Чары лілейныя, або “Вясёлы дзядуля…” з Мінска

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

Жаночы хор "Чароўныя лілеі" Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі вярнуўся з перамогай з VIІІ Міжнароднага фестывалю харавога мастацтва "Спеўны свет" імя Ю.Фаліка ў Санкт-Пецярбургу. На VI Міжнародным конкурсе харавых калектываў, што праводзіцца ў межах фестывалю, нашы дзяўчаты на чале з дацэнтам Інесай Бадзяка атрымалі ў розных намінацыях Першую, дзве другія прэміі, па выніках фінальнага тура - Гран-пры, а таксама два спецыяльныя прызы - глядацкіх сімпатый і "Лепшай салістцы", якой была прызнана cтудэнтка IV курса Алена Працко.

/i/content/pi/cult/284/4571/pic_50.jpgГэты найбуйнейшы харавы форум сёлета сабраў прадстаўнікоў 20-і краін свету. Беларусы ў ім удзельнічалі ўпершыню - і зрабілі сапраўдны фурор, прадэманстраваўшы высокапрафесійную, папраўдзе еўрапейскага ўзроўню, выканальніцкую школу. І школу - кампазітарскую! Бо ў Піцеры адбылася сусветная прэм'ера твора Вячаслава Кузняцова "Вясёлы дзядуля Хармс", гучалі кампазіцыі Міхаіла Васючкова, Ірыны Дзянісавай, пералажэнні Людмілы Жукавай.

- Да рэпертуару,- расказала мастацкі кіраўнік хору Інеса Бадзяка, - мы паставіліся з вялікай адказнасцю. Да таго ж, некаторыя намінацыі ўжо самі арыентавалі канкурсантаў на пэўныя мастацкія сферы. У намінацыі "Духоўная музыка" мы спыніліся не толькі на класічным узоры - творы Дзмітрыя Кастальскага, але і звярнуліся да партытуры Альфрэда Шнітке. Тым больш, што вядомае сярод спецыялістаў пералажэнне яго хору "Отче наш" зроблена беларускім хормайстрам Людмілай Жукавай, якая працавала ў Наваполацку, а цяпер жыве ў Санкт-Пецярбургу. Калі ж мы праспявалі твор нашай Ірыны Дзянісавай, многія тамтэйшыя музыканты былі і ўвогуле агаломшаны. Аказалася, зусім нядаўна яна сама была ў горадзе над Нявой, удзельнічала ў Духоўнай акадэміі, зарэкамендаваўшы сябе цудоўным харавым дырыжорам. І тут раптам - яе ўласныя творы, не менш адметныя ды прафесійныя. У намінацыі "Сучасная музыка" адна з кампазіцый была абавязковай для ўсіх удзельнікаў. Да яе мы далучылі Песню Вірынеі Сяргея Сланімскага (менавіта за гэтае сола Алена Працко і атрымала свой прыз), а таксама новы твор, які, рыхтуючыся да конкурсу, замовілі вядомаму беларускаму кампазітару Вячаславу Кузняцову - прызнанаму майстру не толькі камернага, аркестравага, але і харавога пісьма. Ягоны "Вясёлы дзядуля Хармс" патрабаваў ад нас не толькі прафесійных спеваў, але і тэатралізаванага дзеяння, творчай фантазіі, нават нейкага элемента сааўтарства. Твор меў неверагодны поспех! У нас пачалі прасіць яго ноты, цікавіцца, дзе можна набыць іншыя партытуры Кузняцова. Ну, а ў намінацыі "Аднародныя хоры" мы вырашылі не "пярэсціць" стылёва супрацьлеглымі кірункамі, а прапанаваць цэласны фальклорны блок, складзены з выбітных апрацовак беларускай і балгарскай народных песень, а таксама часткі з кантаты расійскага кампазітара Мікалая Сідзельнікава. У нас яго музыку амаль не выконваюць, а між тым, яго харавыя творы, надзвычай складаныя па рытміцы і інтанацыйнасці, - гэта новы крок у параўнанні з вядомым Валерыем Гаўрыліным. У журы былі знаныя музыканты Расіі, Славеніі, Украіны, Францыі. Сярод нашых "канкурэнтаў" - вельмі моцныя расійскія хоры, армянскі, японскі. Але пра нас сказалі: "Вы- адзіныя, хто прымушаў плакаць..."

Можа, такому поспеху "Чароўных лілей" паспрыяла /i/content/pi/cult/284/4571/pic_51.jpgсама назва зусім маладога калектыву? Бо гэтыя кветкі заўсёды лічыліся сімвалам прыгажосці і дасканаласці, а дзяўчатам з такім імем, паводле яго тлумачэння, "прадракаецца" ўменне дамагчыся ад блізкіх усяго, чаго толькі захочуць. Дарэчы, у нашай Акадэміі музыкі ўжо даўно існуе папраўдзе зорны калектыў з падобнай назвай - Ансамбль цымбалістаў "Лілея", якім кіруе народны артыст Беларусі, прафесар Яўген Гладкоў.

Калі ж сур'ёзна, дык залогам поспеху стала сама навучальная ўстанова, бо складаюцца "Чароўныя лілеі" з даволі спрактыкаваных харыстаў - удзельнікаў славутага канцэртнага хору Акадэміі, у якім, набываючы сваю прафесію, спяваюць студэнты аддзялення харавога дырыжыравання. БДАМ падтрымала гэтую паездку і фінансава, бо вялікім калектывам складаней рабіць падобныя падарожжы, чым асобным салістам.

- Акрамя конкурсу, - дадала дырэктар хору Юлія Рабаконь, - у нас было шмат выступленняў у межах фестывалю. Мы ўдзельнічалі ў цырымоніях адкрыцця і закрыцця форуму, спявалі ў Казанскім саборы, далі канцэрт у Кацярынінскай царкве, наведвалі майстар-класы.

На здымках: удзельніцы хору "Чароўныя лілеі"; кіраўнік калектыву Інеса Бадзяка.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"