Сёння Цадкіна ведаюць перш за ўсё па яго шэдэўры - унікальным бронзавым помніку "Разбураны горад" у Ратэрдаме, адным з самых яскравых сведчанняў нашай эпохі пра жахі Другой сусветнай вайны. "Статуя - мой гонар, гэта адзіная сапраўды сучасная скульптура, і яна ўпрыгожвае грамадскае месца. Гэта робіць мяне шчаслівым", - так напісаў аўтар манумента. Заканамерны працэс узнаўлення, так бы мовіць, паўнаты гісторыі нашай нацыянальнай культуры патрабуе сёння, як ніколі, занясення ў яе імені гэтага найвялікшага скульптара ХХ стагоддзя, чые карані моцна знітаваны з беларускай зямлёй.
Амаль 17 гадоў таму ў газеце "Культура" я надрукаваў нарыс пра гэтага мастака, дзе памылкова напісаў, што Осіп Цадкін нарадзіўся ў Смаленску. Аднак тут маёй віны не было: практычна ўсе замежныя крыніцы зазначалі: месца нараджэння Цадкіна - Смаленск. Але прайшоў некаторы час, і з'явіліся новыя факты, якія сведчаць: сапраўднае месца нараджэння мастака - Віцебск.
Вялікую работу ў гэтым напрамку правёў віцебскі гісторык А.Лісаў, які на аснове архіўных дакументаў і ўспамінаў сучаснікаў Цадкіна даказаў, што малая радзіма мастака - наш цудоўны горад на Дзвіне. Хаця ў дзяцінстве Цадкін вельмі часта бываў у Смаленску, дзе ягоны бацька працаваў выкладчыкам грэчаскай і лацінскай моў у гімназіі. Дарэчы, маці Осіпа - Сафі Лестэр - паходзіла з шатландскай сям'і караблебудаўнікоў, якія перасяліліся напрыканцы XVII стагоддзя на беларускія землі. Дзед ягоны жыў у Віцебску, сплаўляў лес па Дзвіне. Дзядзька Осіпа трымаў на той жа Дзвіне паром. На Віцебшчыне прайшло маленства Цадкіна. Тут ён навучыўся любіць прыроду і перш за ўсё - дрэвы, тут гадзінамі хадзіў па лясах. Менавіта тут склалася яго паэтычнае светаадчуванне, якое ён пранёс праз усё жыццё і перадаў у скульптуры.
І яшчэ. У каталогу Парыжскай мастацкай выстаўкі 1911 года побач з імем Цадкіна фігуруе і месца нараджэння майстра - Віцебск. І чаму гэта раней ніхто не заўважыў? Такога ж пункта гледжання прытрымліваецца і вучань Цадкіна - Г.-Л. Маршал у сваёй кнізе "Ossip Zadkine. La sculpture. Toute une vie", выдадзенай у Парыжы ў 1992 г. Але скажу больш. Вывучаючы жыццё мастакоў - выхадцаў з Беларусі, часта даводзіцца сустракаць мноства супярэчнасцей і недакладнасцей у іхніх біяграфіях: часам - па віне саміх мастакоў, якім здраджвала памяць пра сваё мінулае; часам пры жыцці яны проста не надавалі вагі дакладным дэталям, фактам, датам, што тычацца іх жыццяпісу.
