У інтэрв’ю Аляксандр Палікарпавіч успамінае далёкі 1964 год, калі ён, навучэнец Маладзечанскага музвучылішча, сямнаццацігадовы хлопец, па прапанове Альгерда Апановіча прыехаў у Смаргонь у якасці хормайстра. Тады толькі зараджаўся ансамбль песні і танца імя Міхала Клеафаса Агінскага, які неўзабаве атрымаў неймаверную папулярнасць і званне “народны”.
Невялікі перапынак у працы — войска трэба было прайсці — і Аляксандр Лях зноў у Смаргоні. Ужо надоўга. З нашага горада ён паехаў у Мінск дваццаць дзевяць гадоў таму, але па-ранейшаму пастаянна прыязджае на рэпетыцыі хору. І не аднаго. Ён таксама нязменны кіраўнік Смаргонскага хору ветэранаў, які быў створаны ў 1976 годзе на базе ААТ “Смаргонскі завод аптычнага станкабудавання”. А ў Мінску — вакальнага ансамбля «Акавіта» Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.
Адкуль столькі энергіі ў гэтым чалавеку? У адказ Аляксандр Палікарпавіч усміхаецца і сцвярджае, што ад гледача яго творчая батарэйка зараджаецца такой энергіяй, якой хапае надоўга.
У скарбонцы кампазітара — два зборнікі песень. На сцэне гучаць творы, напісаныя на вершы многіх беларускіх паэтаў. У тым ліку і нашых землякоў — Мар’яна Дуксы (з паэтам Аляксандра Ляха звязвалі сувязі дружбы), Валянціны Бажыдай (удзельніца хору і вялікі натхняльнік кампазітара, на яе вершы ён напісаў 15 песень).
На музыку Аляксандра Ляха гучаць гімны горада Смаргоні, а таксама СШ №1 горада Смаргоні і Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Кампазіцыя “Курсантам Інстытута нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь прысвячаецца” — таксама своеасаблівы гімн.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.
Працяг тэмы — у газеце "Культура" №15 за 9 красавіка.