На сусветным узроўні

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

Нарачанскі край неабходна зрабіць тэрыторыяй адпачынку сусветнага ўзроўню. Аб гэтым заявіў 31 ліпеня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, наведваючы гэты унікальны азёрны рэгіён, паведамілі ў Прэс-службе беларускага Лідэра.

/i/content/pi/cult/281/4420/Clip_2.jpgЗаключным мерапрыемствам насычанага рабочага дня Кіраўніка дзяржавы стала нарада па праекце Дзяржаўнай праграмы развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна на 2011 - 2015 гады. Ужо склалася пэўная практыка: перад падпісаннем Прэзідэнтам такіх маштабных дакументаў абмяркоўваць іх калегіяльна, з удзелам зацікаўленых структур і спецыялістаў, прычым не толькі дзяржаўных, але і прыватных.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Нарачанскі азёрны край з'яўляецца сапраўднай перлінай беларускай зямлі. "Гэта унікальны край, унікальнае месца, але яно пакуль не мае належнага аздаблення. Унікальныя ландшафты, запасы мінеральных вод, хваёвыя і змяшаныя лясы, мяккі клімат, гісторыка-культурныя каштоўнасці прывабліваюць і айчынных, і замежных турыстаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. На думку Кіраўніка дзяржавы, тут ёсць усе падставы для стварэння тэрыторыі адпачынку сусветнага ўзроўню.

Аднак пры гэтым Прэзідэнт лічыць, што недастаткова ўвагі надаецца развіццю турыстычнай інфраструктуры, на чым наша краіна губляе вялікія грошы. Кіраўнік дзяржавы адзначыў недастатковае развіццё турыстычнай індустрыі, гандлю, бытавога абслугоўвання, розных сфер сервісу. "Гэта толькі малая частка праблем Нарачанскага рэгіёна, і нам трэба вырашыць іх неадкладна, цягам двух - трох гадоў, хоць і разлічваем праграму на пяцігодку", - адзначыў ён.

Шмат прэтэнзій застаецца і да арганізацыі вольнага часу адпачываючых. "Спажывец прывык да вельмі высокага ўзроўню паслуг, у тым ліку ў сферы культуры і забаў, чаго пакуль тут няма. І гэта прытым, што рэгіён багаты не толькі на выключныя прыродныя ландшафты, але і на гістарычныя помнікі, якія можна ўключаць у турыстычныя маршруты", - зазначыў Кіраўнік дзяржавы.

На думку беларускага Лідэра для развіцця гэтага унікальнага рэгіёна патрабуецца больш маштабны і комплексны падыход, чаму прызначаны садзейнічаць распрацаваны праект Дзяржаўнай праграмы развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна на 2011 - 2015 гады.

У 2005-м- 2008-м ужо была рэалізавана праграма па Нарачы, аднак тады ўсе намаганні былі сканцэнтраваны, у асноўным, на экалагічных праблемах і ўдасканаленні прыродакарыстання. Цяпер жа неабходны больш комплексны падыход. Прэзідэнт адзначыў, што практыка вырашэння рэгіянальных задач у краіне ўжо існуе, і ў якасці прыкладу ён прывёў мэтавую праграму развіцця Прыпяцкага Палесся, дзе былі аб'яднаны як вытворча-эканамічныя, так і сацыяльна-культурныя аспекты. Новая дзяржпраграма па развіцці курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна прызначана вырашыць прыкладна такія ж задачы. Адным з галоўных яе палажэнняў з'яўляецца больш поўнае ўключэнне прыродных рэсурсаў у эканоміку, стварэнне высакакласнага санаторна-турыстычнага цэнтра.

"Словам, курортная зона здольная ў значнай меры ўзняць эканоміку рэгіёна, але для гэтага яна павінна быць прыбытковай і працаваць эфектыўна", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу на тое, што асноўны цяжар фінансавання новай дзяржпраграмы кладзецца на рэспубліканскі і мясцовы бюджэты. На яго думку, варта адшукаць новыя фінансавыя крыніцы і акрэсліць перспектывы супрацоўніцтва з інвестарамі. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што гэтае пытанне патрабуе сур'ёзнай прапрацоўкі і дэталёвага аналізу. "І трэба абавязкова паклапаціцца аб акупнасці капіталаўкладанняў і эканамічнай эфектыўнасці праектаў",- падкрэсліў ён.

Паводле паведамленняў Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

 На здымку: Аляксандр Лукашэнка ў час нарады.

Фота Максіма ГУЧАКА, БелТА