У афіцыйнай біяграфіі Цадкіна і цяпер існуе шмат белых плям, загадак і здагадак, крыніцай якіх мімаволі быў сам скульптар. Напрыклад, ён кажа, што з Шагалам, Пэнам і Лісіцкім пазнаёміўся толькі тады, калі вярнуўся з Англіі ў Віцебск. Між тым, дакладна вядома, што Цадкін, калі пражываў з бацькамі ў Віцебску ў раёне Задзвіння, непадалёк ад Пакроўскай вуліцы, вучыўся ў адным класе гарадскога чатырохкласнага вучылішча разам з Маркам Шагалам, і абодва ўжо тады ведалі Пэна! Упершыню іхнія імёны сустракаюцца ў спісе вучняў 1-га класа першага аддзялення за 1900 - 1901 навучальны год. Цадкін скончыў вучылішча 7 чэрвеня 1904 года, дзе "з задавальняючым поспехам прайшоў пачатковы курс сталярна-такарнага майстэрства", Шагал - годам пазней (з прычыны непаспяховасці ён прасядзеў у адным класе два гады). Або іншы факт. Ва ўспамінах пра Эль Лісіцкага Цадкін піша, што "...у 1915-м (я толькі што вярнуўся пасля двухгадовага прабывання ў Англіі - у Сандэрлэндзе, а пазней - у Лондане) зноў сустрэў яго (Л.М. Лісіцкага. - Б.К.) у Віцебску... Маё прабыванне ў Віцебску працягвалася нядоўга, і праз шэсць месяцаў я зноў вярнуўся ў Лондан. Лісіцкі застаўся ў Расіі і быў сведкам усіх рэвалюцыйных змен у нашай краіне". (Цытата з кнігі: "Эль Лісіцкі. 1880 - 1941. Да выстаўкі ў залах Дзяржаўнай Трацякоўскай галерэі".)
Але... Скульптар ніяк не мог напаткаць Лісіцкага ў Віцебску ў гэты час, паколькі ў Еўропе ішла цяжкая вайна, і Цадкін знаходзіўся на ваеннай службе ў французскай арміі. А яшчэ трэба адзначыць, што ён апошнім разам быў на радзіме ў 1909 годзе. Хутчэй за ўсё, тая сустрэча Цадкіна з Лісіцкім магла адбыцца ў Віцебску недзе ў 1907-м...
Ну, добра. Буду вяртацца назад, у пачатак біяграфіі майстра. Успамінаючы сваё дзяцінства ў Віцебску, ён пісаў: "...У той час я жыў у нізкім прасторным доме майго дзядзькі, землеўладальніка, які быў таксама будаўніком караблёў і шырокіх драўляных баржаў. Неяк апоўдні, калі стаяла яснае надвор'е, я выйшаў з дома і накіраваўся да прасторнага і глыбокага лесу, што цягнуўся ўдалечыні ўздоўж ракі (Заходняй Дзвіны. - Б.К.). Я прайшоў зусім побач з караблямі, якія будаваліся. Там я заўважыў вялікую навюткую баржу, ад якой патыхала свежай піхтай, пастаўленую крыху набок і падрыхтаваную да спуску на ваду; сялянкі з пэндзлямі ў руках мазалі яе бліскучым дзёгцем, што распаўсюджваў пах гарэлага піхтавага лесу. Адна з сялянак ... кінула мне якоесьці брыдкае слова; нечаканае, рэзкае, яно заспела мяне знянацку, і я хутка паімчаў да лесу... Я павінен быў перайсці ручай, які нёс свае дзіцячыя воды, як перліны, да ракі. Спяшаючыся, я паслізнуўся і ўпаў. Узняўшыся, збіраўся ўжо залезці па іншым схіле і прымасціцца на лаўцы, што там знаходзілася. Але менавіта ў той момант платонаўскі дэман прымусіў мяне павярнуцца, і я ўбачыў на тым месцы, дзе паслізнуўся, гаршковую гліну бездакорнай белізны. Той жа дэман прымусіў мяне вярнуцца. Яго ўздзеянне было амаль адчувальным, яно прымусіла мяне ўзяць кавалак гліны, і ўпершыню мае пальцы з захапленнем паглыбіліся ў яе. Пачуцця такога я раней ніколі не меў, і ўспаміны пра яго захоўваю дасюль. З гэтай незвычайнай паклажай я кінуўся да лаўкі, дзе, устаўшы на калені, вылепіў каменедрабільшчыка, якога бачыў на дарозе..." Так успамінаў скульптар свае першыя віцебскія крокі ў мастацтве ў прамове, якую ён сказаў 27 снежня 1951 года ў Каралеўскай Фламандскай акадэміі навук, славеснасці і высакародных мастацтваў у Бельгіі.
