Стары Замак у Гродне. / Фота аўтара
Аб’ектыўная “цякучка”
…І, як аказалася, многія з агучаных праблем былі далёка не такімі жахлівымі, як іх малявалі калегі-журналісты. Напрыклад, адна з іх, найбольш “страшная”, — пра масавыя звальненні супрацоўнікаў — не мае пад сабой рэальнай глебы.
— Так, гэтым летам ад нас сапраўды звольнілася некалькі чалавек, — патлумачыў мне сітуацыю з кадрамі дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка. — Але гэтая сітуацыя мяне не палохае, бо ў яе ёсць цалкам аб’ектыўныя прычыны. Напрыклад, у кагосьці скончыўся тэрмін абавязковай адпрацоўкі, хтосьці выйшаў замуж ці проста вырашыў пашукаць больш “лёгкага хлеба”... Пагадзіцеся, падобная “цякучка” кадраў можа назірацца і часцяком назіраецца на любым вялікім прадпрыемстве ці ў арганізацыі, бо гэта жыццё. А ў мяне сёння ў штаце больш за сотню чалавек. Да таго ж адзін з тых, хто нядаўна звольніўся, цяпер зноў прыйшоў прасіцца на працу. І я яго, канешне, вазьму, бо ён добра арыентуецца ў музейнай справе…
Кожны год кіраўнік установы культуры набірае па 5-7 новых супрацоўнікаў. Часцей за ўсё гэта студэнты гістарычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ці нават выпускнікі сталічнага Універсітэта культуры і мастацтваў. Праз год прадоўжыць працу жадаюць толькі два-тры з “новаспечаных” спецыялістаў.
— Справа ў тым, што ў нашым музеі, — працягвае свае тлумачэнні Юрый Кітурка, — новаму чалавеку трэба вывучыць пэўную калекцыю, трэба з ёй пастаянна працаваць, навукова апрацоўваць новыя паступленні, выязджаць у экспедыцыі і гэтак далей. Да таго ж яму неабходна займацца экскурсійным абслугоўваннем наведвальнікаў — а гэта яшчэ адзін, вельмі вялікі і, па першым часе, галоўны кавалак ягонай працы… Так што не кожны можа ўсё гэта адужаць… Але асноўны кадравы склад музейных супрацоўнікаў нікуды не сыходзіць і менавіта вакол гэтых людзей канцэнтруецца ўся навуковая ды творчая дзейнасць нашай установы культуры.
Падлога і рэстаўрацыя
Праблема ж, звязаная з рамонтам падлогі ў адной з экспазіцыйных залаў, сёння вырашана.
— Сапраўды, мы вясной часова зачынялі дзве залы аддзела прыроды, калі там крыху — на сантыметраў дзесяць у самым глыбокім месцы — прасела падлога, — кажа Юрый Кітурка. — Гэта адбылося на першым паверсе Старога Замка. Прычым прасеў не стары падмурак, а больш новы, што быў зроблены прыкладна ў XVIII стагоддзі. Пасля кансультацыі з навуковым кіраўніком праекта рэстаўрацыі Старога Замка Уладзімірам Бачковым, які пацвердзіў, што гэтая сітуацыя не ўяўляе небяспекі, мы правялі ў тых залах невялікі рамонт і адчынілі іх для наведвальнікаў.
Пра журналісцкі бум, які Юрыю Кітурку давялося перажыць напрыканцы лета з нагоды “раскручанай” праблемы кадраў ды шматпакутнай падлогі, ён гаворыць спакойна:
— Я разумею, што часам некаторым з вашых калег патрэбна знайсці цікавую тэму, напісаць кідкі загаловак, — кажа кіраўнік установы. — Тым больш, у летні час, калі інфармацыйных падстаў для сенсацый і актуальных навін малавата. Але ж і наконт “масавасці” звальненняў у нашай установе, і пра нейкую катастрофу з нагоды абрынутай падлогі гаварыць, як бачыце, сёння не зусім правільна.
Сапраўды, некаторыя журналісцкія “сентэнцыі” наконт сітуацыі ў Старым Замку, што летам з’явіліся на абшарах Інтэрнэту, сёння пад сабой асаблівых падстаў не маюць. Але ж уся гэтая інфармацыйная “шуміха” яшчэ раз паказала, што лёс ды будучыня знакамітай гродзенскай фартэцыі хвалюе шмат каго ў Беларусі. Акрамя таго, журналісты чарговы раз закранулі іншую, шматгадовую праблему Старога Замка, якому сёння патрэбны не проста нейкі касметычны рамонт, а паўнацэнная рэканструкцыя ды рэстаўрацыя.
Вяртанне ў часы караля
Не варта і казаць, што рэстаўрацыі старажытных замкавых муроў у Гродне чакаюць даўно, прычым як музейшчыкі, так і жыхары абласнога цэнтра.
— Стары Замак выпрацаваў свой рэсурс — гэта абсалютна зразумела і нам, і абласному галоўнаму ўпраўленню ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, — кажа Юрый Кітурка. — Таму музею патрэбна рэстаўрацыя. Балазе, эскізны праект мы сёння ўжо маем. Цяпер трэба рабіць будаўнічы праект рэстаўрацыі Старога Замка.
Якраз над гэтым праектам і шчыруюць сёння спецыялісты з “Гроднаграмадзянпраекта”. Грошы пад гэтыя мэты — прыкладна два мільярды рублёў — былі выдаткаваны з абласнога бюджэту. Так што працэс, так бы мовіць, пайшоў. І, згодна з планамі, замак з цягам часу будзе мець зусім іншы выгляд.
— Пасля шматлікіх абмеркаванняў у Гродне і ў Міністэрстве культуры намі было вырашана аднавіць замак у тым выглядзе, у якім ён існаваў у часы Стэфана Баторыя, напрыканцы XVI стагоддзя, — тлумачыць Юрый Кітурка. — Гэты перыяд — самы аптымальны, бо ўсе рамонты ў замку пасля вайны сярэдзіны XVII стагоддзя праводзіліся, так бы мовіць, у бок спрашчэння.
Каб аднавіць замак часоў Стэфана Баторыя, па перыметры Замкавай гары ўзвядуць сцены, вежы і каменныя будынкі, а двор вызваляць ад пабудоў мінулага стагоддзя, дзе сёння размяшчаюцца майстэрні і складскія памяшканні музея. А, напрыклад, у самім замку плануецца разабраць унутраныя сцены, якія былі ўзведзены ў пазнейшыя часы. Значна зменіцца, натуральна, і музейная экспазіцыя...
Зразумела, усё гэта — справа не аднаго дня і нават не аднаго-двух гадоў. І таму цяпер усё залежыць ад сістэмнага і бесперапыннага фінансавання рэстаўрацыйных работ, ад таго, наколькі хутка будаўнікі змогуць расчысціць замкавы фундамент, пракласці неабходныя камунікацыі ды многіх іншых рэчаў…