна стаміўся. Яно забрала ўсё мае сілы. І нават з улікам таго, што я яго па-ранейшаму люблю, ад гэтага працэсу адышоў. Зараз пішу вершы, і яны карыстаюцца попытам у эстрадных выканаўцаў — у таго ж Анатоля Ярмоленкі і ансамбля “Сябры”. Карацей, знайшоў сябе ў паэтычнай творчасці.
Савецкі кінематограф лічу выбітнай з’явай. І беларускія савецкія карціны былі моцныя і трывалыя, скажам так. Але сёння ў кіно незалежнай Беларусі нам ганарыцца пакуль асабліва няма чым, будзем шчырымі. Чаму так? Разважаючы над тым, лічу, што ў сучасным кіно няма ідэалагічнага стрыжня. Ідэалогіі як сістэмы каштоўнасцей, якая раскрывала б светапогляд сучаснага чалавека. Мне падаецца, што ў нас усё больш працуе сістэма “прышлых людзей”: хтосьці прыйшоў, зрабіў і сышоў. А такім чынам нічога прыстойнага не здымеш...
Барыс ПАПОЎ, кінаінжынер:
— Мяркую, беларускае кіно на дадзеным этапе ўсё ніяк не знойдзе сваёй дарогі. Але яно шукае свой шлях. І спадзяюся, што намацае яго.
Алла БАБКОВА, кінакрытык:
— Мне падаецца, што тая літаратурная аснова, пра якую казаў Анатоль Красінскі, у сучаснай беларускай літаратуры ўсё ж такі ёсць. Артур Клінаў, Альгерд Бахарэвіч… Да гэтых імёнаў варта прыгледзецца. Не варта забывацца на Вадзіма Качана, Алену Калюнову, сцэнарыстаў, здольных напісаць добры твор. Акрамя таго, беларуская дакументалістыка незалежнай Беларусі, як і анімацыя, дэманструе якасны і высокі ўзровень. Таму на ўсім сучасным айчынным кінематографе “ставіць крыж” усё ж не варта.
Фота Дар'і КАЛЯДА, Юрыя ІВАНОВА і з архіва "К"