Невядома, як склаўся б лёс Цадкіна, калі б ён застаўся на Беларусі. Можа, добра, як у Заіра Азгура або Андрэя Бембеля, можа - не. Так або інакш, бацька ягоны прымае рашэнне адправіць небараку-сына, які не праяўляў асаблівых поспехаў у школе, вучыцца да сваякоў маці ў Англію. У кастрычніку 1905 года пятнаццацігадовы Осіп накіроўваецца ў першую вялікую вандроўку: дабіраецца да Рыгі, потым па моры - да Ратэрдама, затым - у Гуль, адтуль - у невялікі гарадок Сандэрлэнд, дзе жыве брат маці - Джон Лестэр. Вясной дзядзька адводзіць Осіпа ў мастацкую школу пры мясцовай мэрыі вучыцца лепцы. Але праз год па запрашэнні свайго сябра той пераязджае ў Лондан, дзе вялікае ўражанне на яго робіць класічная і кітайская скульптура, а таксама статуі вострава Пасхі. Праўда, у якасці пакарання за самавольства бацька пазбаўляе яго далейшага ўтрымання, і юнаку даводзіцца перабівацца жабрацкімі заробкамі ў дрэваапрацоўчых майстэрнях.
Напаўгалоднае існаванне і настальгія па доме прымушаюць яго напісаць бацьку ліст з просьбай выслаць грошы на білет, і ў хуткім часе Цадкін вяртаецца ў Віцебск.
Пра гэты перыяд ён гаворыць так: "Мне прыгадваецца вялікі кавалак ружовага граніту, што быў занесены ледавіком у поле майго дзядзькі, непадалёк ад Віцебска; спрабуючы нанесці на яго якую-небудзь лінію, я, да свайго сораму, зламаў усе разцы, якія прывёз з Лондана. У рэшце рэшт, звярнуўшыся да вартаўніка мясцовых могілак, я даведаўся пра разьбяра па камені, што вырабляў крыжы і надмагільныя пліты, не забываючыся пры гэтым араць сваю зямлю. Гэты разьбяр узброіў мяне двума альбо трыма добра загартаванымі разцамі, з дапамогай якіх я выразаў першую галаву з граніту..."
З гэтай гранітнай галавой Цадкін прыязджае ў Смаленск, дзе яго, блуднага сына, сардэчна прымае бацька. Ён дараваў Осіпу лонданскае самавольства.
Восенню той зноў едзе ў Лондан, каб дэталёва вывучыць працэс работы з разнастайнымі матэрыяламі, а вясной - у Віцебск, дзе зноў сустракаецца з Маркам Шагалам і Іегудам Пэнам. Бацька, задаволены поспехамі сына, вырашае накіраваць Осіпа вучыцца ў Парыж, бо толькі "там становяцца мастакамі".
Спачатку малады чалавек вучыцца ў майстэрні Энжэльбера, але праз год пакідае гэтую школу, каб удыхнуць вольнае паветра Манпарнаса. Вясной 1911 года ён упершыню выстаўляе пяць скульптур у Салоне незалежных, побач з творамі сябра з Украіны - Аляксандра Архіпенкі, таксама будучага вялікага скульптара.
Цадкін жыве ў "Вулеі" - "Ля Руж" - круглым трохпавярховым доме на ўскраіне Парыжа, які быў запоўнены мастакамі, чые імёны сёння вядомыя ва ўсім свеце. У тым ліку і выхадцаў з Беларусі - Шагала, Суціна, Мешчанінава, Кікоіна, Крэменя, Ліпшыца, а таксама таго ж кіяўляніна Архіпенкі, італьянца Мадзільяні, японца Фужыта, мексіканца Рывера, француза Лежэ, румына Бранкузі і іншых.
