“La Belle Ligne Сорына пастаіць за сябе…”

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

Як полацкі юнак узышоў на Алімп мастацтва

(Працяг. Пачатак у № 22 за 2013 г.)

…Уладзімір Маякоўскі, былы кубафутурыст і ідэйна-творчы праціўнік Сорына, у сваім стылі так адазваўся пра мастака ў 1923 годзе ў артыкуле “Сямідзённы агляд французскага жывапісу”: “…Да поўнага цынізму дайшоў Сорын. Партрэт Паўлавай. Сапраўдны куафёр-манікюршчык. Размалёўвае шчочкі, растушоўвае вочкі, паліруе пазногцікі. Раней прыцягвалі шыльды — “Цырульнік Жан з Парыжа”, зараз, відавочна, прыцягваюць — “Цырульнік Савелій з Пецярбурга”. Адмірал Біці заказаў яму партрэт. Недалёка заедзеш туды, дзе густам правіць такі адмірал. Ну і добры быў бы англійскі флот, каб адміралаў для яго падбіраў Сорын…”

А вось Мікалай Яўрэінаў, вядомы драматург і акцёр, у сваёй кнізе “Арыгінал аб партрэтыстах” па-іншаму бачыць творчасць Сорына: “…Сур’ёзны С.А. Сорын за работай. Упарты. Так бы мовіць, “руплівы”. Што называецца, “дабіваецца”. “Павінна атрымацца — і скончаны баль”. Адсюль напружанасць. Дэталёвасць. “Да канца” ўсё. Да апошняй рысы. Часта даводзілася спрачацца пра памер таленту С.А. Сорына. Я люблю яго, люблю шчыра і таму, як не старонні яму, заўсёды адстойваў ягоны малюнак ад занадта суровага абвінавачання ў акадэмізме. Пры чым тут “акадэмізм” ці “не-акадэмізм”, калі малюнак да nec plus ultra артыстычны! Увесь. Наскрозь. Да апошняй лініі. Артыстычны! Цудоўны! Тонкі! Прадуманы! Чароўны! Пачуццё формы! Пачуццё меры! Выразнасць! Часам віртуознасць! Дзівосная віртуознасць! І пяшчотнасць, пяшчотнасць! Бязмежная пяшчотнасць! Твар нібы залашчаны алоўкам, зацалаваны, зачараваны незямной “калыханкай”…”

/i/content/pi/cult/430/8915/2-2.jpeg

С.Сорын. "Партрэт жанчыны з лоўчым сокалам". 1930 г.

І далей — фраза М.Яўрэінава, якая мне падабаецца ў ацэнцы жаночых вобразаў: “Гледзячы на сорынскія твары, нельга ўявіць сабе, каб яны маглі есці калі-небудзь крывавы ростбіф, маларасійскае сала, смакавалі лімбургскі сыр! Як нельга ўявіць сабе, каб у іх пад ложкам стаяла што-небудзь іншае акрамя аксамітавых і плюшавых туфлікаў. “Начны”… як яго?.. “Пад ложкам”, кажаце вы? Якая бязглуздзіца! — мы ведаем толькі слова “пасцель”, мяккая, пуховая пасцель! Гняздзечка-с! Вось-вось, гняздзечка-с! З прыметнікам “начны” мы дапасуем толькі дзейнікі “зефір”, “духмянасць”, “захапленне”, наогул што-небудзь незямное…”

Сапраўды, Сорын умеў змясціць сваіх мадэлей, асабліва жанчын, у ідэальнае для малявання святло і ў ідэальны інтэр’ер. Ён абкружаў іх светлым тонам так, каб твар мадэлі не ператвараўся ў жорсткую дуэль паміж святлом і ценем.

Хтосьці напісаў, што мастак перадае цудоўнае выяўленне зямнога аблічча. Што ён, вучань Рэпіна, які прайшоў французскую і італьянскую школы, дасягнуў узроўню старых нямецкіх майстроў. Рэцэнзент меў на ўвазе Дзюрэра?

