— Максім Мікалаевіч, з якімі пачуццямі вы прыйшлі ў гэты аркестр? Бо ўзначаліць калектыў пасля смерці яго заснавальніка і нязменнага кіраўніка Міхаіла Фінберга — вялікая адказнасць.
— Калі б гэта здарылася раней, адмовіўся б без аніякіх ваганняў. Але за апошнія шэсць гадоў я змяніў пяць месцаў працы: галоўны дырыжор Канцэртнага аркестра духавой музыкі “Няміга”, загадчык аддзялення камернага ансамбля ў Дзіцячай музычнай школе мастацтваў № 10, дэкан аркестравага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дырыжор Прэзідэнцкага аркестра нашай краіны, дацэнт Акадэміі музыкі, дзе я адначасова ўзначальваю студэнцкі аркестр. Таму на сёння мне ёсць што сказаць, бо назбіраўся пэўны мастацкі вопыт, творчы багаж. І калі мне паведамілі ў Міністэрстве культуры, запрашаючы на гэтую пасаду, што ўсе схіліліся да маёй кандыдатуры, гэта было прыемна. Адказнасць адчуваю, але разумею, што гэта маё, што я тут на сваім месцы.
— Насамрэч усе вашы змены-перамены тычыліся, наколькі я разумею, асноўнага месца працы, куды вас запрашалі, бо да гэтага пераліку трэба дадаць і цыклы канцэртаў у якасці запрошанага дырыжора — у тым жа Гомелі. І ўласныя калектывы, якія вы пачалі арганізоўваць літаральна са студэнцкіх гадоў, каб выконваць у іх найперш беларускую музыку.
— Так, некаторыя з калектываў існуюць да гэтага часу: духавы квартэт “Riviera”, камерны аркестр “Мінск-класік”. А беларуская музычная спадчына — папраўдзе бязмежная. Нават знаўцы ведаюць з яе толькі невялічкую частку. І чым больш я ў гэта паглыбляюся, тым больш адкрываю невядомых, забытых старонак, годных самай шырокай папулярызацыі.
— З Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі вы правялі ўжо безліч канцэртаў — штораз з новай праграмай. А самы першы менавіта з гэтым аркестрам запомніўся?
— Канешне! Ён адбыўся ў Кобрынскім палацы культуры 26 красавіка, акурат праз месяц пасля майго прызначэння. Да гэтага канцэрта мне пашылі фрэнч, я ўпершыню яго апрануў. Выходжу на сцэну, а ў музыкантаў вочы, бы двухрублёвыя манеты, маўляў, што за новы імідж? Яны мяне ў такім адзенні яшчэ ніколі не бачылі.
— Затое вы, што называецца, адразу зрабілі на іх уражанне. А ўвогуле — ці складана было прыстасоўвацца? Не вам, бо вы ж не ўпершыню калектывы змяняеце, а ім — да вас.
— У аркестры працуюць лепшыя прафесіяналы, і ў тым вялікая заслуга Фінберга. У іх настолькі ўсё “схоплена” і адточана, што яны могуць іграць без дырыжора, арыентуючыся на тэмп і рытмічную сетку, зададзеныя ўдарнікам. Памятаеце, Міхаіл Якаўлевіч часцяком паварочваўся ў залу ці нават адыходзіў убок, каб прадэманстраваць гэты “фокус”. Мне ж хочацца, каб яны гралі па маіх руках, бо тады можна дзесьці запаволіць, прытрымаць гучанне, а дзесьці — дадаць у музыку больш эмоцый, “кіслароду”. Так і прывыкаем адно да аднаго. Сярод нядаўніх выступленняў калектыву — “Апошні званок” у “Мінск-арэне”, 1 чэрвеня — на ўганараванні таленавітай моладзі ў Палацы Рэспублікі. Дарэчы, сярод адзначаных ёсць і мая вучаніца — 10-гадовая Улада Мяркулава, якая не толькі на габоі грае, а яшчэ і спявае.
Крыху раней, на ХХІ Свяце мастацтваў “Музы Нясвіжа”, у аркестра было адразу чатыры канцэрты: у ратушы гучала духавая музыка, у замкавай зале — “Музычны скарб Радзівілаў”, складзены з твораў Мацея, Соф’і — прадстаўнікоў знакамітага магнацкага роду, а таксама тых, хто там працаваў: запрошанага з Германіі Яна Давіда Голанда — аўтара оперы “Агатка”, чэшскага музыканта і кампазітара Яна Дусіка. У касцёле Божага цела гучала праграма “Духоўныя вяршыны”. Там быў і Паланэз Агінскага са словамі Вячаслава Шарапава, і мулявінская “Александрына”, і творы Напалеона Орды, Анатоля Багатырова, Ігара Лучанка, Уладзіміра Солтана — побач з сусветнай класікай. А завяршалася свята канцэртам да 35-годдзя аркестра і 75-годдзя Фінберга, ён сам паспеў скласці гэтую юбілейную праграму.