Пад уражаннем Радэна - адзінага скульптара часу, "чые творы маглі даць адказ расчараванай моладзі", - Цадкін робіць тут некалькі партрэтаў і сваю першую "кубісцкую" галаву. У хуткім часе выстаўляе работы на сезоннай выстаўцы ў Парыжы, дзе, па яго словах, яны вылучаліся "прымітыўнай мовай" на фоне акадэмічнай скульптуры. Творы Осіпа заўважылі крытыкі і ахрысцілі "негрыцянскімі".
У 1913 годзе мастак знаёміцца з Пікаса, Мацісам, сустракаецца з Апалінэрам і Жакобам, пад іх уплывам піша нават вершы. "У гэты час, - заўважае Цадкін, - я адмовіўся ад "прымітыўных" форм, якія да гэтага надаваў каменю і дрэву". Ён шукае чагосьці "іншага", і стварае "Жанчыну з веерам" - плоскімі, вострымі, вуглаватымі формамі - і драўляную яйкападобную галаву.
Першая сусветная вайна заспявае яго ў новай майстэрні па вуліцы Руселе. Незадоўга да гэтага на Берлінскай выстаўцы была куплена яго мармуровая жаночая галава: "Першы продаж! - ускліквае Осіп. - Ён своечасовы". Справа ў тым, што бацька ўжо не можа дапамагаць яму. Пазней ягоныя бацькі, якія пакінулі ў гады рэвалюцыі Смаленск, загінулі ад голаду ў Харкаве...
У 1915 годзе Цадкін быў мабілізаваны ў армію і накіраваны пад Эпернэ - служыць пры рускім шпіталі. 16 лютага 1916-га ён піша ў Віцебск ліст Пэну: "Дарагі Юлій Майсеевіч, як жывяце-пажываеце? Я - салдат у Рускім Амбулансе ў Францыі і пішу з фронту. Як нашы сябры - Лісіцкі, Любакоў, Мазель, Меклер і Шагал - жывуць? Будзе ласкавы, адкажыце. Буду вельмі рад даведацца што-небудзь пра ўсіх. Я здаровы, але ўсё абрыдла: вакол - агіда, да таго ж, халодна на душы. Хацелася б, каб усё скончылася. Ці працуеце вы і што робіце? Напішыце. Ваш Цадкін" (Ліст гэты захоўваецца ў Віцебскім абласным архіве.)
У хуткім часе, пасля газавай атакі немцаў, Цадкін цяжка захварэў, і ў пачатку 1917 года яго дэмабілізоўваюць. Ён вяртаецца ў Парыж. Разам з Мадзільяні і Кіслінгам адкрывае выстаўку, дзе экспануе 25 малюнкаў пра вайну. Выстаўка стала вялікай падзеяй у мастацкім жыцці Парыжа. Жан Както і Сандрар чыталі тут свае паэмы, Арык, Пулецк, Міё, Анегер, Дзюрэй, Тойфер давалі канцэрты. Знаёмства з імі ўзмацніла цікавасць Цадкіна да музыкі. Сам ён цудоўна імправізаваў на акардэоне, але больш за ўсё любіў слухаць, як граюць іншыя. Урэшце, любоў да музыкі ў яго была закладзена з дзяцінства, і гэта таксама наклала свой адбітак на скульптурную творчасць маэстра.
