— Вольга Вітальеўна, чым сёлетняя святочная дзея ў Гродне будзе адрознівацца ад папярэдніх? Якіх сюрпрызаў чакаць гледачам?
— Хачу адразу сказаць пра тое, што гэты форум доўгачаканы, бо, як вядома, у 2020 годзе праз неспрыяльную эпідэміялагічную сітуацыю мы чарговы Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур не праводзілі. Так што свята вельмі чакаюць жыхары і госці Гродна, а таксама ўдзельнікі. Яшчэ ў 2021 годзе, у верасні, у дзень горада Мінска, мы зладзілі адкрыццё фестывалю. А з 3 па 5 чэрвеня ў горадзе над Нёманам пройдуць заключныя мерапрыемствы фэсту, на якія, у выніку адборачных рэгіянальных тураў, прайшлі прыкладна 800 удзельнікаў. Вызначаны і рыхтуюцца месцы для размяшчэння 17 падворкаў для 30 нацыянальнасцей. Усяго ў праграму фестывалю ўключана правядзенне каля 50 мерапрыемстваў. У іх ліку тэатралізаванае шэсце нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў “Вянок нацыянальных культур”, цырымоніі адкрыцця і закрыцця фестывалю, работа беларускага падворка “Хатні ачаг”, дзе можна будзе ўбачыць усе рэгіёны нашай краіны. З сюрпрызаў — правядзенне Свята прыгажосці і грацыі, на якім са сваімі творчымі нумарамі, з дэманстрацыяй нацыянальных касцюмаў выступяць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, якія жывуць у Беларусі.
— Сёлетні год аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. Ці чакаецца падчас свята правядзенне мерапрыемстваў, звязаных з гэтай тэмай?
— Безумоўна. Напрыклад, з удзелам ганаровых гасцей фестывалю ў парку імя Жылібера адбудзецца цырымонія ўскладання кветак і вянкоў да брацкай магілы воінаў і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пасля гэтага ў галерэі імя Тызенгаўза пройдзе круглы стол “Беларусь — наш агульны дом: адзінства нацый і пакаленняў”, дзе для абмену думкамі збяруцца кіраўнікі 21 нацыянальнага аб’яднання. Гэта важнае мерапрыемства, бо Беларусь з’яўляецца сапраўдным домам для многіх нацыянальнасцей. Дарэчы, у падрыхтоўцы круглага стала задзейнічаныя прадстаўнікі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Таксама ў сувязі з правядзеннем Года гістарычнай памяці на фестывалі плануецца прэзентацыя выставачных праектаў “Адзінства народаў — залог Вялікай Перамогі” і “Беларусь — наш агульны дом”, а таксама кніг “Сёстры Хатыні” і “Фестываль жыцця”, прысвечанай гісторыі форуму.
— А якімі замежнымі калектывамі будзе здзіўляць гасцей сёлетні Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур?
— Усе нашы калектывы, якія будуць выступаць падчас свята, без перабольшання, таленавітыя і цікавыя любому гледачу. Увогуле, усе тры дні гасцей фестывалю будуць радаваць найлепшыя вакальныя, танцавальныя і тэатральныя аб’яднанні вобласці і краіны. Разам з тым не магу не сказаць пра тое, што ў Гродна запрошаны два цікавыя творчыя гурты з замежжа: “Ретро-Хит” з горада Пушкіна з-пад Санкт-Пецярбурга і ансамбль “На-
дзея” з Рыжскага беларускага таварыства “Прамень”. Скажам, аснову вакальнай групы “Ретро-Хит” складаюць хіты савецкай эстрады з 1970—1980-х гадоў. А вакальны ансамбль “Надзея” прадэманструе сваю арыгінальную сольную праграму.
— Самым насычаным на падзеі стане, відаць, другі дзень фестывалю…
— Насычанымі будуць, на мой погляд, усе тры фестывальныя дні. Але ў другі дзень розных цікавых падзей будзе сапраўды багата. Так, адкрыццё другога фестывальнага дня пачнецца на плошчы Леніна з беларускага падворка. Нам вельмі спадабалася, як у 2018 годзе на беларускім падворку былі прадэманстраваны ўсе рэгіёны Беларусі, таму было прынятае рашэнне сёлета зрабіць гэтак жа. Таксама ўвесь дзень будзе працаваць “Горад майстроў”, пройдуць канцэрты, спартыўныя спаборніцтвы, флэшмобы. На працягу фестывальных дзён можна будзе пакаштаваць стравы розных нацыянальных кухань у рэстаране пад адкрытым небам. Таксама падчас фэсту запланавана сустрэча міністра культуры Анатолія Маркевіча з прадстаўнікамі дыяспар, з беларусамі замежжа, дзе кожны ахвотны зможа задаць свае пытанні ці абмеркаваць тыя ці іншыя перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва.
— Падчас мінулага фестывалю госці змаглі не толькі пабываць на шматлікіх мерапрыемствах у Гродна, але і завітаць на Аўгустоўскі канал. Ці будзе ў іх падобная магчымасць сёлета?
