НявыЗНАЧаНАЯ прафесія

№ 31 (1209) 01.08.2015 - 07.08.2015 г

Прафесія: загліт
Некалі, рыхтуючыся да свайго першага працоўнага дня на пасадзе загадчыка літаратурнай часткі Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, адкрыла кнігу МХАТаўскага “калегі” Паўла Маркава і не змагла стрымаць усмешкі. Вельмі трапна напісана: “Наўрад ці сярод тэатральных прафесій можна знайсці больш нявызначаную і няўдзячную, чым загадчык літчасткі. Ці сакратаром дырэкцыі ён павінен быць, выпісваць кантрамаркі неабходным тэатру людзям, адказваць на ўсялякія лісты, ці даваць інфармацыю ў газеты — у большасці выпадкаў яго абавязкі не маюць пэўных рамак. Яны могуць быць пашыраны да неабдымных памераў ці, наадварот, зведзены да мінімуму, не адпавядаючага самому яго найменню”. У новым стагоддзі тая нявызначанасць не толькі практычна не змянілася, але і згуляла злы жарт: некаторыя тэатры пачалі адмаўляцца ад літчасткі як “неадпавядаючай патрабаванням часу”... Дык ці патрэбен сучаснаму сцэнічнаму мастацтву той “незразумелы” супрацоўнік?

Што за звер такі?

Са свайго вопыту магу сказаць: сапраўды, вельмі цяжка патлумачыць нетэатральнай публіцы, што ж за прафесія была запісана ў тыя гады ў маёй працоўнай кніжцы. У класічнай трактоўцы пасада загадчыка літаратурнай часткі мае дзве асноўныя задачы: фарміраванне рэпертуару і адбор п’ес. Канешне, на справе сфера дзейнасці куды шырэйшая і ў значнай ступені залежыць ад таго, чаго патрабуюць канкрэтны тэатр, пэўны рэжысёр. Часцей за ўсё даводзіцца наладжваць творчыя сувязі з драматургамі, выступаць у ролі архіварыуса: весці картатэку п’ес унутрытэатральнай бібліятэкі, захоўваць архіўныя дакументы, адсочваць і збіраць у медыя надрукаванае пра сучасную дзейнасць калектыву.

Асобным радком ідзе ўласна рэдактарская дзейнасць: буклеты, анатацыі да спектакляў, лібрэта і іншае. Вось і галоўны рэжысёр Гродзенскага абласнога тэатра лялек Алег Жугжда лічыць, што літчасткі павінны быць у першую чаргу для таго, каб “неабходныя дакументы былі састаўлены правільна. Зараз у краіне з пісьменнасцю праблема. Пісьменна скласці афішы, праграмку сёння становіцца вельмі складана. Я ўжо не кажу пра афіцыйныя дакументы, якія неабходна па некалькі разоў вычытваць і ўдакладняць”.

Так, дакументацыі на долю загадчыка літчасткі выпадае шмат. Акрамя вышэй названага неабходна рыхтаваць райдэры для фестываляў, суправаджальныя лісты ў музеі, весці афіцыйную перапіску з запрошанымі рэжысёрамі і драматургамі і гэтак далей. У апошні час яму на водкуп аддаецца рэдагаванне афіцыйнага сайта тэатра. Да ўсяго, загадчыку неабходны пэўныя юрыдычныя веды, бо часцей за ўсё менавіта ён адказвае за ахову інтэлектуальнай уласнасці, складанне дагавораў па аўтарскім праве. У буйных калектывах ёсць магчымасць кожны кавалак працы даць пэўнаму работніку. Прынамсі, у Купалаўскім тэатры ёсць асобны спецыяліст па аўтарскім праве, рэдактар, захавальнік архіва і ўласна загадчык літчасткі. Тэатрам з невялікім штатам пра такое — толькі марыць...

ТЮГ = тэатр лялек?

І, канешне, ільвіная частка працы накіравана на стасункі з медыя. Радыйшчыкі, тэлевізіёншчыкі, прадстаўнікі прэсы і інтэрнэт-парталаў будуць у тэатры нярэдкімі гасцямі, калі загадчык літчасткі сам валодае журналісцкімі навыкамі і ўмее добра арганізаваць прэс-канферэнцыю ці “круглы стол”. Каб прэм’ера ці юбілей не сталі ўласна тэатральным міжсабойчыкам, ён павінен ведаць кантакты тых, хто займаецца навінамі культуры ў сваіх аддзелах. Аб гэтым расказваў мне рэжысёр-пастаноўшчык Палескага драматычнага тэатра Павел Марыніч: “Выйшаў новы спектакль — неабходна запрасіць тэлебачанне, газеты, крытыкаў. У нашым тэатры гэта работа добра наладжана загадчыкам літчасткі Наталляй Базан, таму і мясцовая прэса заўсёды бывае ў нас на прэм’ерах”.

На жаль, асаблівасцямі тых стасункаў для загадчыка становяцца не толькі запрашэнні, але і неабходнасць часцяком адсочваць тое, што потым паведамляецца. Чаго толькі вартая памылка тэлевізіёншчыкаў, што набыла аскоміну, калі ў бягучым радку навін яны паведамляюць, што падзеі тэатра лялек адбываюцца ў... ТЮГу?! Відаць, для кагосьці ў рэдакцыі гэтыя назвы з’яўляюцца сінонімамі...