У Парыжы эмігранты падсілкоўваліся ў двух рускіх сталоўках. Адну ўтрымліваў былы марскі афіцэр Дэлеўскі, які карміў сваіх землякоў амаль бясплатна. Другая была арганізавана мастачкай Марыяй Васільевай у двары дома на вуліцы Дзю Мэн. Тут заўсёды панавала творчая атмасфера, і мастакі, паэты, музыканты збіраліся, каб паспрачацца пра мастацтва, палітыку, літаратуру. Душой кампаніі заўсёды быў Цадкін, пад ягоны акампанемент танцавалі. Ён выконваў дзіўную музыку, якую называў вярблюджым танга. Па суботах Цадкін ладзіў сур'ёзныя канцэрты, што карысталіся вялікай папулярнасцю ў рускай калоніі. З таго часу ў яго скульптуры пачалі з'яўляцца "вобразы" музычных інструментаў, тэмы музыкі і паэзіі. У сталоўцы майстар пасябраваў з Іллём Эрэнбургам і Максам Валошыным, з бельгійскімі і галандскімі мастакамі, якія запрасілі яго выставіцца ў Бруселі ў галерэі "Кентаўр". У час гэтай выстаўкі ў Парыжы памірае Амадэа Мадзільяні - сябар Цадкіна. "На той момант, - піша мастак, - мая скульптура страчвае схаластычную жорсткасць кубізму; я вяртаюся да самога сябе, да таго, што мяне найбольш глыбока кранае, да свайго роду грацыі, крыху цяжкаватай і няўклюднай, але ўжо пазбаўленай той зухаватасці і жорсткасці, што была ўласціва маёй так званай кубісцкай скульптуры. У новай манеры ён стварае свайго "Прарока" - з даўгаватай галавой і складзенымі ў малітве рукамі.
Праз паўгода пасля смерці пераможанага алкаголем Модзі Цадкін ажаніўся з мастачкай Валянцінай Пракс. А наступным днём пасля вяселля яны купілі сабе вясельны падарунак: грамафон і мноства кружэлак Моцарта, Баха, Стравінскага, Дэбюсі, Скрабіна, Вівальдзі... Музыка заўсёды натхняла Цадкіна на цудоўныя здзяйсненні ў пластыцы. І ў гэтым сэнсе асабліва вылучаецца яго знакаміты "Арфей", якога ён стварыў у канцы 1920-х у невялікім дамку-майстэрні, што купіў у вёсачцы Кайлюс. Тут жа з'явілася таксама музычная кампазіцыя "Пакланенне Баху".
"Арфей" быў створаны пад уражаннем паездкі ў Грэцыю, дзе Цадкін паспрабаваў спасцігнуць глыбіннае значэнне міфа, убіраючы ў сябе эліксір міфалогіі. Не выкарыстоўваючы міф як простую літаратурную фабулу, ён пазычае сімволіку мовы. "Арфей" у Цадкіна не грае на ліры: ён сам - ліра. Ён адкрыты для таго, каб вібрыраваць. Усё праходзіць праз яго, у яго няма сэрца. Ён грае безнадзейна, трагічна, увасабляючы адначасова сілу і страту кахання...
Магчыма, гэта аўтапартрэт самога мастака? Урэшце, такіх "аўтапартрэтаў" у творчасці Цадкіна шмат. А можа, гэта Гіём Апалінэр або Амадэа Мадзільяні? Ці не Арфеі яны для свайго часу?
Потым было шмат іншых Арфеяў або "цытат" на гэтую тэму, выкананых у мармуры і бронзе.
