— Вельмі здзівіў той факт, што за пэндзаль і фарбы вы ўпершыню ўзяліся на ўступных іспытах у мастацкае вучылішча. Як жа ўдалося паступіць?
— Расла я ў вёсцы, і ніякіх фарбаў там не было — толькі алоўкі каляровыя. У пятнаццаць гадоў упершыню трапіла ў горад. Прыехала паступаць і даведалася, што на экзамене трэба маляваць акварэллю. Я пайшла ў ГУМ, купіла там пэндзаль для клею і маленькі набор акварэльных фарбаў. Нехта з тых дзяцей, хто раней займаўся, падказаў, як што робіцца. А на іспытах да нас падыходзіў Альгерд Малішэўскі, рабіў нейкія заўвагі і даваў парады. Так і паступіла, але на аддзяленне, якое мне не вельмі спадабалася. Хацела быць мастаком, а трапіла на мастацкую вышыўку, бо мела вельмі дрэнную падрыхтоўку. Потым збягалі з заняткаў, прыдумвалі нешта, каб не ісці на вышыўку, а лепш памаляваць.
— Напэўна, складана было запоўніць прабелы ў падрыхтоўцы. Як наганялі ўпушчанае?
— Ад выкладчыкаў я недаатрымала многае — што ў вучылішчы, што ў інстытуце. Толькі на трэцім курсе вучылішча да нас прыйшоў выкладаць Леанід Асядоўскі — яшчэ малады хлопец. Ён натхніў нас на творчасць, дапамог мудрымі парадамі. За паўгода падцягнуў па малюнку, па жывапісе — і мы, нават не скончыўшы вучылішча, адважыліся паступаць у інстытут. А там рабілі першы набор на мастацкі тэкстыль. Конкурс прайшлі. У інстытуце я хадзіла на дадатковыя вячэрнія заняткі па малюнку і наведвала гурток графікі, які вяла Аляксандра Паслядовіч. Многа чаго асвоіла там: афорт, лінагравюру, іншыя тэхнікі. Нехта са студэнтаў мне перадаў словы Аляксандры Ануфрыеўны “Пілюзіна — прыроджаны графік”. Неяк на зімовых канікулах самі зладзілі паездку па мастацкіх інстытутах Вільнюса, Рыгі, Ленінграда і Масквы. Знаёміліся са студэнцкімі работамі, высвятлялі, як робяцца габелены, і сачылі за працай дыпломнікаў, бо ў саміх набліжалася дыпломная работа. Асвойвалі многае самастойна. Калі б сама не змагалася, нічога і не было б.
— Пачынаецца прафесійная дзейнасць — паступаюць заказы на габелены для аздаблення грамадскіх аб’ектаў. Ці хапала вам прасторы для самавыяўлення?
— Насамрэч у мяне было не вельмі шмат заказаў, таму хапала часу і сіл на творчыя работы. Няма заказаў — няма грошай, каб заплаціць майстрыхам. Можна сказаць, я вымушаная была працаваць сваімі рукамі. Рабілася ўсё на адным дыханні, таму што нельга ў гэтай справе рабіць вялікія перапынкі. І гэта каштоўна, бо ўласнаручныя габелены маюць асаблівую энергетыку. Зробленыя на камбінаце не параўнаць з імі, нават калі пашанцавала з ткачыхамі. Каб так не склалася, мо і не было б столькі маіх работ у музеях.
— Вядомасць вам прынеслі творы на тэму нацыянальнай спадчыны, сувязі з роднай зямлёй. Ці можаце ўявіць, што гэта месца магло б заняць нешта іншае?
— Напэўна, адвяла б час філасофскім творам. Пра космас, напрыклад. Дарэчы, такія габелены ў мяне ёсць. Той жа “Таямнічы водбліск” — энергія, якая дае нам сілы, без якой творчасць немагчыма. Без яе твае работы не патрэбны ні табе, ні людзям. Напэўна, такая сіла дала мне імпульс для габелена “Прарыў”. Неяк доўга мучылася з работай, прысвечанай Янку Купалу, хоць быў ужо вялікі эскіз — цэлая размова пра яго спадчыну. І неяк з папкі вываліліся некалькі кавалачкаў паперы — і адразу склаліся ў кампазіцыю. Прарыў! І я нічога не дадумвала, толькі павялічыла. Вось гэта твор на тэму, важную для кожнага чалавека незалежна ад месца жыхарства.
— Вы кіравалі стварэннем копіі габелена XVII стагоддзя “Наданне княжацкага тытула Мікалаю Радзівілу Чорнаму” для Нясвіжскага замка. Чым вам запомніўся гэты працэс?
— Вопыт быў цікавы. Арыгінал захоўваецца ў Польшчы, магчымасці пабачыць яго ўжывую не было, таму паўтаралі твор па фотаздымку ў натуральную велічыню. Разам з дызайнерам давялося апрацоўваць выяву, бо на габелене ёсць плямы і іншыя пашкоджанні. І гэтыя дэталі прыйшлося ўзнаўляць. Мне самой было вельмі цікава пазнаёміцца з гэтым габеленам і разабрацца ў задуманай кампазіцыі, сюжэце, вырашэнні фігур.
— Неяк вы абураліся, што жывапісцы і графікі бяруцца рабіць габелены. Маўляў, для гэтага патрэбна асаблівае мысленне. Чым жа яно адметнае?
— Так, калі няма габеленавага мыслення, атрымліваецца проста копія алейнага жывапісу. Калі стварыць карціну ў нітках, гэта яшчэ не габелен. Вось, напрыклад, Зоя Літвінава — такі майстар, які можа і габелен зрабіць. У чым сутнасць гэтага мыслення, мне складана патлумачыць словамі. Гэта пачуццё. Або яно ёсць, або няма.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