Крыштальны шар Марка Ротка

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

Калі сцісла ахарактарызаваць творчасць гэтага выдатнага амерыканскага мастака, дык ён быў жывапісцам метафізічнага, які стварыў уласны стыль, звёў разам “жывапіс колеравага поля” і абстрактны экспрэсіянізм. У асноўным, ён маляваў карціны вялікіх фарматаў, з прамавугольнымі колеравымі палямі, якія, здаецца, лунаюць у прасторы. Гэта Марк Ротка — дакладней, Маркус Якаўлевіч Ратковіч. Усе замежныя каталогі і энцыклапедыі паведамляюць, што ён нарадзіўся “ў горадзе Дзвінску (Латвія)”. Менавіта так: “Латвія”. Гэта не зусім правільна. Так, ён нарадзіўся 25 верасня 1903 г. і сапраўды ў Дзвінску. Але тады гэты горад з 1777 г. уваходзіў у склад Віцебскай губерні і толькі ў 1920-м стаў латвійскім Даугаўпілсам. А мастак пакінуў свой родны Дзвінск і эмігрыраваў у ЗША яшчэ за год да пачатку Першай сусветнай вайны.

/i/content/pi/cult/281/4445/pic.jpgРос ён у вялікай адукаванай яўрэйскай сям'і фармацэўта, дзе размаўлялі на ідышы і рускай мове. У пяцігадовым узросце Маркус паступіў у Яўрэйскую рэлігійную школу - хедэр, дзе вывучаў Талмуд і Пяцікніжжа. Дзіўна, але астатнія дзеці ў сям'і працягвалі атрымліваць свецкую адукацыю: так жадаў бацька Якаў. І вось надышоў час, калі глава сямейства сур'ёзна задумаўся пра будучыню сваіх нашчадкаў: іх жа хутка павінны былі забраць на службу ў армію (тады Віцебшчына ўваходзіла ў склад Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі), ды і цень яўрэйскіх пагромаў, пра якія хадзілі чуткі, недзе лунаў побач, выклікаючы пэўную турботу.

Была і другая прычына пакінуць Радзіму: за пару гадоў да гэтага двое братоў Якава (дзядзькі Маркуса) ужо з'ехалі ў ЗША і асталяваліся ў Портлендзе (штат Арэгон), дзе заняліся вырабам адзення. І бацька, пакінуўшы Маркуса з маці ды старэйшай сястрой у Дзвінску, адзін махнуў у Штаты "на разведку", да сваіх братоў. Але ўжо зімой 1913 г. Якаў выклікаў жонку, сына і дачку ў Амерыку: там яму спадабалася. Аднак праз некалькі месяцаў бацька памёр, і сям'я засталася без сродкаў на пражыццё. Усім дзецям давялося працаваць. Маркус дапамагаў дзядзьку, прадаючы газеты і часопісы супрацоўнікам склада адзення, і паралельна навучаўся ў агульнаадукацыйнай школе, ды так паспяхова, што яго хутка перавялі з 3-га ў 5-ы клас. Ён у дасканаласці авалодаў англійскай мовай і стаў актыўна ўдзельнічаць у жыцці мясцовага яўрэйскага згуртавання, асабліва- у палітычных дыскусіях. Пасля школы паступіў у Ельскі універсітэт, дзе першы год вучыўся дзякуючы атрыманаму за выдатны школьны атэстат гранту, а пазней, калі датацыя скончылася, працаваў чорнарабочым, каб аплаціць навучанне. Але так здарылася, што хутка ён кінуў універсітэт, і вярнуўся туды толькі праз... 46 гадоў - каб атрымаць ганаровую ступень доктара прыгожых мастацтваў!