Праз 20 гадоў пасля першага "Арфея" скульптар ужо адмаўляе самога сябе: "Арфей - ужо штосьці іншае, чым музыкант. Арфей - вялізная падзея, якая склалася ў глыбіні чалавечага часу і паразіла чалавека, нібы ўдарам. Падзея чалавечага ўяўлення..." Так з'явіўся новы Арфей - чалавек, ператвораны ў інструмент. "Я прадставіў агонь як неад'емную і істотную частку гэтага героя, - пісаў Цадкін. - Ён тут, перад намі - жахлівы ў сваёй грандыёзнасці, як чалавечая фігура, што здаецца абпаленай агнём, які сама нясе... Калі я скончыў сваю работу (А гэта ўжо было ў новай майстэрні ў вёсцы Арк. - Б.К.), надышла восень, а з ёю з'явіўся вугальшчык, якому я заказаў дровы для ацяплення маёй майстэрні. Як жа я здзівіўся, калі сярод дроў знайшоў кавалак дрэва ў выглядзе двайной пячаткі: верхняя частка яго, падзеленая на дзве галіны, нагадвала дзве ўзнятыя да неба рукі, ніжняя частка дзіўна нагадвала ногі, што крочаць, у духу адлюстравання егіпецкіх фараонаў з галавой ястраба. Я доўга разглядаў гэты найцікавейшы прадмет, у якім утрымлівалася ЎСЁ. Гэты Боскі кавалак дрэва жыве побач з маімі скульптурамі, і я часта звяртаюся да яго па дапамогу... У гэтым кавалку дрэва адсутнічае наша маладушша, якое выяўляецца ў пераймальніцтве егіпцян або грэкаў або - у адлюстраванні на іх манер..."
Работа над "Арфеем" прыводзіць Цадкіна да стварэння выдзеўбаных перфарыраваных форм, да аформленасці прасторавых цэзур і разрываў у сярэдзіне кампазіцыі. На маю думку, "Разбураны герой" у Ратэрдаме непасрэдна прадаўжае "Арфэя": тут зноў - шчыліна, выдранае сэрца, шырокая прастора, што ўключана ў скульптуру ў якасці пластычнага элемента.
Але вернемся трошкі назад, у перадваенны час. У студзені 1934 года Цадкін піша свайму сябру А.Рыдэру: "Мы, інтэлектуалы, у такім стане, што не пазбегнем трагедыі. Мы адчуваем крохкую скульптуру сацыяльных граней болей, чым іншыя". Гэтыя словы нашага земляка - хіба яны не прароцтва, не прадчуванне той навальніцы, якая збіралася над Еўропай? Мастацтва Цадкіна напаўняецца з таго часу трывогай і пакутамі. Кульмінацыяй перадваеннай творчасці сталі праекты манументаў Рэмбо, Апалінэру, Жары і Лотрэамону. Экспрэсія разбурыла статычнасць манументальнага аб'ёму, прастату зместавых адносін да жыцця на пачатку шляху. Агрэсіўнасць пластыкі выказвае не толькі трывогу майстра, але і высокі дух супраціўлення антыгуманным тэндэнцыям, што развіваліся ў свеце.
Акупацыя Францыі гітлераўцамі прымусіла Цадкіна эмігрыраваць у ЗША. У Нью-Йорку ён стварае каля 50 работ, у якіх адлюстравана горыч пачуццяў. Кампазіцыя "Вязень" - прамая алегорыя Францыі за кратамі, якая страціла свабоду, але не надзею. Сімвалам пачуццяў, што авалодалі мастаком, стаў ягоны "Арлекін, які вые". "У маёй адзіноце, - успамінаў скульптар, - я выў, як Арлекін, і ніхто не чуў мяне. Мой крык роспачы знайшоў адлюстраванне ў гэтай скульптуры, якую я ніколі не хацеў ад сябе адпусціць, бо яна для мяне - ключ, што можа адкрыць дзверы ўспамінаў..."
Напрыканцы вайны Цадкін пакідае ЗША з першым параходам, які ідзе ў Гаўр. Яго сустрэла разбураная краіна, спапялёная Еўропа. Завыванне руін Ратэрдама не дае магчымасці спяваць пра шчасце. У душы майстра наспявае рашучасць страсянуць нацыю, не даць паўтарыцца злачынству. Так з'явіўся ўжо згаданы помнік "Разбураны горад", што быў адкрыты ў Ратэрдаме 15 мая 1953 года.