…Савелій пражыў з бацькамі ў Полацку чатырнаццаць гадоў. З гэтага часу пачаў весці самастойнае жыццё. Чаму ён пакінуў родны дом, дакладна не вядома. Паводле адной версіі — жорстка пасварыўся з бацькам. Па іншай — бацькі самі яго адпусцілі ў “вольнае плаванне” ў пошуках шчасця. Так ці інакш, Сорын спачатку працаваў прадаўцом газет ці то ў Смаленску, ці то ў Туле. Бачылі яго і ў Арле. Самастойна, паралельна з працай, скончыў гімназію і ў рэшце рэшт у 1896-м апынуўся ў Адэсе. Любоў да мастацтва зрабіла сваю справу, і Савелій восенню гэтага ж года стаў вучнем мясцовай Рысавальнай школы (вучылішча). На той час Адэская мастацкая школа была адна з самых прыкметных культурных устаноў ва ўсёй Расійскай імперыі. Перш за ўсё таму, што там настаўнічаў таленавіты педагог і мастак-жывапісец Кірыяк Кастандзі (1852 — 1921 гг., з 1907-га — акадэмік жывапісу). Да таго ж, яшчэ ў лютым 1886 года Савет пецярбургскай Акадэміі мастацтваў прыняў цікавую пастанову, якая прадастаўляла вучням — лепшым выпускнікам Адэскага вучылішча права паступаць у Акадэмію без мастацкага ўступнага экзамену, толькі кожны “абітурыент” павінен прайсці цягам месяца “выпрабаванне” ў гіпсавым класе. І ўсё. Дарэчы, сам Рэпін аднойчы адзначыў, што Кірыяк Кастандзі дае сваім выхаванцам не менш чым любы з педагогаў Акадэміі мастацтва, а ў некаторых адносінах — нават больш. Дадам, што, напрыклад, у 1904 годзе ў Акадэміі займалася 65 чалавек з Адэсы, 45 — з маскоўскіх мастацкіх устаноў, 37 — з Казані ды іншых гарадоў цэнтральнай Расіі, было таксама некалькі чалавек з Паўднёва-Заходняга краю Расійскай Імперыі, у тым ліку наш зямляк Р.Генін.

Такім чынам, да прыезду Сорына ў Адэсу школа непасрэдна падпарадкоўвалася Акадэміі, што для адэскай установы было вельмі спрыяльна, з усіх пунктаў гледжання. Галаўным кірункам навучання была чысцякоўская методыка работы на базе сінтэзу малюнка і ўласна жывапісу. Трэба сказаць, што моцным бокам школы Кастандзі з’яўлялася, так бы мовіць, “партрэтнасць” усяго адлюстраванага. Дакладнасць перадачы бачанага — непарушная няўхільная запаведзь. Менавіта тут Сорын навучыўся ў межах адной фарбы знаходзіць разнастайнасць колеру за кошт танальнай распрацоўкі. Гэта значыць, галоўным для любога мастака-адэсіта стала танальнае адзінства. З гэтага пасылу пачыналі сваю мастакоўскую дзейнасць і іншыя вучні Кастандзі — будучыя вядомыя творцы А.Шаўкуненка, М.Грэкаў, І.Бродскі, А.Нюрэнберг, Т.Фраерман, І.Шульга, С.Калеснікаў, П.Нілус, Т.Дворнікаў, С.Фацінскі...

У 1899-м, атрымаўшы медаль, выпускнік Адэскай мастацкай школы Савелій Сорын з выдатнай рэкамендацыяй Кірыяка Кастандзі паехаў у Пецярбург, дзе без усякіх праблем паступіў на жывапісны факультэт Акадэміі мастацтваў (тады гэтая ўстанова ўжо шэсць гадоў насіла назву “Вышэйшае вучылішча жывапісу, скульптуры і архітэктуры пры Імператарскай Акадэміі мастацтваў”). Сорын вучыўся ў натурным класе будучых акадэмікаў — “жанрыста” Івана Тварожнікава і Васіля Савінскага, майстра партрэта і гістарычнага жывапісца. Але найбольшы ўплыў на студэнта аказаў трэці педагог — Ілья Рэпін, які ў год заканчэння Сорыным Акадэміі, у 1907-м, падаў у адстаўку, каб цалкам прысвяціць сябе творчасці.

Акадэмічная вучоба ў Сорына ішла выдатна, ніякіх нечаканасцей не здаралася. Так, будучы на 3-м курсе, у ліпені 1902 года, Сорын скарыстаў канікулы для таго, каб паехаць у горад Арзамас да ссыльнага Аляксея Пешкава (Горкага), які з мая 1902-га бавіў там час з жонкай Кацярынай і пяцігадовым сынам Максімам пад адкрытым наглядам паліцыі. Якраз у гэты час пісьменнік працаваў над п’есай “На дне”. Менавіта тут, у Арзамасе, нарадзіліся словы: “Чалавек — гэта гучыць горда!”. І тут, у невялічкім пакойчыку аднапавярховага драўлянага дома купчыхі Падсосавай на Сальнікавай вуліцы (цяпер — вуліца Карла Маркса, 17), дзе атабарылася сям’я Пешкавых, студэнт Сорын і стварыў бліскучыя партрэты Кацярыны Паўлаўны і Аляксея Максімавіча, ужо “па-еўрапейску знакамітага пісьменніка” (Ленін), будучага “буравесніка рэвалюцыі”. У час сеансаў сюды да Горкага прыязджалі пісьменнікі Л.Андрэеў, Я.Чырыкаў, С.Пятроў (Скіталец), святар Ф.Уладзімірскі. Але стасункі 24-гадовага Сорына і 34-гадовага Горкага хутка перапыніліся зусім нечакана.

