Жалезныя нервы чароўнага голасу
— Спявак свету” стаў для мяне трынаццатым конкурсам. Я вельмі люблю спаборніцтвы — відаць, у душы я нерэалізаваны спартсмен. Удзел у іх становіцца добрым трэнажам: тут і загартоўка нервовай сістэмы, голасу, дадатковая сцэнічная практыка, магчымасць выйсці на новую публіку. Зрэшты, калі за савецкім часам на такія мерапрыемствы салістаў магла выправіць кансерваторыя альбо тэатр, то зараз любы конкурс — абсалютная ініцыятыва выканаўцы. І ўсё ж яшчэ да таго, як паехаць на фінал, вызначыла для сябе, што гэта будзе мой апошні ўдзел у творчых спаборніцтвах. Рада, што кропка атрымалася эфектная.
Сёлета ў Кардыф было даслана 350 заявак-відэазапісаў арый. Пасля адсеву на першым этапе спецыяльнае журы выпраўлялася ў розныя гарады свету, каб ужо падчас “жывых” праслухоўванняў адабраць тых 20 чалавек, якія будуць удзельнічаць у фінале. Нам не ўстанаўлівалі спецыфічныя правілы, толькі ліміціравалі часавы прамежак, што выдаткоўваецца на выступленне на сцэне. Як бачна па назве, конкурс звязаны з англійскім тэлебачаннем і радыё. Усе выступленні бясплатна ішлі ў прамым эфіры па Вялікабрытаніі. А вось за межамі краіны правы на трансляцыю прадаваліся. Зазначу, што для Еўропы ў прынцыпе звычайная з’ява, калі оперныя конкурсы транслююцца па телевізійных і FM-хвалях, а таксама ў Інтэрнэце.
З кантатай у FM-эфір?
— Мяркую, для статуса краіны было б выдатна займець уласны оперны конкурс высокага класу. (Ведаю, што Вялікі тэатр ладзіць шэраг творчых спаборніцтваў і цяпер.) Шыкоўна, калі пра рэспубліку ў свеце гавораць не толькі ў адной сферы, напрыклад, спорце, але і ў культуры таксама. Канешне, неабходна выхоўваць публіку, падтрымліваць оперныя мерапрыемствы трансляцыямі на тэлебачанні і радыё. Але каб конкурс развіваўся, меў магчымасць запрасіць шыкоўнае журы, неабходны спонсары. У Еўропе прынята, што на статусных творчых спаборніцтвах удзельнікам кампенсуюць выдаткі на дарогу, пражыванне, а на конкурсах самага высокага кшталту нават выплачваюць выканаўцам сутачныя. У тым жа Кардыфе 20 фіналістаў былі на поўным утрыманні ў арганізатараў.
У Мінску дастаткова даўно праводзіцца Міжнародны конкурс вакалістаў імя Ларысы Александроўскай. Але, мяркую, можна вучыцца адміністраванню ў замежных калег. Ведаю, што у айчынным Вялікім тэатры праходзіў сусветна вядомы конкурс выканаўцаў італьянскай оперы “Competizione dell’Opera”. Замежныя заснавальнікі, інтарнацыянальнае журы, лепшыя еўрапейскія спевакі… Тое была маштабная з’ява! Спадзяюся, у тым ліку і добрая школа для айчынных арганізатараў.
Трамплін музыказнаўства
— У маі мяне запрашалі на канцэрт-сустрэчу ў Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М.І. Глінкі. Так здарылася, што пасля вялікага турнэ я моцна захварэла, прыехала ў Мінск лячыцца. У каледжы скарысталіся магчымасцю арганізаваць гутарку ў Габеленавай зале з колішняй выпускніцай. Як ні дзіўна, у гэтых сценах я вучылася на аддзяленні музыказнаўства. Атрымаўшы дыплом, занялася вакалам. Рыхтавалася да паступлення ў Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю імя Мікалая Рымскага-Корсакава і адначасова працавала пад кіраўніцтвам Ніны Ламановіч у хоры Вялікага тэатра. Тры гады я выходзіла на сцэну ў якасці артысткі хора, была задзейнічана ва ўсіх спектаклях, што значыліся ў рэпертуары — гэта каласальны вопыт!
У Пецярбург жа паехала, у першую чаргу, з-за таго, што ў кансерваторыі, наймоцнай па частцы адукацыі спевакоў на прасцягу былога СССР, ёсць паўнавартасны оперны тэатр. Там шыкоўная сцэна, вялікая зала з вельмі складанай акустыкай. Лепшай пляцоўкі для адукацыі прыдумаць нельга!
На жаль, я не выконвала беларускі рэпертуар. Але спадзяюся ўсё ж на гэтую нітачку: я ж спявала тут у хоры, тры гады таму ўдзельнічала ў Калядным форуме. Больш запрашэнняў пакуль не паступала...