На строгім гранітным цокалі - надпіс: "Май, 1940 год - дата незабыўнага забойства Ратэрдама, трагічнага дня 15 мая, цягам якога гітлераўскія "юнкерсы" знішчылі яго цэнтр, разбурыўшы 11 тысяч дамоў і пакінуўшы 78 тысяч чалавек без жытла. Статуя стала патэтычным вобразам пакутніцтва, няўмольным прысудам злачынству перад гісторыяй.
Як беларуская Хатынь або іспанская Герніка. Так, мае рацыю крытык Льюіс Мамферд, які лічыць, што "...гэта вобраз настолькі ж жахлівы ў сваёй экспрэсіі, як "Герніка" Пікаса, але ён задуманы з сілай, якая прадвяшчае адраджэнне Ратэрдама".
Урэшце, трывога за лёсы чалавека і чалавецтва ўласцівая і іншым пасляваенным творам, сярод якіх асаблівае месца займае серыя вобразаў Ван Гога: "Партрэт Ван Гога", "Ван Гог, які крочыць праз палі", "Ван Гог, што малюе", "Два браты Ван Гог" і, нарэшце, знакаміты помнік мастаку. Па словах Цадкіна, з Ван Гога "пачалося сапраўды новае бачанне прадмета <...>, тое мастацтва, якое называлася сучасным". Скульптар стварыў у гэтым мануменце вобраз просты, сур'ёзны і ясны. З дапамогай сяброў ён усталяваў помнік каля могілак, дзе быў пахаваны жывапісец. Ван Гог рухаецца вельмі проста, але горда - насустрач сонцу. Ён закуты ў латы сваіх палотнаў, складных крэслаў і папак, якія ўтвараюць вакол торса нібы разарваныя путы. Уцякач з вязніцы свядомасці, ён скіраваўся ў шлях са сваімі кратамі, ён урачыста нясе сувеніры свайго закабалення.
Сёння мы зноў вяртаемся да спадчыны ўсіх ураджэнцаў Беларусі, да чыіх твораў захоўвалі заўсёдны піетэт і нястомную цікавасць. Прыйшоў, у рэшце рэшт, час не толькі цікавасці да іх, але і разуменне таго, што і яны - наш патэнцыял. Прыйшла пара ўсвядоміць рэальную іх колькасць, гэта значыць - адкрыць для сябе з'яву цэласнай школы на Беларусі, насуперак геаграфічнай разгалінаванасці і стракатасці, індывідуальнасці почыркаў.
Імя Осіпа Цадкіна для нас сёння - адно з першых сярод такіх асоб. Пакідаючы Радзіму, ён не думаў развітвацца з ёй; Цадкін паехаў у Парыж вучыцца, як сотні іншых мастакоў. У яго ўспамінах пра гады дзяцінства ярка прагучала шчымлівая нота любові да сваёй Бацькаўшчыны, настальгія па роднай прыродзе, па віцебскіх сябрах і першых настаўніках.
"Я не памятаю, у якім музеі - магчыма, гэта музей Сен-Жэрмен - выстаўлены адбітак ступні дагістарычнага чалавека, - казаў Цадкін. - Дык вось, неабходна, каб да канца сваіх дзён чалавек пакідаў сляды босых ног на пяску жыцця з такой жа нязменнасцю, і каб потым, калі ўсё дойдзе да свайго лагічнага канца, гэтыя сляды сталіся б прыкладам для ўсіх, хто пажадае ісці за імі..."
На заканчэнне прывяду сімвалічныя словы скульптара: "...Але цудоўны лёс нават тых, хто здолее памерці з разцом і малатком у руках".
Осіп Цадкін пражыў 77 гадоў і памёр 25 лістапада 1967-га, як і марыў памерці: з разцом і малатком у руках, проста ў майстэрні. З вялікімі ўшанаваннямі яго пахавалі на могілках Манпарнас. Хацелася б, каб у Віцебску таксама з'явілася адзнака, якая апавядзе аб знакамітым земляку.