У анкетах савецкага часу Іосіф Воўк-Левановіч пісаў, што паходзіць з працоўнай сям’і дробнага земляроба, таксама называў сябе сынам працоўнага аратага з былых дваран. Нарадзіўся будучы даследчык 7 лістапада 1891 года на хутары Лявонаўка (цяпер гэта тэрыторыя Асіповіцкага раёна) у збяднелай шляхецкай сям’і. Род яго старадаўні, вядомы з XVI стагоддзя, карыстаўся гербам “Трубы”. Сам Іосіф Васільевіч пастановай Правячага сената прызнаны ў спадчынным дваранстве з правам на ўнясенне ў дваранскую радаводную кнігу. І хаця былой раскошы сям’я больш не бачыла, бацькі знайшлі магчымасць даць сыну адукацыю. Ён адвучыўся ў Бабруйскай класічнай гімназіі, па заканчэнні якой атрымаў срэбраны медаль за выдатныя паводзіны і поспехі ў навуках, асабліва ў гісторыі. Цяга да мінуўшчыны прывяла юнака на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Іосіф Васільевіч з вялікай прыемнасцю прыгадваў час, прабаўлены за чытаннем у рускім аддзеле публічнай бібліятэкі і ў навуковых дыскусіях.
КАНФЛІКТ АЙЦОЎ МОВАЗНАЎСТВА
Прыехаўшы ў Мінск, Воўк-Левановіч становіцца выкладчыкам спачатку ў тэхнікуме, пазней у Белдзяржуніверсітэце, а ў 1927 годзе атрымлівае званне дацэнта. Ён чытае курс гісторыі беларускай мовы, вядзе семінары па сучаснай беларускай, польскай, чэшскай і іншых славянскіх мовах, спецыяльныя заняткі па літоўскіх метрыках. Здаецца, усё ідзе гладка, але ў Мінску навуковец пачуваецца чужым.
Увесну 1925 года яго вылучылі ў члены Інстытута беларускай культуры, аднак, як згадвае герой, на навуковай радзе кандыдатуру правалілі Язэп Лёсік і Сцяпан Некрашэвіч, якія чамусьці лічылі калегу ворагам беларускага руху. На пасяджэнні яны чарговы раз паўтарылі небыліцу, што Воўк-Левановіч у Бабруйску публічна выступіў супраць нацыянальнага руху.
Не без крыўды мовазнавец успамінае іншую сустрэчу ў Інбелкульце. Ён трапіў на агульны сход, дзе сабраліся члены тэрміналагічнай камісіі — Янка Купала, Якуб Колас, Мікола Байкоў, Язэп Лёсік і іншыя. Яны тоўпіліся ў пакоі і размаўлялі, але ніхто ніводным словам не звярнуўся да Воўк-Левановіча, які сціпла сядзеў ля дзвярэй. Грамада даўно ведала яго, аднак чамусьці пазбягала кантакту. І пры першай сустрэчы Язэп Лёсік літаральна зверам паглядзеў на новага знаёмага, не сказаў ніводнага слова, адразу звярнуўшыся з нейкай размовай да Сцяпана Некрашэвіча, які складаў кампанію Воўк-Левановічу.
Калі яму даручылі чытаць курс гісторыі беларускай мовы, члены Інбелкульта і частка студэнцтва выступілі супраць. Разгублены выкладчык занатаваў: “Для мяне было зразумела, што перад мной узводзіцца нейкая глухая сцяна; прытым я шукаў і не мог знайсці падстаў, якія прымушалі, напэўна, самых уплывовых з беларускіх нацыяналістаў — гэту сцяну перад мной узводзіць”. Іосіф Васільевіч здзіўляўся такому стаўленню і зазначаў, што яго навуковая кваліфікацыя не можа падлягаць сумненню і ўвогуле навокал не было ніводнага роўнага яму лінгвіста. “Некрашэвіч скончыў усяго толькі настаўніцкі інстытут у Вільні, а Лёсік не скончыў нават настаўніцкую семінарыю”, — пісаў абураны Воўк-Левановіч ва ўспамінах.
У яго бок пастаянна сыпаліся абвінавачанні ў некампетэнтнасці, а студэнты нават выступілі супраць свайго выкладчыка ў прэсе. Над ім павісла пагроза звальнення. Згоды не даў Народны камісарыят асветы БССР: страціць гэтага навукоўца непажадана, бо з ім распалася б група ўсходнікаў, якая “вядзе барацьбу з заходнікамі і расшыфроўвае іх контррэвалюцыйную сутнасць”. Хаця ўлада абараніла мовазнаўца, ён больш не змог заставацца ў Мінску і з’ехаў у Саратаў.
РАСКРЫВАЮЧЫ МОВЫ ДЗІЎНЫЯ СКАРБЫ
Халоднае стаўленне калег не азмрочыла цалкам мінскі перыяд, бо гэтыя гады сталіся плённымі ў навуковым плане. Іосіф Воўк-Левановіч даследаваў старажытныя беларускія помнікі пісьменства, зацікавіўся работамі нашага першадрукара і выпусціў артыкул “Мова выданняў Францыска Скарыны”. Пазней за свае грошы выдаў “Лекцыі па гісторыі беларускай мовы”, якія Народны камісарыят асветы БССР зацвердзіў у якасці вучэбнага дапаможніка. Кніга раскрывала месца беларускай мовы сярод іншых славянскіх, дыялектныя асаблівасці і іншыя аспекты. У 1994 годзе “Лекцыі…” перавыдалі з мікрафільма, які захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук.
УЗАРАЦЬ НЕКРАНУТУЮ ГЛЕБУ
Яшчэ Іван Насовіч зрабіў першую спробу выпусціць гістарычны слоўнік: падрыхтаваў “Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў”, але той так і не быў выдадзены. Да ідэі вярнуліся ў 1927 годзе члены Інбелкульта. Сакратаром адмысловай камісіі стаў Іосіф Воўк-Левановіч. Ён распрацаваў інструкцыю аб прынцыпах і метадах укладання слоўніка, якую даследчыкі лічаць ключавой. Воўк-Левановіч вызначыў крытэрыі адбору крыніц і прапанаваў план апісання кожнага помніка, а таксама вызначыў храналагічныя межы — ад XIII да XVIII стагоддзя. Пакуль не пакінуў нашу рэспубліку, навуковец рупна шукаў рукапісныя і друкаваныя помнікі ў Беларускім дзяржаўным музеі і ў Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы, працаваў у расійскіх кнігазборах.
У 1930-я гады жыццё многіх дзеячаў Інбелкульта скончылася трагічна. Іх абвінавацілі ў злачынствах супраць савецкай улады, многіх рэпрэсавалі. Нялёгкі лёс выпаў і Іосіфу Воўк-Левановічу: ужо на чужыне, у Арэнбургу, яго арыштавалі і саслалі ў паўночны лагер, дзе навуковец неўзабаве памёр. Толькі праз чатыры дзесяцігоддзі айчынныя мовазнаўцы вярнуліся да складання гістарычнага слоўніка беларускай мовы. Першы том выпусцілі ў 1982 годзе. Апошні, трыццаць сёмы выпуск пабачыў свет у 2017-м.
На здымках: дакументы з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Фота з сайта iml.basnet.by