Старажытны беларускі род Сапегаў герба “Ліс” паходзіў са Смаленшчыны, але пазней у сілу абставін Сапегі змянілі месца жыхарства. Сам герой нашага апавядання Леў Сапега, сын Івана Сапегі і Багданы з Друцкіх-Сакалінскіх, нарадзіўся 4 красавіка 1557 года ў бацькоўскім маёнтку Астроўна на Віцебшчыне. Малога Льва ў сем год бацькі адправілі ў Нясвіж, да віленскага ваяводы князя Мікалая Радзівіла Чорнага, вядомага дзеяча Рэфармацыі. Скончыўшы ў 13 год пратэстанцкую школу ў Нясвіжы і авалодаўшы немалымі ведамі і некалькімі мовамі, Леў Сапега разам з сынамі Мікалая Чорнага быў накіраваны ў Лейпцыг, дзе ў 1570—1572 гадах вучыўся ва ўніверсітэце. Гэтыя некалькі год далі Сапегу грунтоўныя веды рымскага і царкоўнага права.
Вярнуўшыся ў 1572 годзе на радзіму, Леў Сапега разам з братам і бацькам сеў на лаву падсудных… Нешта там адбылося непрыемнае з маёнткам наваградскага падваяводзіча Астафія Гарнастая, да якога мелі нейкае дачыненне Сапегі, і гэта ледзь не прывяло іх да “вечнага выгнання” з ВКЛ, Але суворы і справядлівы прысуд, які спярша быў зацверджаны ваяўнічым каралём Стэфанам Баторыем, ім жа і быў скасаваны. Магчыма, так на яго рашэнне паўплывалі красамоўства і веды права Льва Сапегі (які сам бараніў трыяду ў судзе), што ўражаны кароль вырашыў наблізіць разумнага хлопца да сябе. А можа, адыграла пэўную ролю заступніцтва Радзівілаў? Хутчэй за ўсё, і тое, і другое. Так у 1579 годзе Сапега патрапіў у двор Стэфана Баторыя. Малады шляхціц становіцца каралеўскім дваранінам, а ў 1580 годзе — каралеўскім сакратаром. У 1581 годзе Сапега стаў літоўскім пісарам.
У 1581 годзе Сапега дабіўся ўтварэння ў ВКЛ Галоўнага Трыбунала — вышэйшага апеляцыйнага суда. Рашэнні яго мелі моц пастаноў сойму, маршалкам якога за сваё жыццё Сапега абіраўся некалькі разоў. І пайшоў на ўтварэнне Трыбуналу Сапега не проста так. У 1578 годзе соймавым рашэннем быў створаны Каронны трыбунал (у Польшчы). Таму Сапега, каб падкрэсліць, што ВКЛ не горшае за Польскае каралеўства, як бы сказалі зараз сучаснікі, пралабіраваў такі самы вышэйшы суд для сваёй краіны — ВКЛ. У 1582 годзе Сапега абіраецца паслом на сойм, а ў наступным неадлучна знаходзіцца пры каралеўскім двары.
Фота: nlb.by
Вельмі важнай вяхой жыцця Льва Сапегі, нароўні са стварэннем Галоўнага Трыбунала ВКЛ, з’яўляецца выданне трэцяй рэдакцыі Статута ВКЛ (1588). Матывацыя Сапегі, як і ў тым выпадку, была перш за ўсё патрыятычная.
Каб радыкальна “размежавацца” з палякамі ў рамках феадальнай федэратыўнай рэспублікі і прымусіць іх глядзець на ВКЛ як на цалкам самастойную краіну, з’яднаную з Каралеўствам толькі соймам і адзіным манархам, Леў Сапега і Ян Глябовіч пайшлі на рызыкоўны крок. Дыпламатычнымі захадамі яны прымусілі караля і вялікага князя Жыгімонта Вазу зацвердзіць Статут толькі пячаткай ВКЛ ды подпісамі Льва Сапегі і Габрыэля Войны.
Артыкулы новай рэдакцыі Статута “замацоўвалі палітыка-прававы статус ВКЛ як суверэннай дзяржавы ў складзе Рэчы Паспалітай, якая хоць і пайшла на саюз з Польскім каралеўствам, але імкнулася да пераасэнсавання ўмоў Люблінскай уніі. Статут выразна забараняў польскім феадалам атрымліваць пасады і землі ў Княстве, патрабаваў весці справаводства ў судах на беларускай мове. На каранацыйным сойме 1588 года Леў Сапега атрымаў ад караля і вялікага князя выключнае права на друк Статуту”.
Працяг тэмы — у газеце "Культура" №14 за 2 красавіка.