Сакрэты Гальшан у фармаце карнавалу

№ 22 (1045) 02.06.2012 - 08.06.2012 г

Свята ў арэале замка

/i/content/pi/cult/380/7482/1-1.jpegЯскравым прыкладам руплівай працы па зберажэнні і, што немалаважна, адраджэнні багатай спадчыны нашага народа сталі мерапрыемствы ў старадаўніх Гальшанах. Гэта, у прыватнасці, - V Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Гісторыка-культурная спадчына Ашмяншчыны", а таксама ўжо традыцыйны фестываль "Гальшанскі замак". Наш карэспандэнт пабываў на абодвух падзеях.

Дзень адкрыццяў

Канферэнцыя сапраўды несла як навуковы, так і практычны характар, бо ў яе рамках не толькі акрэсліваліся тэарэтычныя дасягненні айчынных гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў, але і існавала магчымасць на ўласныя вочы пабачыць месца раскопак на старажытным гальшанскім селішчы, якімі сёлета займаецца разам з калегамі малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Павел Кенька, а таксама пабываць на гарадзішчы - месцы гераічных і, разам з тым, трагічных падзей нашай мінуўшчыны. На невялікай тэрыторыі ў свой час па суседстве жылі балцкія і славянскія плямёны. Між іншым, дзякуючы гэтым раскопкам удалося выявіць унікальныя артэфакты, якія на тэрыторыі Беларусі дагэтуль не сустракаліся, і ў прыватнасці - элементы старажытнай зброі, а разам з адкрыццямі на некалькі стагоддзяў "ссунуць" храналагічныя рамкі існавання паселіш/i/content/pi/cult/380/7482/1-2.jpegча на тэрыторыі сучасных Гальшан, першая дакументальная згадка пра якія датуецца 1280 годам.

Новыя факты з мінуўшчыны рэгіёна прадставілі ў рамках канферэнцыі і "тэарэтыкі". У прыватнасці, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Аляксандр Ярашэвіч пазнаёміў з гісторыяй, іканаграфіяй і арэалам шанавання Цудадзейнага Барунскага абраза Маці Божай. Кандыдат гістарычных навук Аляксей Шаланда агучыў цікавыя факты пра гербы ашмянскай шляхты XVI - XVIII стст., у тым ліку распавёў пра дынаміку іх змянення, вызначаныя кампіляцыі і ўнікальныя адметнасці. У сваю чаргу, малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Рагнеда Аляхновіч у выступленні закранула яшчэ пакуль малавывучаную, але вельмі цікавую тэму, прысвечаную пасагам і так званым вяноўным запісам князёвен Гальшанскіх. Да прыкладу, аказваецца, што ў Сярэднявеччы муж і жонка не лічыліся родзічамі, а таму пасля смерці аднаго з іх маёмасць памерлага пераходзіла толькі да яго крэўных сваякоў.

Не абышлі супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук і тэму праблемы ўліку, захавання і аховы археалагічных помнікаў Ашмяншчыны. Так, па словах загадчыка аддзела Інстытута гісторыі, кандыдата гістарычных навук Вадзіма Лакізы, сёння на тэрыторыі Гродзеншчыны застаецца вельмі шмат месцаў старажытных паселішчаў, гарадзішчаў, якія не ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, а таму знаходзяцца пад пагрозай знішчэння.

Асобна трэба адзначыць выступленні мясцовых школьніц, якія прапанавалі сваё бачанне па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны. У прыватнасці, шасцікласніца Алена Акушко правяла грунтоўнае даследаванне па праблеме добраўпарадкавання сядзібы ХІХ ст. у вёсцы Будзёнаўка, якая з напаўзакінутага будынка мае ператварыцца ў годны турыстычны аб'ект. У тым ліку дзякуючы перадачы яго на баланс Ашмянскага мясакамбіната, дырэктар якога Тамара Філіповіч вядомая сваім неабыякавым стаўленнем да культуры.

