“Маладзільны яблычак” для опернай класікі

№ 22 (1045) 02.06.2012 - 08.06.2012 г

20 — 25 мая ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі прайшоў Маладзёжны форум опернага мастацтва краін СНД. Шэсць спектакляў, у кожным з якіх быў задзейнічаны інтэрнацыянальны склад удзельнікаў, сталіся сапраўдным святам для аматараў музыкі, пазнаёміўшы ажно з шаснаццаццю гасцямі з Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Узбекістана, Украіны. Адначасова форум выявіў шэраг унутрытэатральных праблем, звязаных з захаваннем і падтрымліваннем у належным стане даўно пастаўленых спектакляў.

/i/content/pi/cult/380/7461/7_1.jpegНовыя вымярэнні супраць стэрэатыпаў: спектаклі — вядомыя, абліччы — маладыя

Тры дарогі, тры шляхі

Сапраўды, для фестывальнай праграмы былі абраны спектаклі “са стажам”, пастаўленыя яшчэ да рэканструкцыі. Ім давялося перажыць часовае “забыццё”, “скарочаныя” па сцэнаграфіі варыянты прыстасавання да меншай па памерах сцэны Дома афіцэраў, далейшае аднаўленне ў адрамантаваным тэатры. Вядома, на кожным з этапаў штосьці змянялася не толькі ў афармленні, але і ў самой пастановачнай канцэпцыі. Тым больш, што ніводны з рэжысёраў, якія ў свой час ставілі вылучаныя на форум спектаклі, сёння ў тэатры не працуе. Ды і кожны з салістаў (асабліва запрошаных) уносіць, вядома, нешта сваё.

Як жа існуюць спектаклі ў сітуацыі такіх рознабаковых уздзеянняў? Па-рознаму. Але ёсць і дзве агульныя тэндэнцыі — вядома, супрацьлеглыя. Адна — да ўзбагачэння першаснага варыянту, да такога яго развіцця, калі спектакль лёгка, бязбольна прыстасоўваецца да новых абставін. Зразумела, сам па сабе ён зрабіць гэта не можа: усё залежыць ад тых, хто непасрэдна спрычыняецца да яго сцэнічнага выхаду. Другая ж тэндэнцыя — да разбурэння спектакля, частковага ці канчатковага. Праўда, ёсць яшчэ і трэцяя — як “спрыяльны” варыянт другой. Бо на месцы цалкам разбуранай былой канцэпцыі можна заўважыць не яе рэшткі, а парасткі новай, яшчэ больш цікавай. Гэткі "апгрэйд", якім, з лёгкай рукі камп'ютаршчыкаў, пачалі называць паляпшэнне шляхам замены частак. Дык што з усяго гэтага мы насамрэч убачылі?

Святло не ў канцы не тунэля/i/content/pi/cult/380/7461/7_2.jpeg

Бадай усе спектаклі сталі больш дасканалымі па асвятленні. Новымі фарбамі заззяла “Іаланта”, якая яшчэ зусім нядаўна, здавалася, страціла ўсю прыгажосць, нададзеную ёй мастаком Эрнстам Гейдэбрэхтам. Сонечным ззяннем расцвіла “Кармэн”, дзеянне якой адбываецца ў “краіне вечных апельсінаў”. Трагічная “Багема”, дзе героі пакутуюць на змрочным паддашку, атрымала асаблівую сакавітасць чорнага колеру, які пераважае ў большасці карцін. Яшчэ больш кантрасным стала супрацьпастаўленне ў спектаклях белага і чорнага, святла і цемры, больш з’явілася і адценняў — менавіта ў колерах.

А вось наконт адценняў у псіхалогіі — тут было далёка не ўсё так адназначна. За выключэннем хіба таго, што папраўдзе найлепшымі ў распрацоўцы характараў сваіх персанажаў аказаліся беларускія салісты — маладыя і сталыя. Немагчыма забыцца на палкага, але жудасна раўнівага Хазэ Эдуарда Мартынюка ў “Кармэн”, каларытнага Альцындора Васіля Кавальчука ў “Багеме”, высакароднага караля Рэнэ Андрэя Валенція ў “Іаланце”, на Жоржа Жэрмона Станіслава Трыфанава ў “Травіяце”, не толькі не “зашпіленага на ўсе гузікі”, але і схільнага да спачування. Пералічваць можна ўсіх, хто ўдзельнічаў у спектаклях форуму! Праўда, не ўсе іх памкненні атрымлівалі адпаведную сцэнаграфічна-мізансцэнічную акантоўку.