Палічы да дзесяці
— Зараз я — вольны мастак. Я працую не толькі ў Расіі, але і па запрашэнні на розных сцэнічных пляцоўках свету. Такі фармат мне бліжэй: заўсёды свежыя праекты, новыя калегі, цікавыя рэжысёрскія задачы. Гэта спрыяе творчаму росту. У Еўропе і Амерыцы амаль няма стацыянарных тэатраў, у штаце толькі хор ды аркестр. Пастановачная каманда, дырыжор, салісты — заўсёды запрошаныя людзі на кожны новы праект. Трымаць бoльшую каманду на акладзе дазваляюць сабе буйныя тэатры накшталт “Mertopolitan Opera”, але і ў іх 50 працэнтаў творцаў усё роўна запрошаны на канкрэтныя праекты. Ёсць пастаянны рэпертуар, але шмат новых праектаў за кошт запрошаных артыстаў, рэжысёраў, дырыжораў, таму за сезон адбываецца безліч прэм’ер.
У замежжы спектакль — гэта такая пастаянная “цякучка”. Запускаецца праект, шыюцца касцюмы, вырабляюцца дэкарацыі, ідзе пастаноўка паўтара месяцы. Год спектакль нідзе не рыхтуюць. Гэта ж нерэнтабельна! У Еўропе ўсё дакладна: трэба ўкласці грошы так, каб атрымаць пэўны прыбытак. Паказваюць з дзесяць спектакляў — і ўсё, ці відовішча закупае іншы тэатр, ці яно проста знікае, застаўшыся ў відэаархіве альбо на фірмовых DVD для аматараў. За тыя дзесяць паказаў, як суайчыннікам не падаецца гэта нязвыклым, маштабная пастаноўка сапраўды акупаецца.
Псіхалогія рэжысёрскага космасу
— Справа не ў тым, што гэта — класіка ці авангард, бо візуальна можа быць што заўгодна, галоўнае — якое зерне ў гэтым. У рэжысёрскай канцэпцыі павінна быць закладзена: калі адыходзіш ад класічнага прачытання, то павінен даказаць, чаму гэта менавіта так.
Опернае мастацтва развіваецца. Зараз рэжысёрскі пачатак у оперы паўстаў на ўзровень з дырыжорскім. Вельмі часта ў сучасным оперным тэатры нават ідзе спаборніцва паміж рэжысёрам і дырыжорам — хто каго. Салісты ж разглядаюцца як інструмент. На сёння спявак павінен адначасова быць акцёрам. Калі ў Расіі акцёрскае майстэрства ў раскладзе заняткаў опернага выканаўцы хутчэй для “птушачкі”, то ў Еўропе гэта абавязковыя і першасныя заняткі на адным узроўні са спевамі.
Чым адрозніваецца сучасная опера ад папярэдніх перыядаў развіцця? Іншым узроўнем у рэалізацыі музычнага матэрыялу. Напрыклад, Пітэр Сэларс — на сённяшні дзень гэты чалавек адкрыў новае для мяне. Рэжысёр не займаецца расстаноўкамі мізансцэн — гэта іншы ўзровень псіхалогіі, касмічны нават. Альбо оперныя і тэатральныя пастаноўкі Роберта Уілсана. У яго пэўны, толькі яму ўласцівы стыль, утрыраваная статыка. Гэта ж проста фантастыка! Я не разумею, чаму згаданае мае такое неймавернае ўздзеянне, але адарвацца ад прагляду немагчыма.
Васількі на карце свету
— Першае пытанне, якое мне задаюць у Расіі, чаму я прадстаўляю Беларусь? Маўляў, працуе ў Пермскім оперным тэатры, а выйшла на сусветны конкурс не пад расійскім трыкалорам. Нідзе ў свеце не ўзнікае такога пытання! Вось пад карэйскім штандартам за сваю малую радзіму спаборнічаў саліст Венскай оперы. Ці выступаў пад блакітна-жоўтым сцягам украінец, што ўжо 10 гадоў жыве ў Парыжы. Ці гэта так прынцыпова? Зараз, як я ўжо казала, спевакі не “сядзяць” у адным тэатры, а падарожнічаюць па свеце. Аднак, упэўнена, заўсёды памятаюць свае карані.
Усе свае 13 конкурсаў я выступала за Беларусь і заўсёды падкрэслівала, что нарадзілася я ў нашай краіне. На жаль, за рэдкім выключэннем, за мяжой яе не ведаюць. Мяркую, праз тое, што мы мала пра сябе гаворым. Дзякуючы творцам, у тым ліку такім оперным салістам, як Аксана Волкава, Ілля Сільчукоў, Юрый Гарадзецкі, мы можам дадаткова распавесці пра нашу радзіму. Мне вельмі хочацца, каб з тэатральных пляцовак свету ўсё часцей гучала, што ёсць такая багатая талентамі зямля — Беларусь.