Акрамя таго, у рамках канферэнцыі адбыўся шэраг выставак, у тым ліку - фотаздымкаў аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Ашмяншчыны "Шануючы памяць краю свайго...", праекта "Гальшанскі альфабэт", дэманстрацыя новых археалагічных знаходак на тэрыторыі Ашмянскага раёна, а таксама жывапіснай экспазіцыі ў мясцовым Доме культуры "Культавыя збудаванні вачыма юных мастакоў" па выніках рэгіянальнага конкурсу дзіцячых школ мастацтваў Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў.

/i/content/pi/cult/380/7482/1-3.jpegЗавяршылася ж канферэнцыя не звыклым абмеркаваннем дакладаў, а адмысловым канцэртам духоўнай музыкі ў касцёле Святога Яна Хрысціцеля, у якім прынялі ўдзел артыстка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Ганна Бяляева, дыпламант міжнародных конкурсаў Іван Юркевіч і кампазітар Ганна Кароткіна.

Дзень фестывалю

Тым часам з самага вечара ўжо заканчвалася праца па падрыхтоўцы мястэчка да "Карнавалу стагоддзяў" - менавіта так назвалі сёлетні фестываль "Гальшанскі замак" яго арганізатары, сярод якіх - Ашмянскі райвыканкам і прыватнае турыстычнае агенцтва. Варта адзначыць, што ў падрыхтоўку рыцарскага фэсту ўнеслі ўклад і мясцовыя жыхары, сіламі якіх была добраўпарадкавана пляцоўка каля замка. Невыпадкова для гальшанцаў былі прадугледжаны і істотныя зніжкі пры набыцці білета на тэатралізаванае дзейства.

З самага ж ранку ў Гальшанах распачалі працу забаўляльныя ды рамесныя пляцоўкі, гаспадарамі якіх былі не толькі майстры з Ашмяншчыны, але і госці з Воранаўскага, Валожынскага раёнаў, а таксама з Мінска. Менавіта ўдзельнікі рыцарскіх клубаў з беларускай сталіцы прадставілі свае незвычайныя майстэрскія здольнасці. У прыватнасці, аднымі з самых запатрабаваных падворкаў аказаліся тыя, дзе можна было набыць не шашлык ці марожанае, а не што іншае, як індульгенцыю, замацаваную на месцы сургутнай пячаткай, а таксама адмысловыя фібулы, медальёны ды іншыя ўпрыгожанні, якія як дзве кроплі вады падобныя на артэфакты з археалагічных раскопак. Тым не менш, яны вырабляліся ў прысутнасці здзіўленай публікі.

Акрамя таго, навінкай фестывалю стаў парад рэтра-аўтамабіляў і ўсяго аднаго матацыкла, які, між іншым, мае дачыненне да гадоў Вялікай Айчыннай вайны. Што цікава, мясцовыя жыхары таксама не разгубіліся і прадставілі свае ўзоры рэтра-тэхнікі: адмысловы гужавы транспарт, на якім з задавальненнем перамяшчаліся госці Гальшан.

Нельга не адзначыць і творчую частку фестывалю. У прыватнасці, публіцы спадабаліся пастаноўкі "Сватанне Ягайлы да Соф'і Гальшанскай" і "Каралеўскае вяселле", а таксама спектакль "Карнавал стагоддзяў". І безумоўна, гасцям "Гальшанскага замка" прыйшоўся даспадобы канцэрт старадаўняй музыкі з удзелам "Старога Ольсы", "Уніі", і дзі-джэй праекта "Пава", а таксама феерычнае фаер-шоу... Істотная частка сродкаў, атрыманая ад рэалізацыі ўваходных білетаў, пойдзе на кансервацыю замка, якая мае распачацца бліжэйшым часам, а таму кожны госць "Карнавалу стагоддзяў" не толькі пабачыў цікавае дзейства, але і ўнёс свой уклад у аднаўленне архітэктурнага аб'екта.


наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Гальшаны - Мінск

Фота аўтара

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"