Вельмі эмацыйна аб праблеме татальнай непісьменнасці гаварыў мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Валерый Анісенка: “Гэта як сучасныя ўсялякія смайлікі ў інтэрнэт-перапісцы — імі спрабуюць падмяніць граматычна-правільную мову, нават культуру. Даходзім да таго, што на любым тэле- і радыёканале непісьменны тэкст лічыцца нормай! У гэтым плане загадчык літчасткі становіцца сёння па-сапраўднаму рэвалюцыйнай пасадай. Я кажу свайму Алесю Замкоўскаму: “За ўсё, што друкуецца, што ідзе ў СМІ, адказваеш ты, братка. І тут у цябе бясконцыя паўнамоцтвы”.

На ростанях вызначэння

Усё сказанае вышэй — неабходнае суправаджэнне, тэхнічны бок, але не ён складае стрыжань прафесіі. Тых, хто вырашае, быць альбо не быць літчастцы ў сучасным тэатры, хутчэй цікавіць празаічнае: куды аднесці тую пасаду — да адміністрацыйнага рэсурсу ці ўсё ж той загадчык з’яўляецца неабходнай часткай творчага працэсу тэатра?

Напрыклад, Паўлу Марынічу гэтая пасада падаецца больш адміністрацыйнай. “Я самастойна займаюся выбарам матэрыялу. У час Інтэрнэта пошук п’ес, раздрукоўка яе электроннага варыянта не з’яўляецца праблемай. Часта драматургі дасылаюць творы самі. Я ўсё вычытваю, выбіраю тое, што мне падабаецца”. З загадчыкам літчасткі ён супрацоўнічае хутчэй у тэхнічных момантах. Напрыклад, зараз тэатр хоча паставіць спектакль для школьнікаў, і загадчыка літчасткі папрасілі скласці спіс твораў, што ўваходзяць у сучасную адукацыйную праграму.

Такі падыход уласцівы тэатральнай моладзі, але ці не занадта ён завужаны? Валерый Анісенка ўпэўнены, што ў першую чаргу неабходна разумець сутнасць разглядаемай прафесіі: “Трэба ведаць, з чаго ўсё пачалося. Між іншым, нават Міхаіл Булгакаў быў загадчыкам літчасткі ў МХАТ, легендарны Павел Маркаў і многія іншыя. У нашым Купалаўскім тэатры быў Юрка Гаўрук, які шыкоўна ведаў еўрапейскія мовы. Загадчык літчасткі — гэта іншы ўзровень культуры. Ён павінен быць адукаваным, валодаць мовамі, ведаць сучасны тэатр, яго тэндэнцыі, шмат чаго іншага. Яму неабходна ездзіць, бываць на фестывалях, бачыць! Іншая справа, што не заўсёды чалавек адпавядае...”

Можа ў апошнім і заключаны корань непаразумення? Як і ў любой прафесіі, тут хапае выпадковых людзей. Такія работнікі не разумеюць, куды яны трапілі і што ўвогуле ад іх патрабуецца. Магчыма таму некаторыя рэжысёры махнулі рукой і вырашылі спраўляцца самастойна...

Валерый Данілавіч працягвае запэўніваць: “Я прылюдна не перестаю паўтараць: загадчык літчасткі не павінен запытваць, ці можна яму прысутнічаць на рэпетыцыі. Менавіта ён адказвае за ўсё, што гаворыцца і пішацца ў сценах тэатра, таму ён абавязаны хадзіць на рэпетыцыі, слухаць, адзначаць, рабіць заўвагі, што ўваходзяць у яго сферу дзейнасці, выпраўляць хібы ў маўленні. Інакш пасля ўжо будзе позна... Па маім разуменні загадчык літчасткі стаіць на варце мастацкасці, культуры”.

Не існуе, але... знайсці

Загадчыку літчасткі неабходна глыбока ведаць гісторыю сцэнічнага мастацтва і добра арыентавацца ў сучасных тэатральных тэндэнцыях, драматургічных навінках. Тады ён зойме пазіцыю творчага памочніка рэжысёра і ў гэтым сааўтарстве можа нарадзіцца сапраўдная сенсацыя. Адзін з яскравых прыкладаў — “падсунутая” Алегу Жугжду, які ў тыя часы ўзначальваў Гродзенскі абласны драматычны тэатр, п’еса тады яшчэ невядомага Андрэя Курэйчыка. “І я паставіў “П’емонцкага звера”. Між іншым, куды раней, чым яе паставілі ў Маскве. Вось гэта было цалкам дакладнае выкананне абавязкаў загадчыка літчасткі! Дык вось якая штука: у штатным раскладзе нашага тэатра лялек такой пасады няма, прысутнічае толькі літаратурны рэдактар. Я вось ужо шмат гадоў б’юся, каб у нас з’явіўся чалавек, які будзе займацца драматургічным матэрыялам”.