/i/content/pi/cult/380/7461/7_3.jpeg“Траекторыя” партыі

Аксана Волкава, бы прыроджаная Кармэн, шыкоўна спявала, цудоўна рухалася ды танцавала, натуральна пачувала сябе з усімі партнёрамі па сцэне, уключаючы артыстаў хору і мімансу, асэнсоўвала кожны жэст, слова, кожны ўчынак сваёй гераіні. А што ж астатнія? Кармэн кідае кветку — і ніводны з мужчын, якія толькі што кляліся ёй у каханні, не збіраецца яе падымаць. А праз некалькі тактаў яна кіне кветку Хазэ — і той схавае яе ля самага сэрца. Дык вось, аказваецца, у чым разгадка закаханасці прыгажуні ў салдата: маўляў, не яна яго выбірае, а ён — яе, нікому асабліва не патрэбную. Можа, гэта і ёсць развенчванне стэрэатыпаў? Смешна, калі не было б так сумна. Дый цыганы, аказваецца, — людзі надзвычай лянівыя, з месца іх не зрушыць: стаяць, бы тыя помнікі, кожны на сваім “азначаным” месцы, а калі і рухаюцца — быццам у запаволенай здымцы прыёмам рапіду. Тое ж са святочнай публікай, што ідзе на бой быкоў: чым не пахавальнае шэсце — у памяць тых жа быкоў?

Яшчэ больш “франтальна”-аратарыяльных мізансцэн у “Іаланце”: там увогуле ніхто нікуды не рухаецца. Пэўна, каб не збіць з ног невідушчую гераіню. Можна, канешне ж, абвінаваціць ва ўсім артыстаў хору на чале з Нінай Ламановіч. Але спяваюць яны — выдатна! І рухацца ўмеюць добра, пра што сведчаць многія іншыя спектаклі. Але калі з салістамі, якія ўводзяцца ў спектакль, яшчэ больш ці менш працуюць над “траекторыяй” партыі, дык хор застаецца — сам па сабе.

Ты — мне, я… сабе/i/content/pi/cult/380/7461/7_4.jpeg

Пачуццё партнёрства — самае, бадай, галоўнае, што патрабуе ад оперных спевакоў гастрольная дзейнасць. У гэтым сэнсе такія форумы, як наш, можна лічыць непераўзыдзенымі майстар-класамі, якія атрымліваюць яго ўдзельнікі. Дасканалае партнёрства патрэбна ў кожным спектаклі, але ў той жа “Багеме”, дзе ўсё пабудавана на музычных дыялогах з часта дробнымі рэплікамі, яно неабходна ўдвая і ўтрая. Тое, як вытрымалі гэтае выпрабаванне салісты на чале з вядомым маскоўскім дырыжорам Феліксам Корабавым, — вышэй за ўсе ўхвалы. І гэта прытым, што казахскі тэнар Медэт Чатабаеў настолькі паглыбіўся ў паэтычную натуру свайго Рудольфа, што не заўважаў нічога навокал, вольна абыходзячыся з тэмпамі, раз-пораз спыняючыся на доўгіх нотах. Пры папраўдзе зорным складзе лепшым за ўсіх быў Уладзімір Громаў, хаця пра тое, што будзе спяваць Марсэля, ён даведаўся літаральна напярэдадні — рыхтаваўся выканаць у гэтым спектаклі партыю Шанара, дзе яго замяніў Аляксандр Краснадубскі. Гэткім жа “лепшым за ўсіх” быў Уладзімір Пятроў, хаця партыю вердзіеўскага Рыгалета спяваў толькі другі раз у жыцці.

