Падчас гала-канцэрта. Фота Таццяны Матусевіч
Свята адчувалася ўжо на падыходзе да будынка ПК МТЗ, дзе можна было заўважыць музыкаў у народных строях з гармонікамі ў руках. У фае перад пачаткам заключнага гала-канцэрта таксама гралі гарманісты, танчылі гледачы. Дый цягам самога канцэрта, дзе выступілі пераможцы конкурсу, чаргуючыся з гасцямі (а сярод запрошаных быў нават уладальнік Кубка свету, лаўрэат безлічы міжнародных конкурсаў, саліст нашай філармоніі Уладзіслаў Плігаўка), панавала самая радасная і нязмушаная атмасфера. Настрой задавала музыка — пераважна віртуозныя танцавальныя найгрышы. Публіка падтрымлівала гарманістаў, пляскаючы ў такт, а дзеці ўвогуле выскоквалі ў праход партэра і танчылі. Імпэту дадавала і тое, што большасць пераможцаў вядучыя заклікалі на сцэну адразу па двое. Гралі яны, вядома, паасобку, але атрымлівалася штосьці накшталт дадатковых батлаў, маўляў, зноўку — хто каго “перайграе”?
— Музычны сход гарманістаў мы ладзім ужо цягам 17 гадоў, — распавёў у закуліссі дырэктар Палаца культуры МТЗ Уладзімір Кірута. — Менавіта ў маі, бо звычайна прымяркоўваем да Дня Перамогі. У ранейшыя часы, да пачатку пандэміі, “сяброў гармоніка” збіралася куды больш, шмат гарманістаў прыязджала з Расіі, Украіны. Сёлета быў толькі адзін расійскі ўдзельнік, але гралі ўсе больш віртуозна. Бо на базе свята прайшоў Першы адкрыты форум, быў зладжаны конкурс, заснавана Асацыяцыя гарманістаў. Гэта стварае добрую глебу, каб традыцыі развіваліся і надалей.
— Ідэя такога форуму і стварэння Асацыяцыі гарманістаў выспявала даўно, — адзначыў старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі. — У прафесійных баяністаў і акардэаністаў ёсць Беларускі саюз музычных дзеячаў. А нам было важна стварыць суполку музыкаў-аматараў. Іх у краіне вельмі многа, прычым ва ўсіх рэгіёнах. У кагосьці за плячыма — навучанне ў музычнай школе ці нават ва ўстановах сярэдняй адукацыі па класе баяна, але многа і самавукаў, асабліва сярод старэйшага пакалення. Ёсць і майстры па вырабе гармонікаў — праўда, раней іх было больш. І наша задача — не даць згаснуць добрым традыцыям, заахвоціць не толькі сталых майстроў, але і моладзь. Бо адчуванне таго, што ў цябе ёсць паплечнікі, дае новыя сілы. Таму мы імкнуліся гарманістаў з’яднаць, зацікавіць конкурсам, майстар-класамі, сустрэчай з выбітнымі прафесіяналамі, здольнымі даць парады, падзяліцца сакрэтамі майстэрства. Мы загадзя разаслалі інфармацыю па абласцях, каб у гарманістаў была магчымасць падрыхтавацца да спаборніцтва. Але некаторыя заявілі пра сваё жаданне ўдзельнічаць у конкурсе толькі па прыездзе ў Мінск — і мы нікому не адмовілі. Сёлета ўсё гэта — арганізацыйны сход па стварэнні Асацыяцыі гарманістаў, конкурсныя выступленні, якія сабралі каля 30-ці ўдзельнікаў, майстар-класы і гала-канцэрт пераможцаў — змясцілася ў адзін дзень. Але надалей, як плануем, такі форум павінен ахопліваць два дні і ладзіцца абавязкова штогод.
Гарманістка Алена Марчук. Фота Таццяны Матусевіч
Сярод пераможцаў аказалася і ўсмешлівая Алена Марчук з вёскі Стрыгава, што на Кобрыншчыне (дарэчы, гэты рэгіён дэлегаваў на свята адразу некалькі выбітных гарманістаў). Яна выступала і сольна, у суправаджэнні барабана ды бубна, і ў складзе ансамбля “Кобрынскі гармонік”. Ды не толькі грала, а яшчэ і спявала — вясёлыя, задзірыстыя прыпеўкі.
— Мы жылі ў вёсцы Малышы, — расказала Алена Мікалаеўна, — і гармонік прывёз дзядзька з Піцера (тады гэта быў Ленінград). Купляў сваім дзецям, але ў горадзе іншых забаў хапае. Першым узяў мой брат, старэйшы на год, але ж і мне цікава: няўжо не змагу? Так і пайшло. Школы музычнай у нас не было, і каб паступіць у музычнае вучылішча, скончыла 10-месяцавыя курсы, засвоіла музычную грамату. У вучэльні быў выдатны педагог — Анатоль Салаўёў, ён і “прыстроіў” мяне з гармоніка на баян. 20 гадоў працавала дырэктарам Стрыгаўскага Дома культуры, там у мяне быў свой ансамбль “Стрыгаўскія весялушкі”, цяпер ён называецца народны ансамбль “Ясніца”. Але ж цягаць на сабе гэтыя 20 кг, стаяць увесь канцэрт, граць ды яшчэ і спяваць — як я столькі гадоў вытрымлівала? Таму цяпер вось — “Кобрынскі гармонік”. Хлопцы прыехалі да нас у клуб выступаць, я паглядзела — трэба згадаць: гармонік даўно не трымала. На тым жа мерапрыемстве ўзяла ў рукі — і пальцы самі зайгралі. У нашым калектыве — усе культработнікі, з розных дамоў культуры. Адзін увогуле прыязджае з Бярозы: такі апантаны, што пасля працы ці ў выходныя садзіцца ў машыну і едзе да нас, а гэта ж не блізкі свет.
“Беларуская старонка славіцца абрусамі”, — па-заліхвацку спявалася са сцэны. І да гэтага так хацелася дадаць штосьці накшталт: “Гарманістамі таксама — брунетамі і русымі”.