Цікава атрымоўваецца: адны пазбаўляюцца, іншыя — шукаюць... У чым жа загадкавасць гэтага патрэбнага і ў той жа час дастаткова непрыкметнага служкі Мельпамены? Магчыма, справа ў тым, што гэтай вельмі рэдкай прафесіі нідзе адмыслова не вучаць. На пасаду ідуць мастацтвазнаўцы, журналісты, акцёры, драматургі, крытыкі. І тут усё залежыць ад асабістых уласцівасцей чалавека. Тэатр рызыкуе, калі робіць выбар на карысць таго ці іншага кандыдата. Бывае, не шчасціць...

А некаторым шанцуе. Сярод іх — галоўны рэжысёр Магілёўскага драматычнага тэатра Саўлюс Варнас: “У мяне былі вельмі важныя людзі. Адзін з іх — літоўскі паэт Томас Венцлава — нават быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію. Упэўнены, што па мастацкай галіне загадчык літчасткі — другі пасля рэжысёра чалавек, які фарміруе ўсё. Ён становіцца і мостам паміж тэатрам і гледачом. Сённяшняе сцэнічнае мастацтва нашмат складаней па мове: аўдыторыі часта трэба тлумачыць сучасны тэатр. Публіку неабходна выхоўваць, рыхтаваць да новага, праводзіць сустрэчы".

Варнас пагаджаецца, што час патрабуе карэктуры і зменаў, аднак упэўнены, што асноўная, асветніцкая, функцыя літчасткі застаецца нязменнай: “Ніхто, верагодна, не паспрачаецца, што тэатральны калектыў павінен быць адукаваным, пастаянна развівацца. І літчастка бачыцца мне своеасаблівым рухавіком унутры калектыву, яна сочыць, куды рухаецца тэатральнае мысленне, знаёміць рэжысёра з новай мовай і драматургіяй”.

Дарэчы, у Магілёве доўгі час гэтая пасада была вакантнай. Але да пошукаў “свайго” чалавека Саўлюс Варнас падышоў звыш адказна: “У мяне шмат крытэрыяў да кандыдата: я раблю пэўны тэст, гляджу, якая прырода, што скончыў, што чытае, наколькі ён цікавіцца тэатрам. Тэст не з’яўляецца канчатковым вынікам, але ён мне пацвярджае альбо не тое, што я бачу.”

У выніку з першага верасня ў магілёўскай драме ў літаратурна-драматургічнай частцы пачнуць працаваць два чалавекі. І паступова навічкам тут будуць даваць заданні, ствараць умовы, каб яны змаглі праявіць сябе. Існуе нават задума, калі знойдзецца адпаведнае фінансаванне, выправіць іх на стажыроўку хоць на два тыдні ў Маскву ці Санкт-Пецярбург...

Атрымоўваецца, каб загадчык літаратурнай часткі стаў дадатковым фарміруючым ядром творчага самавызначэння тэатра, нярэдка на першых кроках самому тэатру неабходна яго выхаваць. Так, праца патрабуе высілкаў, але, упэўнена, станоўчы вынік не прымусіць сябе доўга чакаць.

Падчас размоў з рэжысёрамі мяне не пакідала адчуванне, што прафесія, якую мы абмяркоўвалі, падобная нечым на здань: работнік існуе і шмат чаго ад яго патрабуецца, аднак пра загадчыка літчасткі мала гавораць і яшчэ менш чуюць у шырокіх колах грамадства. Як слушна было зазначана ў кнізе Маркава, з якой я пачала: “Калі рэжысёр ставіць п’есу — гэта рэжысёр ставіць п’есу, калі акцёр адыграў ролю — гэта акцёр адыграў ролю, але калі штосьці зрабіў загадчык літчасткі, дык яго, так бы мовіць, “заваёвы” патонуць у агульнай калектыўнай дзейнасці тэатра”.

Так, прафесія не самая гучная, але важная. Літчастка з’яўляецца неабходным творчым звяном у дзейнасці тэатра. Пазбавіўшыся яе, можна пахіснуць добра выбудаваны механізм. Слушна заўважыў Варнас : “Мяркую, што так паступаць — глупства. Можна шмат ад чаго ў тэатры “адмовіцца”: ад добрай літаратуры, ад драматургіі, можна арыентавацца на тэлебачанне, маўляў, там прайшло, мела поспех — вось і мы паставім. Але тады тэатр як дзяржаўная інстытуцыя губляе місію сваю.”

Магчыма, зрабіць функцыі больш празрыстымі, а межы больш вызначанымі дапамаглі б актыўныя стасункі паміж самімі літчасткамі. Тады прасцей было б вырашыць набалелыя праблемы, разабрацца ў новых патрабаваннях. Шчырае супрацоўніцтва шыкоўна дапаможа той жа моладзі хутчэй увайсці ў сутнасць дзейнасці, з чаго ізноў выйграе тэатр: у гэтым выпадку яму не давядзецца марнавацца перападрыхтоўкай спецыяліста. Час выходзіць з ценю, хоць і творчага. Сёння нам неабходна “агучыць”, так бы мовіць, сфарміраваць пасаду, каб неспадзявана не страціць... пісьменнасць.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"