“Новае перасоўніцтва” ў “запоўненым” двары

№ 13 (1087) 30.03.2013 - 06.04.2013 г

Сенсацыі і перспектывы Акадэміі музыкі

Рамонт, рэканструкцыя, рэстаўрацыя архітэктурна-гістарычных помнікаў, будынкаў культурных устаноў краіны сталі ўжо прыкметай часу. Наспела чарга і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі: упершыню будынак яе галоўнага корпуса, узведзенага ў 1950-я гады, чакае той жа лёс: капітальны рамонт з рэканструкцыяй ды рэстаўрацыяй і нават узвядзенне “прыбудовы” ва ўнутраным дворыку (гл. “К” № 9 за 2013 г.). Каб даведацца аб падрабязнасцях, мы сустрэліся з рэктарам гэтай навучальнай установы, доктарам мастацтвазнаўства, прафесарам Кацярынай ДУЛАВАЙ. Але размова, вядома, закранула і многія творчыя пытанні, бо насамрэч разнастайныя інфармацыйныя нагоды з’яўляюцца ў Акадэміі музыкі ледзь не штодня: тут і новыя лаўрэаты, і цікавыя творчыя праекты, і глыбокія, часам сенсацыйныя, даследаванні айчыннай ды замежнай культуры.

— Самым, бадай, сенсацыйным “адкрыццём” апошняга часу стала для нашай прафесуры наяўнасць дадатковай “зямельнай маёмасці” ўстановы. Рыхтуючыся да капрамонту, які запланаваны на будучы год, падрабязна вывучаючы дакументацыю, мы звярнулі ўвагу на тое, што за намі замацавана тэрыторыя ўнутранага дворыка, якая пакуль не выкарыстоўваецца. А ёсць жа шмат прыкладаў “запаўнення” двара ў цэнтральнай частцы горада. Дастаткова ўзгадаць Нацыянальны мастацкі музей, нядаўна адрэстаўраваны Цырк: такія збудаванні, узведзеныя спецыялістамі з улікам асаблівасцей гістарычна складзенага цэнтра Мінска, не наносяць шкоды абліччу горада. Падобная практыка існуе і ў замежжы: той жа Марыінскі тэатр у Санкт-Пецярбургу вядзе будаўніцтва дадатковых плошчаў. Што ж да нашай Акадэміі, дык плошча можа павялічыцца на 2 тысячы квадратных метраў. Для нас гэта вельмі важна! Абодва праекты новага корпуса, створаныя навуковымі сіламі БНТУ, прэзентаваліся на пасяджэнні вучонай рады Акадэміі, яны выкладзены на афіцыйным сайце нашай навучальнай установы. Першы зроблены ў стылі хай-тэк, другі — больш акадэмічны стылёваму рашэнню галоўнага корпуса. Ужо пачалося апытанне і вывучэнне грамадскай думкі.

/i/content/pi/cult/420/8614/1-1.jpeg

— Якія ж вынікі інтэрнэт-галасавання?

— Працэнтаў шэсцьдзясят — за другі праект.

— Бо кансерваторыя — кансерватыўная?

— Зусім не. Але ў другім праекце прадугледжана больш карыснай плошчы, якой нам так не хапае. Мяркуйце самі. Цяперашні будынак быў разлічаны на 400 чалавек, а ў нас зараз навучаецца ў тры разы больш — 1 200. Да таго ж, разрасліся адміністрацыйныя і вучэбныя структуры. Нягледзячы на тое, што некалькі гадоў таму Акадэмія набыла другі корпус, змешчаны непадалёк, плошчамі мы зараз забяспечаны, паводле нарматываў, толькі на 65 працэнтаў. А патрэбны ж не адно квадратныя метры, а яшчэ і іх акустычная прыдатнасць ды аснашчанасць! Студэнты імкнуцца, да прыкладу, да такога майстра, як народны артыст Беларусі, народны артыст СССР Валянцін Елізар’еў, які рыхтуе харэографаў, балетмайстраў. І для заняткаў гэтай кафедры патрэбна рэпетыцыйная балетная зала — мы ж яе пакуль арандуем у цырку. Неабходна і репетыцыйная сцэна, і іншыя памяшканні для Опернай студыі. Няблага мець і камерную залу з добрай акустыкай. А як размешчаны сёння нашы бібліятэка, фанатэка! Фонды раскіданы па некалькіх кропках, штосьці — у падвалах. Чытальная зала павінна мець значна больш месцаў, чым маем зараз. Педагогам мы абавязаны прадастаўляць памяшканні, бо яны таксама рыхтуюцца да канцэртаў, пішуць навуковыя працы. Вядома, уся гэтая работа пакуль перамяшчаецца “на дом”, але там не лепшыя ўмовы, бо патрэбны і раяль, і месца для яго, і, прабачце за побыт, спагадлівыя суседзі. У выніку планавага капрамонту галоўнага корпуса, як не цяжка зразумець, менавіта ў гэтым сэнсе наша становішча не палепшыцца: так, будынку будзе вернуты першапачатковы выгляд, бо за гады існавання Акадэміі тут рабіліся некаторыя перапланіроўкі, але новых плошчаў гэта не дадасць. Таму і пачалі мы захады па “пашырэнні”.