— Так, менавіта 5 чэрвеня, у нядзелю, фестываль запросіць усіх ахвотных на Аўгустоўскі канал. Тут будзе шмат чаго цікавага: гастрафэст, спаборніцтвы на тачках і па кіданні валёнкаў, конкурсы па паяданні сасісак і дранікаў ды многае іншае.
— Напрыканцы хацелася б таксама закрануць некалькі аспектаў дзейнасці Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. Ці ладзяцца цяпер, скажам, стажыроўкі для беларусаў замежжа, перапыненыя ў сувязі з неспрыяльным эпідэміялагічным становішчам? Нашы суайчыннікі вельмі любілі падобныя стажыроўкі, былі ад іх у сапраўдным захапленні.
— Што да стажыровак, то мы сапраўды пачалі зноў іх ладзіць. Першая адбылася ў лістападзе, і на яе прыехала 30 чалавек з розных краін свету — Латвіі, Узбекістана, Эстоніі, Расіі. А наступная стажыроўка прайшла зусім нядаўна, у пачатку красавіка. На яе завіталі не толькі нашы бліжэйшыя суседзі, а і прадстаўнікі далёкіх ад Беларусі краін — Іарданіі і нават Аргенціны. Акрамя традыцыйных семінараў і лекцый, для прадстаўнікоў беларусаў замежжа быў арганізаваны выезд у Веткаўскі раён Гомельскай вобласці. Госці пабывалі ў Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый, а таксама на радзіме веткаўскага ткацтва — у вёсцы Неглюбка. Можна і не казаць, што паездка сталася запамінальнай і захапляльнай для нашых гасцей. Дарэчы, мы ўжо ведаем, хто прыедзе да нас на чарговую стажыроўку ў гэтым лістападзе — амаль усе месцы ўжо размеркаваныя, што яшчэ раз сведчыць пра неабходнасць і запатрабаванасць па-
добных мерапрыемстваў.
— Наколькі наладжана дзейнасць Цэнтра ў метадычным плане? Ці дапамагаеце вы беларусам замежжа метадычнай літаратурай? Запісамі канцэртаў, абрадаў, свят?
— Напачатку адзначу, што па-за межамі Беларусі пражывае больш за тры мільёны нашых суайчыннікаў, згуртаваных не менш чым у 220 грамадскіх аб’яднаннях ды арганізацыях. Выхадцы з Сінявокай сёння “прапісаліся” не толькі ў краінах СНД і Еўропы, але і ў Аргенціне і ЗША, у Самалі ды Сінгапуры, у Аўстраліі ды Індыі. І яны не толькі жывуць у гэтых краінах, але і актыўна прапагандуюць там беларускую культуру, ладзячы свае адметныя канцэрты ды фестывалі і прымаючы ўдзел у разнастайных святочных імпрэзах у якасці шаноўных гасцей. Таму з беларусамі замежжа мы падтрымліваем сувязь 24 гадзіны на суткі. І гэта сапраўды так: бывае, што з той жа Аргенціны і іншых далёкіх краін нам, у нашы чаты, якія, дарэчы, ствараюцца і актывізуюцца менавіта пасля правядзення стажыровак, у суполкі і на асабістыя тэлефоны пішуць і ў 3, і ў 4 гадзіны ночы, бо ў тых краінах у той час свеціць сонца, а не зоры, як у нас. Таму мы заўсёды з імі на сувязі, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Скажам, вельмі часта нас просяць даслаць сцэнарый правядзення свят Купалля, Дажынак, Калядаў — традыцыйных народных абрадаў. І мы заўсёды ўсім дапамагаем.
— А ці могуць беларусы замежжа з дапамогай Цэнтра набыць сабе касцюмы, беларускія кнігі, іншыя рэчы, прыдатныя для прэзентацыі беларускай культуры за мяжой?
— Так, мы пастаянна набываем для беларусаў замежжа ўсё тое, што ім неабходна. Скажам, нас вельмі часта просяць даслаць беларускія сцягі, беларускую сімволіку, беларускія кнігі, фотаальбомы, беларускія лялькі, саламяныя вырабы, ручнікі... І гэтыя прадметы, выданні, сцягі не залежваюцца на паліцах, а актыўна выкарыстоўваюцца падчас прэзентацый беларускай культуры, працы нацыянальных падворкаў, правядзення разнастайных фестываляў, свят, рэгіянальных і нацыянальных мерапрыемстваў у розных краінах свету. Акрамя таго, варта сказаць і пра тое, што многія калектывы, створаныя пры суполках беларусаў у розных краінах свету, ужо неаднаразова з’яўляліся ўдзельнікамі айчынных фэстаў “Звіняць цымбалы і гармонік”, “Дняпроўскія галасы”, Нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі ў Маладзечне. Так што наша дзейнасць не толькі працуе на высокі імідж Беларусі, беларускай культуры ў свеце, але таксама значна спрыяе ўсталяванню сяброўскіх сувязяў і кантактаў паміж беларусамі замежжа ды жыхарамі Беларусі.