Словам, добрае не бывае танным. А для дарагіх учынкаў патрэбны адмысловыя ідэі. Напэўна, толькі ў такім выпадку на градцы культурных эканамічных эксперыментаў штосьці ды зарунее на продаж.
ХАЛЯВА, БРАЦЕ!
Пісалі мы перапісалі пра тое, што да платных паслуг насельніцтва трэба было прывучаць старанна і тактоўна. Той, хто гэта не зрабіў учора, сёння пакутуе. Мала што зменіцца і заўтра. Вось цяпер і атрымліваецца, што канцэрт, скажам, на прафесійнае свята медыкаў ці міліцыянераў у адным раёне клубнікі ладзяць за канкрэтную грашовую суму, а ў другім — мерапрыемства адбываецца “на халяву”. Дадзеная сітуацыя, дарэчы, выступае добрай лакмусавай паперкай, якая дакладна вызначае, ці ў поўнай меры падтрымлівае мясцовае кіраўніцтва сваіх работнікаў культуры. Вось такая рэгіянальная эканоміка культуры.
Неаспрэчна і тое, што план пазабюджэтнай дзейнасці стымулюе рост колькасці і разнастайнасці платных паслуг. Галоўнае, каб план той быў, так бы мовіць, гуманны і не замінаў працэсу культурнага шчыравання. Пад прымусам песня сумна гучыць.
КАЛЬКУЛЯЦЫЯ МАРЫ
Відаць, павінен прайсці час, каб словазлучэнне “эканоміка культуры” не выклікала страх непаразумення. Я неяк адшукваў па даведцы нумар тэлефона адной з бібліятэк. Там перапыталі: “Аддзел маркетынгу?” — і катэгарычна дадалі: “Ды што вы, нашы бібліятэкі не займаюцца камерцыяй!” Займаюцца! Нават камерцыйны кніжны фонд маюць, дзе абраную літаратуру можна пачытаць толькі за грошы.
Пра бібліятэчныя ідэі. Самую ўнушальную пачуў гадоў дваццаць таму. Раённы бібліятэкар, паказваючы на торбы са спісанымі выданнямі, зазначыла: “Чаму б пры бібліятэках не адкрыць крамкі па рэалізацыі спісанай літаратуры? Вы б такую купілі?” З задавальненнем парыўся б у гэтых развалах і абавязкова што-небудзь ды купіў. У Мінску кніжкі, вынесеныя на сметнік, разбіраюцца ўвобмірг. Словам, ідэя цудоўная. Але, як аказалася, нерэальная з прычыны адсутнасці адпаведнага заканадаўства. Дык у нас ёсць эканоміка культуры з гнуткім заканадаўствам і дакладнай калькуляцыяй здаровага крэатыву?
ХТО ЗАБІЎ КЕНЭДЗІ?
Я, напэўна, колькі жыву, столькі і чую пра неабходнасць стварэння ў Мінску музейнай кватэры Лі Харві Освальда — падазраванага ў забойстве 35-га прэзідэнта ЗША. Освальд, як вядома, пэўны час жыў і працаваў у Мінску. Ідэя так і застаецца ідэяй. Чаму? Хтосьці ж здолеў давесці задуманае да лагічнага завяршэння і адкрыў у сталіцы Музей катоў.
Кажу збольшага пра ідэі, рэалізацыя якіх дапамагла б сферы ўзмацніць пазабюджэтную дзейнасць. А самы час казаць пра тое, што замінае ствараць спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі самых неверагодных задумак. І тут без вашай дапамогі, шаноўныя чытачы і падпісчыкі, ніяк не абысціся!
А цяпер пачытаем сённяшнюю пошту.
ВЕЛІКОДНАЕ ДЗІВА
Метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Дыдышка напісала: “9 красавіка ў Гродне адбылося пятае па ліку свята майстроў вобласці, прысвечанае велікодным традыцыям. Лідчыну прадстаўляў на мерапрыемстве наш аддзел. Кераміку дэманстравала Алена Свідэрская, яйкі-пісанкі — Марына Савіцкая, ручнікі — Валянціна Сільвановіч, этнаграфічную ляльку — я. Выступаў народны фальклорны гурт “Талер” пад кіраўніцтвам Наталлі Шчалканогавай”.
