Гэтымі перадсвяточнымі днямі мы прыгадваем найбольш яскравыя ўражанні года, з якім развітваемся. У кожнага з прафесіяналаў нашай сферы яны звязаны з удалымі канцэртамі, паспяховымі прэм’ерамі, запамінальнымі вернісажамі, непаўторнымі фестывалямі, гучнымі творчымі перамогамі і здзяйсненнямі. Упэўнены, што 2014-ы год стаўся асвечаным менавіта такімі падзеямі ў жыцці кожнага з работнікаў культуры і дзеячаў мастацтваў!
Да ўсяго, на канец снежня — пачатак студзеня для ўсіх вас прыпадае адзін з найбольш насычаных перыядаў вашай працы. Бо менавіта ў гэты час вы як ніколі дорыце людзям святочны настрой і перадаяце цеплыню сваіх сэрцаў. І гэтым вы робіце людзей нашай краіны бліжэйшымі да свету прыгажосці і духоўнасці ў самых розных праявах: тэатральным і музычным мастацтве, кіно і візуальных практыках, аматарскай творчасці і традыцыйнай культуры, а таксама ў культурна-асветніцкай дзейнасці.
Прыміце шчырыя словы падзякі за ваш унёсак у справу развіцця нашай культуры, нястомны пошук шляхоў да яе абнаўлення і мадэрнізаванага развіцця, а таксама за рэпрэзентацыю на высокім узроўні за межамі нашай краіны.
Няхай Новы год прынясе невычэрпнасць вашых творчых поспехаў, заснаваных на таленавітых ідэях, натхнёных дзён, нястомнага аптымізму, моцнага здароўя і шчасця вам і вашым блізкім!
Няхай 2015-ы год, абвешчаны Прэзідэнтам нашай краіны Годам моладзі, надасць кожнаму з вас маладосці ў душы, аптымізму і энергіі для рэалізацыі ўсіх вашых планаў на карысць далейшага росквіту нашай нацыянальнай культуры і любай краіны — Рэспублікі Беларусь!
З павагай,
Барыс СВЯТЛОЎ, Міністр культуры Рэспублікі Беларусь