Згадаў гэты выпадак, бо яшчэ нядаўна, у маі гэтага года, Мінск поўніўся замежнікамі, літаральна на кожнай вуліцы, асабліва ў цэнтры беларускай сталіцы, можна было пачуць англійскае, французскае ці польскае маўленне, у барах і рэстаранах часта сустракаліся людзі, якія на ламанай рускай мове замаўлялі беларускія “пйіва, сьмажэньку энд драньйікі”, а экскурсаводы ў Міры ды Нясвіжы працавалі з ранку да вечара, каб абслужыць турыстаў з Расіі ды Літвы, ахвочых пабываць у нашых старадаўніх перлінах дойлідства...
Прычына гэтага замежнага “нашэсця” вядомая: Чэмпіянат свету па хакеі. Але сёння, — як, дарэчы, і адразу пасля завяршэння міжнароднага спартыўнага спаборніцтва, — на цэнтральных праспектах ізноў няма груп турыстаў з Польшчы, Літвы ці Францыі, не блукаюць яны па Траецкім прадмесці вясёлымі кампаніямі, не перакідваюцца слоўцам на замежных мовах, не замаўляюць беларускіх бліноў, зробленых з бульбы…
Як вядома, цягам доўгіх гадоў турыстычная супольнасць Беларусі наракае на высокі кошт віз для замежнікаў, сцвярджаючы, што гэта самая вялікая перашкода для развіцця турбізнесу. Урэшце, тут у якасці контраргумента, з якім немагчыма не пагадзіцца, можна прывесці адпаведнасць кошту візы ў Беларусь кошту візы для беларусаў (прынамсі, калі казаць пра краіны шэнгенскай зоны). Але самае дзіўнае, што пра тыя самыя візавыя “бар’еры” сёння кажуць і людзі, якія прыязджаюць у Беларусь не з турыстычнымі мэтамі, а на культурныя мерапрыемствы...
Упэўнены, што паступова гэтая сітуацыя будзе змяняцца. Напрыклад, нядаўна, дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму краіны Вадзім Кармазін у інтэрв’ю заявіў, што пад час міжнародных спартыўных спаборніцтваў, якія будуць ладзіцца ў Беларусі, для замежных балельшчыкаў плануецца выдаваць бясплатныя візы. Пералік падобных спартыўных форумаў цяпер удакладняецца ў Мінспорце ды Нацыянальным алімпійскім камітэце.
А чаму б не пайсці далей і не прадугледзець падобную практыку ў адносінах да значных міжнародных культурных акцый? Можна было б, напрыклад, выдаваць бясплатныя візы замежным аматарам Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, Мінскага кінафестывалю “Лістапад”, Фестывалю нацыянальных культур у Гродне… Усё гэта паспрыяла б развіццю як культурнага, так і падзейнага турызму ў Беларусі… А дзе турызм — там, вядома ж, і грошы ў бюджэт, якія можна было б аддаваць пасля на рамонты ўстаноў культуры, на рэстаўрацыю помнікаў спадчыны, арганізацыю фестываляў ды міжнародных форумаў… Прынамсі, вельмі хацелася б, каб такую магчымасць разгледзелі. Балазе, з усіх правілаў існуюць выключэнні.