Велікодную тэмы працягнула загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Дар’я Марціновіч. У гарадской бібліятэцы № 4 працуе выстава велікодных вырабаў. Яна арганізавана сумесна з аддзяленнем дзённага знаходжання людзей з інваліднасцю Лідскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Экспанаты, па словах аўтара, выраблены ў розных тэхніках з дрэва, тканіны, гіпсу, бісеру…
А вось інфармацыя Алены Цярэшкі, загадчыка аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Ваўкавыскай раённай бібліятэкі: “Фальклорная праграма “Велікодныя забавы” — вынік творчай дзейнасці Вярэйкаўскай сельскай бібліятэкі. Самай масавай аказалася гульня ў “біткі”. Я памятаю, як бацька браў мяне на Вялікдзень на базар, каб пасупернічаць з сябрамі ў гэтыя самыя біткі. На што толькі не ішлі прайдзісветы: залівалі пустыя яйкі смалой, рабілі біткі з дрэва. Калі такіх раскрывалі, дык абавязкова лупцавалі. Бацька іграў без падману і амаль заўжды выйграваў картуз крашанак.
КАХАННЕ І ВАЙНА
“У Вайцяшынскім грамадскім музеі этнаграфіі і сялянскага побыту пры Вайцяшынскай сельскай бібліятэцы — філіяле Бярозаўскай раённай бібліятэчнай сістэмы — ёсць каляровая паштоўка, адпраўленая з Германіі ў лістападзе 1944 года ўраджэнцам вёскі Пескі Мікалаем Бярынчыкам сваёй жонцы Міланіі Міхайлаўне. Паштоўку, як узор мужнасці і кахання, перадала музею ўнучка франтавіка Лілія Рудзьман, — піша загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай ЦРБ Галіна Крывашэева. — У лісце напісана: “Мілечка клянуся быць да гроба тваім…”. На пачатку Вялікай Айчыннай Мікалаю Максімавічу было 20 гадоў. Ён быў паранены, Перамогу сустрэў у Берліне. Узнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі. Гэтыя людзі пранеслі каханне праз усё жыццё, выгадавалі трох сыноў. Цяпер род працягваюць 9 унукаў і 14 праўнукаў”.
“АРТІШОК”
Намеснік дырэктара Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Печкур распавядае пра вынікі ІІ Адкрытага мастацкага конкурсу “АРТішок”. Другі год запар ён збірае юныя таленты. Сёлета 119 удзельнікаў з 16 гарадоў і пасёлкаў даслалі работы для ўдзелу ў творчым суперніцтве. Геаграфія конкурсу ахапіла Мінскую, Брэсцкую, Гродзенскую і Магілёўскую вобласці. Тэма работ была прымеркаваная да Года гістарычнай памяці. Дыплом лаўрэата першай ступені атрымалі Святлана Грудзіна, Марыя Вараб’ёва. А былі яшчэ дыпломы другой і трэцяй ступеняў.
ШТО ТАКОЕ “САКАВІНЫ”?
Гэта вясновае свята паэзіі і музыкі ў Зэльве. Як сцвярджае намеснік дырэктара Зэльвенскай раённай бібліятэкі Вольга Камякевіч, мерапрыемства бярэ пачатак з 1997 года. Адзін з арганізатараў — паэт-песеннік і ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна Уладзімір Мазго. У ліку ганаровых гасцей свята быў і кампазітар, народны артыст Беларусі Эдуард Ханок. Уяўляеце, якую атмасферу ўтварыў на “Сакавінах” аўтар шматлікіх песенных хітоў?
КЛЮЧЫ АД ТАЙНЫ
Распавядае загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Навагрудскай раённай бібліятэкі Святлана Чубрык: “Мы ладзілі квэст “Таемныя ключы гісторыі”. Ключнік зямлі навагрудскай пагубляў ключы ад нашых славутасцей: Фарнага касцёла, Барысаглебскай царквы, кургана Бессмяротнасці Адама Міцкевіча, гары Міндоўга, Навагрудскага замка… На дапамогу прыйшлі навучэнцы гандлёва-эканамічнага каледжа. Дзве каманды пастараліся адказаць на пытанні-загадкі пра аб’екты, ключы ад якіх трэба было знайсці. Ключнік быў выратаваны!”