— У 1970 — 80-я ў фае кансерваторыі, як раней называлася Акадэмія, стаяў прыгожы макет прыбудовы, запланаванай на тое месца, дзе зараз стаіць гатэль “Еўропа”. Але той макет так і не ўвасобіўся…

— Сёння ўсё сапраўды рэальна. Да ліпеня мы афармляем заяўку, каб нас уключылі ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2014-ы. Тады можна будзе пачынаць рыхтаваць ПКД. А следам — і пачынаць будаўніцтва. Дадам, што на 2014 год запланаваны і рамонт інтэрната, дзе таксама хапае праблем. Што ж да асноўнага корпуса, дык пасля будаўніцтва гатэля “Еўропа”, як вядома, у сцяне Акадэміі музыкі з’явілася расколіна, пачалі “з’язджаць” прыступкі лесвіцы… І касметычнымі мерамі, якія прадпрымаліся і прадпрымаюцца, тут не абыдзешся. Гарадскія і дзяржаўныя ўлады добра гэта разумеюць, таму капітальны рамонт, прадугледжаны ў 2014-м, адбудзецца абавязкова. А там паўстане і новы будынак у дворыку. Мы глядзім на гэта з аптымізмам.

/i/content/pi/cult/420/8614/1-2.jpeg

А які з двух варыянтаў новага корпуса Акадэміі музыкі больш падабаецца вам?

/i/content/pi/cult/420/8614/1-3.jpeg

— А на тыя няпростыя пытанні, што ставяцца зараз ва ўсёй сферы адукацыі? Балонскі працэс, стандартызацыя вышэйшай адукацыі, скарачэнне тэрмінаў навучання — наколькі ўсё гэта можа аптымізаваць падрыхтоўку музычных кадраў найвышэйшага разраду?

— У самім вашым пытанні ўжо ёсць некаторы “правакацыйны” момант — пэўна, прывабны для чытачоў. Адразу заўважу, што гэтая праблема сёння закранула не толькі Беларусь, яна неаднаразова ўзнімаецца на міжнародным узроўні — на той жа нядаўна ўтворанай Радзе рэктараў кансерваторый краін-удзельніц СНД, членам якой з’яўляюся і я. Спяшацца тут не трэба. Бо, з аднаго боку, ёсць Балонскі працэс, а з другога — тыя надзвычай плённыя і правераныя часам традыцыі, што закладаліся колішняй рускай і беларускай музычнай школай, прызнанай ва ўсім свеце.

— Але ж час не стаіць на месцы…

— У параўнанні з іншымі ВНУ, у нас шмат спецыфікі, якую неабходна ўлічваць, бо пераважаюць індывідуальныя заняткі. Таму і зусім іншыя суадносіны колькасці студэнтаў ды выкладчыкаў.

Зусім іншае значэнне набывае ў нас і так званы пенсійны ўзрост. Бо, зразумела, для студэнта лепш навучацца ў тых музыкантаў, якія самі добра адчулі сцэну, назапасілі канцэртны вопыт. Па некаторых жа спецыяльнасцях (да прыкладу, на тых жа духавых інструментах), калі не пачнеш актыўна канцэртаваць з маладосці, дык у сталым узросце ўжо нават фізічныя сілы будуць не тыя: усе духавікі, як правіла, спачатку — самі граюць, а потым — выкладаюць. Як і ў харэаграфіі, дзе сцэнічны ўзрост артыстаў абмяжоўваецца прыблізна сарака гадамі. У цэлым жа, значна больш часу патрабуецца на тое, каб выхаваць сапраўднага музыканта-выканаўцу.

— Традыцыі могуць быць важнейшымі за найноўшыя методыкі?