/i/content/pi/cult/430/8915/2-1.jpeg

С.Сорын. Аўтапартрэт.

А справа была вось у чым. Яшчэ ў Пецярбургу Сорын пазнаёміўся с маладой скрыпачкай Янінай Берсан, дачкой вядомага банкіра і блізкага сябра Горкага — Осіпа Сямёнавіча Берсана. І так здарылася, што Савелій па вушы закахаўся ў прыгажуню! Узаемнасць хаця і атрымаў, але, так бы мовіць, не зусім. Вядома толькі, што Яніна збегла з сямейнага дома ажно ў Жэневу, бо штосьці там, у сямейным клане Берсанаў, здарылася. Словам, уражлівы Сорын ад нераздзельнага кахання нават спрабаваў атруціцца, але выжыў. Аднак спашлюся на самога Горкага, які прымаў вельмі актыўны ўдзел у лёсе гэтай самай Яніны.

У лісце да дырэктара кнігавыдавецтва таварыства “Знание” Канстанціна Пятніцкага на пачатку студзеня 1903 года ён пісаў: “Савелій Сорын ляжыць тут, у бальніцы… Сюды, да мяне, прыехала ягоная нявеста, слаўная дужая дзяўчына… З яе расповеду высветлілася, што… Сорын тэрарызаваў яе. Ён ставіў справу так: выходзь за мяне замуж, а не — дык вось рэвальвер, застрэлюся! Яна ж замуж за яго не спяшаецца, а хоча жыць па-за сям’ёй… Сваякі Сорына патрабавалі ў бацькі дзяўчыны грошай на пражыццё, але Сорын сцвярджае, што гэта — без яго ведама. Тым не менш патрэбныя грошы — 200 р. — аказаліся ў яго разам з метрыкай дзяўчыны, відам на жыхарства і дазволам ейнага бацькі на шлюб з Сорыным. Дакументы гэтыя я неадкладна адабраў, а дзяўчына сказала Сорыну: “Паміж намі ўсё скончана!..” У пяць уляцеў да мяне Чырыкаў (Яўген Чырыкаў — пісьменнік, сябар Чэхава і Горкага. — Б.К.) і паведаміў, што Сорын выпіў нешта ў яго прысутнасці… Еду ў бальніцу. Там Сорын мне кажа, што прыняў мыш’як… Далі проціяддзе, зрабілі два ўпырскванні ў поласць жывата, і сёння ён, па словах дактароў, можа выпісацца… А вось што з дзяўчынай? Сказаў я сёння ёй пра гэта… Дзяўчына — як сталь. Пабляднела, задрыжала і катэгарычна сказала: “Тым больш, паміж намі ўсё скончана!” Цяпер у мяне задача: уладкаваць дзяўчыну так, каб яна зноў не трапіла ў шчамлёткі сям’і, а Сорына сплавіць адсюль. Ён цяпер упаў у маіх вачах: я — не прыхільнік меладраматычных характараў…”

Згадку пра Яніну Берсан я сустракаў у лістах Вольгі Кніпер да Антона Чэхава і ў лістах самога Чэхава да Кніпер. Так, Вольга Леанардаўна піша Антону Паўлавічу восенню 1903 г.: “…Яніну Берсан я ведаю. Гэта protegee Горкага, яўрэйка, якую ён хаваў у сябе, калі яна збегла з жаніхом, што атруціўся потым. Пра жэнеўскіх студэнтаў мне ўжо казалі — аб просьбе даць “Вішнёвы сад”. Перадам Яніне, што ты распарадзіўся…”.

Справа ў тым, што настойлівая Яніна Осіпаўна пісала Чэхаву з Жэневы, дзе прасіла пісьменніка прыслаць ёй экзэмпляр ні больш ні менш “Вішнёвага саду” для пастаноўкі п’есы сіламі рускіх студэнтаў і курсістак, якія навучаліся за мяжой. Але Чэхаў адмовіў у сувязі з тым, што прэм’ера ягонай новай п’есы павінна адбыцца толькі ў Маскве. А яшчэ я бачыў цікавую фатаграфію: Горкі і Шаляпін на дачы на Махавых гарах, 1903 год. Аўтар здымка — Яніна Берсан… Відаць, была жанчына яшчэ тая…

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"