На пачатку тэксту калумніст “К” згадвае сваю гутарку з журналістам Галінай Жарко, якая параіла наступнае: “Калі не ведаеш журналіста, які просіць цябе нешта пракаментаваць, лепш адразу пакласці слухаўку. Бо нават тваё “эээ...” можа быць скарыстана дасведчаным чалавекам”. Спрэчная парада. Дазволю сабе з ёй не пагадзіцца.
Калі я прачытала калонку, а потым яе перачытала, ува мне не пераставала біцца навязлівае пытанне: як жа маладому, недасведчанаму яшчэ журналісту зрабіць сабе імя — бадай, самае галоўнае ў нашай прафесіі, — калі героі, каму ён тэлефануе па каментарый, будуць кідаць слухаўку? На шчасце, я не сустракала людзей, якія, упершыню пачуўшы маё імя, спынялі размову. Іначай не напісала б і траціны сваіх тэкстаў. Зноў жа, дзякаваць богу, не прыгадаю, каб нехта з герояў застаўся незадаволены нашай супрацай.
Сітуацыя, якую апісала спадарыня Ганна, — сапраўды вельмі прыкрая і нават, я сказала б, непрыстойная. Так рабіць — нельга. З такім журналістам я таксама не мела б справы наступным разам. Але быў жа варыянт адмовіцца ад удзелу ў артыкуле? Навошта пагаджацца на публікацыю свайго скалечанага каментарыя?.. Можа, і не варта ганьбіць журналіста, які звярнуўся да Ганны Кісліцынай па меркаванне. Тут яшчэ палітыка рэдактара і рэдакцыі маецца (якія, як паказвае практыка, не заўжды супадаюць). Але досыць шукаць вінаватых.
Нядаўна шэф-рэдактар Onliner.by Дзяніс Блішч у сваім блогу напісаў, што некаторыя журналісты (як маладыя, так і сталыя) цяпер настолькі лянівыя, што не толькі не спрабуюць дамовіцца на асабістую сустрэчу з героем будучай публікацыі, але нават і не тэлефануюць яму! Проста просяць у сацыяльнай сетцы адказаць на пытанні. Паводле слоў Дзяніса, такім журналістам ён не адказвае, бо не хоча падтрымліваць іх прафесійную дэградацыю. І гэта слушна, я лічу. Калі журналіст просіць героя адказаць пісьмова на пытанні, а потым ставіць перад фактам: “Мы тут крыху скарацілі ваш тэкст, нічога?”, — грош яму цана.
Некаторыя рэдактары лічаць, што адсылаць герою артыкула тэкст на вычытку — непатрэбная раскоша. Я цвёрда прытрымліваюся супрацьлеглай пазіцыі: адсылаць артыкул чалавеку, які патраціў час на супрацу з вамі, — не раскоша і не ласка, а жэст прыстойнасці. Да таго ж, вельмі часта адшліфаваны пад час візавання героем артыкул атрымліваецца нашмат больш цікавым ды ўдалым, чым яго першапачатковая версія.
Трапна піша спадарыня Ганна: “Слова, пададзенае ў пераказе, — не тваё слова, а пазнака, што да цябе звярталіся па каментарый”. Чытачам нашмат больш цікава слухаць героя артыкула, а не ягонага аўтара, таму я аддаю перавагу інтэрв’ю, у якіх наогул адсутнічаюць журналісцкія рэмаркі.
“Варта схаваць усе свае амбіцыі і проста даць выказацца. Уменне слухаць — Божы дар. Асабліва ў культурнай журналістыцы!..” — залатыя словы, спадарыня Ганна! Паўтаруся: гутаркі, дапрацаваныя самімі творцамі, заўжды атрымліваюцца больш “смачнымі”, чым тэксты, напісаныя нават класнымі журналістамі.
Але не варта кідаць слухаўку, калі размаўляеце з незнаёмым журналістам. Іначай як жа ён стане знаёмым? Хто ведае, можа, вы сваёй адмовай адаб’яце ў чалавека ахвоту працаваць у культурнай журналістыцы?.. На маю думку, гэта той выпадак, калі лепш пашкадаваць, пагадзіўшыся на супрацу, чым адмовіцца ад яе…
Калонку Ганны Кісліцынай "Словы — мае і... не мае" чытайце тут.