Канцэрт “Памяці маэстра” адбыўся і ў Полацку 27-га мая. Там жа гучала “Прынашэнне Полацку”, дзе быў і Бах, і апрацоўкі еўрапейскай эстрады. Полацк, Нясвіж — знакавыя для беларусаў гарады, сапраўдныя люстэркі нашай культуры: у іх і ў іншых па сённяшніх мерках “несталічных” рэгіёнах было сабрана ўсё найлепшае, што сёння рэпрэзентуе нашу багатую старадаўнюю спадчыну.
— Адчуваю, у размову ўключыўся не толькі кіраўнік і дырыжор, але і выбітны вядучы большасці канцэртаў, які распавядае шмат цікавостак. А яшчэ — выдатны саліст на габоі, у чым таксама пераканаліся наведвальнікі тых жа “Музаў Нясвіжа”. А што вы падрыхтавалі да Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2022”?
— Як заўжды, пачнецца свята двума турамі конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, што пройдзе ў Канцэртнай зале Палаца культуры. З ранку ўдзельнікі выступяць пад фанаграму-мінусоўку, а ў 14 гадзін — у суправаджэнні аркестра. Гэтую традыцыю заклаў Міхаіл Якаўлевіч, і мы яе прытрымліваемся. Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца ў час урачыстага адкрыцця фестывалю ў Амфітэатры. Праграма, рэжысёрам якой выступае Ніна Осіпава, невыпадкова названая “ХХІ — адлік новага часу. Пачатак”. Бо і стагоддзе ХХІ, і фестываль 21-ы па ліку, і канкурсантаў на яго адбіраюць акурат 21: па тры чалавекі ад кожнай вобласці і асобна ад Мінска. І кіраўнік, як бачыце, новы. Упершыню асаблівасцю канцэрта адкрыцця стане ўдзел у ім не толькі салістаў аркестра, але і запрошаных эстрадных зорак. Разам з аркестрам будуць спяваць Ірына Дарафеева, Вікторыя Алешка, “Песняры”, Мікалай Скорыкаў, які аддаў калектыву шмат гадоў жыцця, Ганна Трубяцкая, Аляксей Касіч — канкурсанты сёлетняга “Славянскага базару ў Віцебску”, што пройдзе ў ліпені. Будзе і асобны блок, прысвечаны Міхаілу Фінбергу. Сярод іншых сюрпрызаў канцэрта — “Малітва” Эдуарда Ханка. На яе нават сам аўтар забыўся! А музыказнаўца Вольга Брылон знайшла гэтыя ноты — адзін радок мелодыі, Уладзімір Ткачэнка зрабіў аранжыроўку, і мы выканаем. Цікавым будзе і пачатак канцэрта. Аркестр будзе выходзіць на сцэну групамі, па чарзе: спачатку рытм-секцыя са сваім сола, потым духавікі, за імі струннікі, вакалісты і ў канцы, нарэшце, я.
На наступны дзень у тамтэйшай школе мастацтваў з прэм’ерай выступіць струнны аркестр нашага калектыву. Праграма “Беларускія музычныя скарбы: другое нараджэнне” складзена да юбілейных угодкаў з дня народзінаў Генрыха Вагнера, Льва Абеліёвіча, Самуіла Палонскага. І чацвёрты наш канцэрт у рамках фестывалю — “Джазавы калейдаскоп” у Чысцінскім сельскім Доме культуры, прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння Фінберга.
Дарэчы, да юбілею майстра (на жаль, пасмяротнага) на фестывалі ладзіцца яшчэ некалькі імпрэз: прэзентацыя дакументальнай стужкі “Імправізацыя”, адкрыццё выставы “Заўсёды з вамі. Міхаіл Фінберг” у кінатэатры “Радзіма”. Год гістарычнай памяці наклаў свой адбітак і на канцэрт закрыцця. Мы ў ім не ўдзельнічаем, але гэта будзе своеасаблівая канцэртная прэзентацыя нядаўна выдадзенай кнігі Вольгі Брылон “Беларуская эстрада. Настальгічны дывертысмент”: упершыню на гэтым фестывалі выступіць Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Іосіфа Жыновіча.
— Думаю, пасля Маладзечна ў вас і ў Канцэртнага аркестра таксама ўсё шчыльна распісана.
— На “Славянскім базары ў Віцебску” выступаем з лаўрэатамі мінулых конкурсаў. У жніўні ў мяне некалькі канцэртаў з іншымі калектывамі — натуральна, з беларускай музыкай розных эпох. А ў Канцэртным аркестры пакуль галоўнае пытанне — знайсці заказчыкаў на нашы выступленні, бо самім прадаваць квіткі — дадатковы галаўны боль. Прапанавалі Віцебскай філармоніі праграму твораў, прысвечаных Марку Шагалу, на фестываль імя Салярцінскага. Там зацікавіліся. Добра, што разам з новым мастацкім кіраўніком у аркестры з’явіўся і новы дырэктар, бо раней гэтыя два кірункі сумяшчаў Фінберг. І выдатна, што дырэктарам стаў знаны трубач, уладальнік медаля Францыска Скарыны Дзмітрый Ціхановіч, які працуе ў калектыве 23 гады і добра ведае яго спецыфіку.