— Справа ж не ў тым, каб навучыць націскаць на патрэбныя клавішы, — неабходна яшчэ выхаванне асобы, той псіхалагічны і культурны падмурак, які насамрэч будуецца ўсё жыццё. Музыкант, па вялікім рахунку, ніколі не завяршае сваёй адукацыі! Гэта тое, што будзе з ім назаўжды: штодзённыя рэпетыцыі, удасканальванне майстэрства, творчы пошук — каб не проста граць, а мысліць гукамі, каб карыстацца інструментам, бы паветрам, без якога не пражыць. Бясконцасць усяго гэтага закладзена як на фізіялагічным, так і на філасофскім узроўнях. Мы і так ужо страцілі нямала ў вышэйшай музычнай адукацыі. Напрыклад, бясплатнае падрыхтоўчае аддзяленне для будучых кампазітараў ды вакалістаў — цяпер яно толькі платнае, што, на жаль, не ўсе могуць сабе дазволіць. Мастацкая ж адукацыя — увогуле самая фінансава затратная, бо тут і індывідуальныя заняткі, і неабходнасць добрых музычных інструментаў: адзін канцэртны раяль каштуе ледзь не палову гадавога пазабюджэтнага фонду нашай ВНУ. А калі, напрыклад, рэалізаваць перападрыхтоўку па музычна-выканальніцкіх спецыяльнасцях для тых, хто ўжо мае вышэйшую музычную адукацыю, гэта будзе каштаваць не менш чым 15 мільёнаў рублёў за паўтара года. Ці ж рэальна гэта для музыкантаў, заробкі якіх зусім не астранамічныя? Страцілі мы сёння і асістэнтуру-стажыроўку як паслядыпломную форму навучання для музыканатаў-выканаўцаў, якая існавала больш за пяцьдзясят гадоў! Засталася толькі аспірантура, але ў яе — іншыя мэты, там трэба пісаць дысертацыю. А сапраўдная “дысертацыя” канцэртуючага музыканта выяўляецца не на вербальным узроўні (маўляў, трэба граць так і гэтак), а ў падрыхтаваных ім канцэртных праграмах, у новых музычных трактоўках класікі, у выкананні найноўшых твораў. Ці ж гэта не “даследаванне”, не “інавацыйнасць”! Так што будзем вывучаць вопыт Расіі, Украіны, краін Прыбалтыкі, дзе ўжо адбыўся пераход да Балонскай сістэмы, будзем улічваць тамтэйшыя памылкі, новыя праблемы, якія ў іх узніклі, — спяшацца не трэба.

— Не паверу, што не з’явілася нічога новага, акрамя “будаўнічых праектаў”, з якіх мы пачалі…

— Чаму ж? Выпускныя іспыты пройдуць сёлета ў новым фармаце. Тыя маладыя музыканты, якія прэтэндуюць на атрыманне кваліфікацыі сольнага канцэртнага выканальніцтва, будуць здаваць дзяржаўныя экзамены па спецыяльнасці ў выглядзе асобных канцэртаў: і камерных, і, што вельмі важна, з аркестрам — увечары, перад публікай. Атрымаецца штосьці накшталт фестывалю, расцягнутага на месяц, бо тут будуць задзейнічаны прадстаўнікі розных выканальніцкіх спецыяльнасцей. Падкрэслю, тое датычыцца самых лепшых нашых выхаванцаў — лаўрэатаў шматлікіх прэстыжных конкурсаў, тых музыкантаў, якія маюць багатую канцэртную практыку сольных выступленняў перад публікай. Мы даўно марылі пра такую форму іспытаў, бо яна, з аднаго боку, дае магчымасць больш поўна ацаніць творчы патэнцыял лепшых выпускнікоў, з іншага ж — узнімае статус навучальнай установы, папулярызуе акадэмічную музыку, нарэшце, робіць сталічную канцэртную афішу яшчэ больш разнастайнай. Карысць ад яе — паўсюдная. Так што чакаем прыхільнікаў класікі ў маі! Але гэта — толькі бліжэйшыя перспектывы.

— А што з міжнароднымі праектамі?

— Яны прыносяць плён. Тое ж супрацоўніцтва з аналагічнымі навучальнымі ўстановамі іншых краін. Ёсць і цікавыя творчыя праекты Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД. Тут і так званае “Новае перасоўніцтва”: даволі працяглыя, па некалькі дзён, грунтоўныя лекцыі і майстар-класы вядучых спецыялістаў Маскоўскай і Санкт-Пецярбургскай кансерваторый, прычым па ўсіх спецыяльнасцях. І канцэрты маладзёжнага сімфанічнага аркестра нашай Акадэміі музыкі ў партнёрскіх ВНУ. Так, ужо 19 верасня студэнцкі сімфанічны дасць канцэрт у двух аддзяленнях у знакамітай Канцэртнай зале імя Чайкоўскага Маскоўскай дзяржкансерваторыі. Вядома, праграма рыхтуецца, ёсць цікавыя прапановы, у тым ліку звязаныя з выкананнем сімфанічных твораў беларускіх кампазітараў. Вельмі хочам максімальна прадставіць там не толькі нашы выканальніцкія, але і нацыянальную кампазітарскую школы. Ганарыцца ёсць чым!..

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"