 Восенню 1923 г., наведваючы свайго сябра ў Школе мастацтваў у Нью-Йорку, ён пабачыў, як мастакі малявалі мадэль. Як потым Марк казаў, у той момант ён/i/content/pi/cult/281/4445/pic_2.jpg "нарадзіўся як жывапісец". Пазней Ротка паступіў у "Новую школу дызайну", дзе яго настаўнікам стаў адзін з папярэднікаў "жывапісу дзеяння" Аршыле Горкі (Васданіч Монуг Адаян. У час Першай сусветнай вайны яго армянская сям'я таксама эмігрыравала ў ЗША.). Менавіта ён і яшчэ Макс Вебер вельмі моцна паўплывалі на раннюю творчасць Ратковіч: з тых гадоў ён стаў успрымаць мастацтва як інструмент эмацыйнага і рэлігійнага самавыяўлення.

Дарэчы, Макс Вебер (1881 - 1961 гг.) - таксама выхадзец з беларускіх земляў. Нарадзіўся ў Беластоку Гродзенскай губерні (тагачасны Паўночна-Заходні край Расійскай імперыі). У 10-гадовым узросце разам з бацькамі эмігрыраваў у ЗША. Ён вывучаў жывапіс у інстытуце "Pratt" у Берліне, а потым, ужо ў Парыжы, наведваў мастацкую школу Анры Маціса. Акрамя Вебера, на маладога Ратковіча пэўны ўплыў аказалі творы Пауля Клее і Жоржа Руо, а пазней, у 1930-я гг.,- калярова-тэкстурны жывапіс Мільтана Аверы.

У 1929-м 26-гадовы Маркус стаў выкладаць выяўленчае мастацтва ў Цэнтральнай акадэміі, дзе і прапрацаваў ажно да 1952-га. У пачатку 1930-х узяў шлюб з дызайнерам ювелірных аздабленняў Эдзіт Захер. Але праз 10 гадоў шлюб распаўся. Новую жонку звалі Мэры Эліс Байстле, а новых сяброў, прадстаўнікоў позняга абстрактнага экспрэсіянізму,- Джэксан Полак і Уільям дэ Кунінг. Канешне, побач быў і Аршыле Горкі. На сваёй персанальнай выстаўцы ў 1938-м у портлендскім Музеі мастацтваў Ратковіч паказаў гарадскія ландшафты, партрэты і цыкл ню. А праз два гады ён з сябрамі арганізаваў "Групу дзесяці", канцэпцыя якой гучала наступным чынам: "Пратэставаць супраць распаўсюджанага меркавання пра роўнасць амерыканскага жывапісу і літаральнага жывапісу".

У 1938 г. мастак атрымаў амерыканскае грамадзянства і змяніў сваё імя на творчы псеўданім Марк Ротка. Да гэтага часу яго мастацкая фармальная і стылістычная мова некалькі змянілася. Арганічныя, напаўабстрактныя формы, народжаныя фантазіямі і снамі мастака, атрымалі назву біяморфных.

Інавацыі так яго захапілі, што ў 1936 г. ён нават распачаў працу над кнігай аб падобных прынцыпах дзіцячага малюнка і твораў сучасных яму мастакоў, дзе параўноўваў уплыў прымітыўных культур на мадэрністаў з мімікрычнымі перадумовамі дзіцячай творчасці. Лічыў, што наватармадэрніст як дзіця і чалавек прымітыўнай культуры, якая паўплывала на яго, павінен у ідэальнай і аптымальнай рабоце адлюстроўваць унутраныя адчуванні без умяшальніцтва розуму і ўсялякага там інтэлектуальнага вопыту.

Напрыканцы 1970-х гадоў Ротка прыйшоў да таго нязменнага афармлення карцін, якое зрабіла яго славутым: цягам доўгага часу ён рэдукаваў свае ранішнія формы да гарызантальных прамавугольнікаў, што былі размаляваны ў яркія насычаныя фарбы і абрысаваны мяккімі расплывістымі межамі. Канкрэтных назваў твораў у Ротка, як правіла, няма. Ёсць толькі нумары: гэта значыць, у кожнага гледача ўзнікаюць уласныя асацыяцыі, не звязаныя з назвамі карцін. Вось, напрыклад, палатно "№ 12", на якім жоўта-апельсінавы каларыт чамусьці нястрымана, моцна прыцягвае сваёй фантастычнай яркасцю і вастрынёй. На першы погляд гэта падобна да дызайнерскай дэкарацыі. Але яна "ўсмоктвае", ахутвае цябе, прыводзіць у стан адцягненасці ад навакольнага свету, напаўняе нейкай асаблівай цягучасцю, насычае душу пачуццём трывогі, недаказанасці, наганяе неспазнаныя, нават дэпрэсіўныя, адчуванні.

