Чаму я так лічу? Пагадзіцеся, ва ўсе часы былі людзі, якія любілі чытаць, і тыя, якія не вельмі ахвотна бралі ў рукі кнігі. І гэта не залежыць ад часу: так ёсць сёння, так было і 10, і 50 гадоў таму, так будзе і ў будучым. Галоўная ж функцыя бібліятэкараў застаецца нязменнай: прыцягнуць чытачоў у абласныя, раённыя, сельскія “кніжніцы”, зацікавіць іх творамі як айчынных, так і замежных пісьменнікаў, прывіць ім любоў да чытання… А на якіх носьбітах будзе тое чытанне — на традыцыйна папяровых ці электронных — тое зусім не важна.
Да таго ж, зыходзячы з апошніх дадзеных па нашай установе культуры, магу адзначыць, што сёння ў нас назіраецца рост наведвальнасці: бацькі прыводзяць у бібліятэку дзяцей, бяруць для іх кнігі ды самі актыўна чытаюць. Усё гэта адбываецца таму, што сёння наша кніжніца — вельмі цікавае, бяспечнае месца для дзяцей розных узростаў, там ладзіцца шмат мерапрыемстваў, адбываюцца сустрэчы з пісьменнікамі, выстаўкі і многае іншае… Да таго ж адзначу, што мы ладзім не толькі буйныя масавыя акцыі, а і імкнёмся зацікавіць кожнага нашага чытача, шукаем да яго асабісты падыход… І калі мамы і таты бачаць ўсё гэта на свае вочы, дык пачынаюць самі заахвочваць сваіх дзетак да таго, каб яны актыўна завітвалі да нас…
Сёлета, наведаўшы Беларусь і пабываўшы на міжнароднай канферэнцыі “Чытанне і дзеці”, я пераканалася ў тым, што беларускім і расійскім бібліятэкарам варта сустракацца, абменьвацца вопытам, ладзіць сумесныя мерапрыемствы… Таксама мяне зацікавіла інфармацыя пра тое, як фінансуюцца беларускія бібліятэкі. Гэта, натуральна, сродкі бюджэту, а таксама грошы ўстановы культуры, заробленыя на аказанні платных паслуг… У нас жа ўсё іначай: мы атрымліваем сродкі з трох крыніц. Гэта, па-першае, бюджэтнае фінансаванне ад Міністэрства культуры Калінінградскай вобласці. Па-другое, гэта грошы, выдаткаваныя па праграме “Развіццё культуры Калінінградскай вобласці”. Згодна з палажэннямі названай праграмы мы падаём заяўкі на правядзенне розных мерапрыемстваў, і тады нам аказваецца фінансавая падтрымка. Да слова, летась на адну маштабную акцыю нам выдаткоўвалі 500, а сёлета ўжо і 800 тысяч расійскіх рублёў.
Таксама ў Міністэрстве культуры Калінінградскай вобласці прадугледжана дадатковая грантавая падтрымка тых або іншых нашых імпрэз. Але для гэтага трэба напісаць ды абгрунтаваць пэўны праект, а пасля і прэзентаваць яго спецыяльнай камісіі. Прычым, гэты праект пасля могуць ухваліць, а часам і адхіліць — гледзячы на яго актуальнасць і значнасць для горада і вобласці.
І, нарэшце, мы маем асабістыя сродкі, праўда, не надта вялікія. Гэта, як і ў Беларусі, грошы, заробленыя ад аказання платных паслуг, а таксама штрафы за тое, што той або іншы чытач не своечасова вяртае кнігу ці часопіс… Сума, канечне, выходзіць даволі малая, але названая штрафная сістэма, як я лічу, цалкам сябе апраўдвае: гэта дысцыплінуе нашых чытачоў.
Ёсць і іншыя спосабы заробку. Напрыклад, сёлета мы заключылі дамову з Калінінградскай абласной навуковай бібліятэкай і ў рамках усерасійскай акцыі “Бібліяноч” ладзілі у сценах гэтай установы на платнай аснове свае мерапрыемствы. Акрамя таго, у лютым мы атрымалі ганаровую грамату абласной Думы Калінінградскай вобласці. Гэтая ўзнагарода таксама мела і грашовы складнік — прыкладна 20 тысяч расійскіх рублёў. Агулам сума пазабюджэтных сродкаў, якія атрымлівае наша бібліятэка, складае прыкладна 150-200 тысяч расійскіх рублёў на год, што, безумоўна, дазваляе нам ладзіць шмат цікавых бібліятэчных акцый і вельмі спрыяе нашай дзейнасці.