З 19 700 асабовага складу чатырох пагранічных атрадаў Беларускай пагранічнай акругі каля 16 тысяч байцоў загінулі ў няроўным баі, некаторыя з іх да гэтага часу лічацца зніклымі без весткі, але ніводны не адступіў ні на крок. Заўважу, што ў кожным пагранатрадзе ў сярэднім было ад 1400 да 2200 чалавек.
На жаль, пра падзеі першых дзён вайны (ды і наогул пра ўсю вайну) сённяшняе пакаленне моладзі ведае, мякка кажучы, даволі павярхоўна, галоўным чынам па сумнеўных, няпэўных блокбастарах і тэлесерыялах, бо кнігі, заснаваныя на праўдзе фактаў, і дакументальныя матэрыялы на гэтую тэму мала хто зараз чытае. Да таго ж, ігнаруючы аб’ектыўнасць такіх фактаў, у некаторых краінах палітыкамі вельмі вольна перапісваецца гісторыя, звязаная з Другой сусветнай вайной і ў прыватнасці з першымі трагічнымі гадзінамі, днямі і месяцамі нашай Вялікай Айчыннай.
Як захаваць, не згубіць Праўду? Час няўмольны: носьбітаў — удзельнікаў і сведак вялікай драмы сорак першага — у жывых засталося зусім мала. І што рабіць? Вось і думаеш, што адна надзея на моладзь: калі не яна, дык хто панясе далей нязгасны факел Памяці? “Тут і цяпер” помніць тых, хто стварыў бессмяротны подзвіг у імя твайго ж жыцця, у імя будучай свабоднай і мірнай Бацькаўшчыны! Праецыраваць урокі гісторыі на сябе, каб не парушыць чыстыя запаветы «жывых і мёртвых», — так гучыць сучасны пасыл маладой незалежнай Рэспублікі Беларусь да народаў усёй планеты. І ў гэтым кантэксце, сярод усяго іншага, манументы і буйныя мемарыялы, узведзеныя на нашай зямлі, заўсёды былі моцным акумулятарам чалавечых арыенціраў на шляху ў Заўтра — без войнаў, рэвалюцый, гвалту, сацыяльных, эканамічных, культурных і рэлігійных узрушэнняў. У ліку такіх духоўных святынь — і Гродзенскі мемарыял, дарэчы, першы на тэрыторыі былога СССР, створаны ў гонар герояў-пагранічнікаў 41-га года…
НАВЕЧНА ЗАСТЫГЛЫЯ Ў БРОНЗЕ
Яркіх прыкладаў гераічных подзвігаў абаронцаў дзяржаўнай мяжы на заходніх рубяжах Беларусі ў першыя гадзіны вайны можна прывесці шмат: яны захаваліся і ва ўспамінах тых нямногіх ветэранаў-пагранічнікаў, якія выжылі, і ў архіўных дакументах, і ў ваеннай хроніцы, і ў дакументальных кнігах-даследаваннях. А потым, пачынаючы з 1960-х, надышоў час захоўваць падобныя подзвігі і ў лепшых творах манументальнага мастацтва. І першай “ластаўкай” у рэалізацыі гэтай велічнай праграмы па ўвекавечанні памяці герояў стаў мемарыяльны ансамбль “Брэсцкая крэпасць-герой”, пра які газета “Культура” падрабязна пісала не аднойчы.
Работа над мемарыялам савецкім героям-пагранічнікам для Гродна пачалася ў пачатку 2000-х гадоў. Я быў сведкам таго, як у творчай майстэрні вядомага скульптара і майго сябра Генадзя Буралкіна распрацоўваўся эскізны праект, а потым і прамежкавая рабочая мадэль будучага помніка. Менавіта яму, Генадзю Васільевічу, і вопытнаму архітэктару Станіславу Федчанку, па прапанове духоўнага кіраўніка праекта, тагачаснага старшыні Дзяржаўнага камітэта пагранічных войск Рэспублікі Беларусь, генерал-лейтэнанта Аляксандра Паўлоўскага, было даручана рэалізаваць гэты знакавы для краіны манументальны твор. Што знамянальна, мемарыял стаў сапраўды народным помнікам, бо быў збудаваны на асабістыя ахвяраванні пагранічнікаў Беларусі, Расіі, Казахстана, Кіргізіі, Малдовы, іншых грамадзян і арганізацый, пра што сведчыць адпаведны надпіс на бронзавай дошцы.
Цэнтральная вось мемарыяльнага ансамбля праходзіць пад вуглом у 45 градусаў у адносінах да перакрыжавання дзвюх вуліц — Савецкіх Пагранічнікаў і Касманаўта Паўла Паповіча. Цудоўна задуманы архітэктурны складнік помніка. Прыўзнятая над зямлёй пляцоўка ў рытмічным абрамленні кветачніц выглядае як своеасаблівы магутны подыум, на які вядуць гранітныя прыступкі, а па абодвух баках ад восі размяшчаюцца дзве групы па сем сімвалічных магіл. Яны выкананы з гранітных камянёў з нахіленымі паліраванымі плоскасцямі, на кожнай з якіх бронзавымі літарамі пазначаны назвы 14-ці загінулых пагранічных застаў. На плітах ля падножжа гэтага суровага, па-сапраўднаму цэльнага, без залішняй літаратурнасці манументальнага твора высечаны назвы пагранічных часцей і падраздзяленняў, якія першымі ў Вялікай Айчыннай вайне прынялі бой з германскімі полчышчамі. І надпіс: «Загінуўшым, але непераможаным воінам Беларускай пагранічнай акругі». Навокал 15 слупоў Дзяржаўнай мяжы СССР.
Менавіта тут, у цэнтры ансамбля, і размяшчаецца дамінанта ўсяго велічнага твора — скульптурная кампазіцыя “Граніца ў агні”, выразная сваімі пластычнымі рытмамі, вострай дынамікай і дакладнай прапрацоўкай дэталяў. Вельмі прыцягальныя па сваёй натхнёнасці абагульненыя вобразы камандзіра заставы з біноклем на грудзях, сяржанта з аўтаматам і радавога пагранічніка, які моцна сціскае вінтоўку са штыком. Так і стаяць плячо ў плячо байцы, навечна застыглыя ў бронзе, напамінаючы нам, сучаснікам, пра тое, як менавіта яны, ахвяруючы сабой, зрабілі першы пераможны крок на вогненным шляху, які прывёў да гістарычнай майскай Вясны 45-га.
Поўную версію артыкула чытайце ў газеце "Культура" №15 за 9 красавіка.