/i/content/pi/cult/281/4445/pic_3.jpgЗ пачатку 1950-х гг. структура карцін Ротка, у якіх прадмет і форма губляюць усякую сэнсавую нагрузку, мала змянілася. Праўда, замест нумароў з'явіліся назвы, такія, як, напрыклад, "Чорнае, фіялетавае і жоўтае на аранжавым", "Зямлістачырвонае і зялёнае" і г. д. Але творца паранейшаму з рэальнасцю "ажыўляў" прастору непасрэдна праз колер. Папулярнасць Ротка як мастака-наватара суправаджалася яшчэ большымі нервовымі зрывамі. У такім стане ён гучна абураўся тым, што яго называлі абстракцыяністам, які нібыта піша пад уплывам "жывапісу колеравага поля". Не, казаў ён, "я паказваю найстаражытнейшыя чалавечыя паняцці і эмоцыі: трагедыі, экстазы, смерці... Не трэба лічыць мае карціны абстрактнымі. У мяне няма намеру ствараць або акцэнтаваць фармальныя суадносіны колеру і месца. Я адмаўляюся ад натуральнага адлюстравання толькі для таго, каб узмацніць выяўленне тэмы, якая змешчана ў назве..."

Для гэтага Ротка прымяняў прыглушальны колер на сваіх выстаўках: колеравыя блокі ў выніку здаваліся "адвіслымі" ў бязмежнай прасторы, візуальнае ўражанне ўзмацнялася адсутнасцю рам у карцін. Колеравае поле расцякалася да самой мяжы палатна такім чынам, што палатно здавалася раствораным у плоскасці сцяны.

 Інакш кажучы, да пачатку 1950-х гг. ён значна спрасціў структуру сваіх карцін, ствараючы цыкл так званых мультыформ - палотнаў, якія складаліся з некалькіх колеравых плоскасцей. Сам мастак фармуляваў сваю задачу як "простае выказванне складанай думкі".

Але, хаця музеі хадзілі ў 1960-я за Ротка па пятах, поп-арт, што набіраў сілу, прывёў яго ў панічны жах. У бязладных нападках на гэты накірунак Ротка заклеймаваў яго прадстаўнікоў як шарлатанаў. Аднак дэпрэсіўны стан на глебе алкаголю прыняў пагражальныя маштабы ва ўсіх адносінах.

Напрыканцы 1969 г. ён пакінуў дом, дзе жыў з жонкай Мэры Эліс Байстле, сынам і дачкой, і адасобіўся ў сваёй ньюйоркскай майстэрні, як у скіце, дзе 25 лютага 1970 г. і скончыў жыццё самагубствам. Апошнімі значнымі творамі Марка Ротка з'явіліся 14 карцін, створаных для капэлы царквы ў Х'юстане (штат Тэхас).

Трагічны фінал Ротка з'явіўся, на мой погляд, вынікам усяго яго жыцця. Ён шмат разоў падаваў у суд на сваіх крыўднікаў, але ніколі не выйграваў працэс. Часта сварыўся з калегамі, упадаў у цяжкія дэпрэсіі. Невыпадкова сваім мастацтвам спрабаваў выказаць боль чалавечага існавання. Свае карціны лічыў іконамі, перад якімі глядач павінен перажываць рэлігійныя пачуцці. Апошняя работа яго называецца "Чорнае на шэрым": дзве лакальныя колеравыя плоскасці суседнічаюць без усялякіх пераходаў,- усё проста, моцна, трагічна і манументальна.

