Да гэтага вобраза ўвесь час устойліва прыгадваю… Ван Вэя, а менавіта — ягоны верш “В оленнике”. Дзве рэчы зрыфмаваліся-звязаліся ў мяне па прынцыпе структурнага падабенства, нават каларыстычна выглядаюць палярна-дапаўняльна. У свой час выпісаў усе даступныя пераклады гэтага верша на рускую мову. Вось яны:
В оленнике.
Я не вижу людей
В опустевших горах —
Только эхо речей
Раздаётся в ушах.
Пронизал глубь леска
Свет обратный опять,
И над зеленью мха
Стал он снова сиять.
(Пераклад Ю.Шчуцкага з маскоўскай “Анталогіі кітайскай лірыкі VII — IX стст.” 1923 года.)
В оленьем загоне.
Пустынны горы,
в них людей не видно,
Но голоса звучат их отдалённо.
Заката отблеск в лес
проник глубоко,
Сияет луч на мху
тёмно-зелёном.
(Пераклад А.Гітовіча, апублікаваны ў маскоўскай “Анталогіі кітайскай паэзіі” 1957 года.)
Оленья засека.
Горы пустынны.
Не видно души ни одной.
Лишь вдалеке
Голоса людские слышны.
Вечерний луч
Протянулся в сумрак лесной,
Зелёные мхи
Озарил, сверкнув с вышины.
(Вершаванае пералажэнне А.Штэйнберга 1979 года.)
Оленья тропа.
Пустынны горы —
нигде не видно ни души,
Лишь слышны где-то
голоса людей.
Солнца блики на лес легли —
И вдруг, лучи его вернулись
и осветили мох зелёный.
(Пераклад Г.Дагданава ў кнізе “Чань-будызм у творчасці Ван-Вэя” ў 1984-м.)
Не абавязкова ведаць кітайскую мову — дастаткова валодаць мастацкай. Лепшы для мяне пераклад — першы, Шчуцкага, 1923 года (і час які таленавіты!). У астатніх адбываецца вонкавае апісанне падзеі. Як апісальна і добрасумленна перакладаюць астатнія: “Сияет луч на мху тёмно-зелёном…”; “вечерний луч <…> зелёные мхи озарил…”, “Солнца <…> лучи <…> осветили мох зелёный…” . Аднак кропка адліку верша — тое, што зачапіла Ван Вэя (як бачыцца праз 1200 гадоў). Гэта аптычны цуд пераўтварэння свету ў аксаміт-смарагд, яго матэрыялізацыя, і толькі ў Шчуцкага колеравы прыметнік стаў назоўнікам, субстантывам “зеленью мха”, а мох ператварыўся ў дадатак. Шчуцкі адчуў апрадмечванне прыметніка: ператварэнне прыкладной, дадатковай якасці ў самастойную прадметнасць. Уявіце прыцемкі гушчара, і раптам — арганнае гудзенне светлавых труб сонца… Як гарыць... не, не мох — зелень, зеляніна. І дакладней — гэта згушчанае да прадмета святло, якое знайшло сваю кропку расы над гэтым мохам…
Менавіта такі строй бачання ёсць у Аляксандра Грышкевіча — у гэтым сутнасць жывапіснага дару. Цікава, але і эцюд са зваротным вечаровым святлом ёсць у Грышкевіча, нават не адзін. Аляксандр — тонкі, вышуканы мадэрніст, з-пад яго пэндзля выходзяць абсалютна мастацкія рэчы. У гэтую вясну хто не захапляўся ягонымі эцюдамі з цёмнай, сцюдзёнай струмяністай вадой, глыбокім ультрамарынам вясновых ценяў, тактыльна шурпатым маладым волавам вясновага лісця і травы… Па-дызайнерску апрацаваны матэрыял Грышкевіч кампануе парцыяльна (ад лац. “pars pro toto” - “частка замест цэлага”), з першага погляду часам на мяжы ідэнтыфікацыі, пазнавання. Тэхніка пісьма ў эцюдах — адкрытая, нават фарсіраванна непрыхаваная, супраць выяўляемай формы.
Часам тэхнічна Грышкевіч дамагаецца ператварэння прыметніка ў колеравы назоўнік характэрным прыёмам “тупоўка”, дасягаючы асаблівай “мохавай” фактуры паверхні. Колеравыя ласкуты маюць такое аўтаномнае гучанне, што выглядаюць свядома складзенымі крыптаграмамі. Гэта спрашчае задачу субстантывацыі колеру. Але галоўнае — мастацкае пачуццё, мастацкае бачанне. Здаецца, удалося паказаць работу аптычнага апарата мастака Грышкевіча, які вокам мастака Ван Вэя угледзеў “свет обратный” у аранжавых шчочках дзяўчыны. А для мяне аксамітная зеляніна і памяранец шчочкаў утварылі абсалютную цэласнасць творчага метаду — і філасофскую, і каларыстычную…