А вось у “Іаланце” героі існавалі ў розных вымярэннях — ужо паводле сваіх вакальных даных і культуры спеваў. Натхнёнаму, апантанаму і адначасова шляхетнаму Ільі Сільчукову (Рабэрт) трапіў “у сябры” ўкраінец Алег Злакаман (Вадэмон) — з больш характарным, а не лірычным тэнарам, ды яшчэ з “народнымі” адценнямі, прыдатнымі, можа, у “Садко” з яго казачна-фальклорнай тэматыкай, але не ў філасофскай казцы-прытчы з французскім месцам дзеяння.

/i/content/pi/cult/380/7461/7_5.jpegАдшукаем гераіню?

Сярод гасцей не было “правальных” спевакоў. Але не ўсе з іх адпавядалі тым цэнтральным партыям, на якія былі запрошаны. Асабліва відавочна гэта было, як ні дзіўна, сярод сапрана, якія лічацца адным з самых распаўсюджаных галасоў. Але ж колькасць, відаць, не заўсёды перацякае ў якасць, што было заўважна ў “Іаланце” і — асабліва — “Травіяце”. Нават такая выдатная спявачка, як Дана Браманэ з Латвіі, якая надала Мікаэле ў “Кармэн” не традыцыйна “матчыны” пачуцці, а сапраўдную дзявочую закаханасць, непасрэднасць ды кемлівасць, саступала нашай Настассі Масквіной, якая, на жаль, у форуме не ўдзельнічала. Сапраўдным адкрыццём сталіся дзве ўладальніцы высокіх жаночых галасоў. Ураджэнка Беларусі, а цяпер салістка Марыінскага тэатра Кацярына Шымановіч паўстала ідэальнай Яраслаўнай у “Князі Ігары”. А масквічка Наталля Петражыцкая не пабаялася зрабіць Мімі ў “Багеме” крыху нягеглай, зусім не фотагенічнай — кранальнай не знешне, а менавіта ў душы.

Чаго каштуе “апгрэйд”?

Асабліва яскравым прыкладам “цудоўнага амаладжэння” старога спектакля стаўся “Князь Ігар”. Гэты спектакль, які завяршаў форум, чакаўся адным з самых праблематычных — у тым сэнсе, што ў ім удзельнічала ажно пяцёра гасцей, і ўсе — з розных тэатраў са сваімі традыцыямі ды спеўнымі школамі. Атрымалася ж — лепш не бывае! Не толькі таму, што ўсе спявалі на выключным узроўні (адзін наш Юрый Гарадзецкі чаго варты!). Менавіта гэты спектакль можна лічыць прыкладам вышэй азначанай “трэцяй тэндэнцыі”. Сваёй колішняй пастаноўкай Юрый Аляксандраў імкнуўся “сцерці пыл” з летапіснага рукапісу. Тое ж самае зрабілі салісты са сваімі героямі. Мы ўбачылі не "збранзавелыя" летапісна-міфалагізаваныя “парадныя партрэты”, а жывых, “ачалавечаных” персанажаў — да ўсяго, больш праўдзівых гістарычна. Малады князь Ігар, малады Канчак — гэта, калі хочаце, і ёсць сапраўдны “рэалізм”, бо наўрад ці ў сталым узросце гэтак спрытна паваюеш, дый працягласць жыцця раней была значна карацейшая.

Вынікам форуму павінна стаць фарміраванне цэлага корпуса маладых спевакоў з розных краін, якія атрымаюць умоўны статус “пастаянных” запрошаных салістаў нашага тэатра. Хтосьці, дарэчы, ужо можа лічыць сябе “напалову беларусам”. Інара Бабаева з Азербайджана (Мюзэта ў “Багеме”) удзельнічала ў прэм’еры спектакля “Аршын мал алан” у нашым Музычным тэатры і ў тамтэйшым фестывалі “Наталля Гайда запрашае”. Наджымідзін Маўлянаў з Узбекістана таксама не ўпершыню спяваў на нашай сцэне Рудольфа ў “Травіяце”. Хто наступны?..

На здымках: сцэны са спектакляў "Багема", "Князь Ігар" "Травіята", "Іаланта".

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"