Канешне, Ротка - не просты мастак. Ён - з генерацыі тых, хто спрабаваў пранікнуць у глыбінны свет пачуццяў і эмоцый, прывесці нас у той стан, які недаступны звычайнаму - павярхоўнаму - погляду на мастацтва. Натуральна, піянерам новага заўсёды даставалася на арэхі ад сваіх супляменнікаў. Аднак інтуітыўны метад успрымання ў ХХІ стагоддзі становіцца больш дамінуючым, і сучаснае мастацтва з цяжкасцю намацвае шлях да чалавека, да яго ўнутранага і глыбіннага "метафізічнага нутра".

Сёння мастацтва ў свеце - гэта тавар, і тавар гэты выстаўляюць на продаж. Галоўнае, каб быў брэнд - пазнавальны гандлёвы знак. Ёсць брэнд- і ўсё будзе выдатна, незалежна ад таго, што і як адлюстравана на карціне... Галоўнае - імя з аўтарскім подпісам. А гэта ўжо каштуе мільёны.

Брэндаў у мінулыя часы не было. Але былі мастакі - прарокі, куміры, уладары дум, якія фарміравалі густ пакаленняў. Усе яны былі асобамі, і, як правіла, - з драматычным лёсам. Галоўнае ж: яны былі ў сваёй справе першымі і- што немалаважна - сумленнымі ды прынцыповымі ў сваіх пошуках ісціны. Гэта сёння маладыя творцы імкнуцца іх "перапець", запісваючы сябе ў "авангардысты", але на справе застаюцца "каліфамі на час", бо ўсё гэта ўжо было, было, было... Таму, каб нарадзіць нешта новае, адпаведнае, скажам, нашаму ХХІ стагоддзю - стагоддзю электронікі, Інтэрнета і лазера, - трэба быць сапраўды геніем.

Я не скажу, што Марк Ротка быў геніем, але ён ведаў, што ствараў. "Калі ты малюеш вялікую карціну, ты павінен знаходзіцца ўнутры свайго перажывання", - пісаў ён.

Сам мастак раіў разглядаць яго карціны з вельмі блізкай адлегласці, каб колеравыя палі маглі "паглынуць" гледача. І той, патрывожыўшы дробную рабізну пералівістых паверхняў, мог выйсці і ў Залюстэрачча, у іншы свет, і адтуль, са свету фарбаў, форм і рытмаў, зірнуць на свет вонкавы, знадворны, думаючы ў іншым вымярэнні, у адпаведнасці з іншымі параметрамі... "Гледачы, якія праліваюць слёзы ля маіх карцін, перажываюць тыя ж рэальныя пачуцці, што і я, ствараючы іх", - пісаў творца за пяць гадоў да смерці. Мабыць, у гэтых словах ёсць "сермяжная правда" мастака. Бо ён не проста маляваў - ён абгрунтоўваў свае жывапісныя канцэпцыі, быў чыстым інтэлектуалам, ствараў філасофію ідэалу "простага выяўлення складанай думкі".

...Жонка мастака перажыла мужа на паўгода. Потым цягам дзесяці гадоў ішла юрыдычная барацьба за творчую спадчыну Ротка. Сын Крыстафер быў адданы на выхаванне роднай цётцы, а ў 12 гадоў яго забрала старэйшая сястра. Менавіта яны і знайшлі ў футарале ад акардэона ў 1988-м рукапіс той самай кнігі, не надрукаванай пры жыцці аўтара, пад назвай "Рэальнасць мастака: філасофія мастацтва". Кніга пабачыла свет у 2002 годзе. У ёй Ротка спрабаваў намацаць шлях да найвышэйшай рэальнасці, якую можна адкрыць з дапамогай святла, колеру і прасторы. Сам ён хацеў назваць сваю кнігу "Крыштальны шар Марка Ротка"...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"