— Летась установы культуры Віцебскай вобласці паказалі вышэйшы за сярэдні па краіне ўзровень росту пазабюджэтных даходаў. Якім чынам дасягнулі гэтай планкі?
— Установы культуры шукаюць дадатковыя крыніцы фінансавання, і асноўнай стала платная культурная дзейнасць. Пашырыўся круг паслуг, запатрабаваных моладдзю, як забаўляльных, так і інфармацыйна-пазнавальных. Уведзены новыя віды культурна-асветніцкай работы ў бібліятэках і музеях. У практыку ўкараняюцца формы культурна-дасугавай дзейнасці, заснаваныя на ўжыванні сучаснай камп’ютарнай тэхнікі, таксама праводзяцца квэсты, карпаратывы для арганізацый і ўстаноў, дзіцячыя ранішнікі і дні нараджэнняў.
Напрыклад, у Лёзна на сцэне раённага цэнтра культуры ўвасабляюць многія тэлевізійныя праекты: “Точь-в-точь” — адзін з самых папулярных сярод мясцовых жыхароў, вакальны шоу-праект “Ты суперстар”. Вядомым стаў культурны праект “Добровидение” ў аграгарадку Дабрамыслі.
Адной з галоўных прычын дасягнення высокіх вынікаў па росце пазабюджэтных даходаў стала тое, што арганізацыямі культуры праведзена больш за 29 тысяч мерапрыемстваў на платнай аснове. Таксама прыцягнута 1,5 мільёна рублёў спонсарскіх сродкаў.
— Віцебшчына — край з багатай гісторыка-культурнай спадчынай. І дзяржава імкнецца зберагчы гэты скарб. Якія найбольш важныя работы ў гэтым напрамку правялі летась?
— Сапраўды, наш рэгіён мае багатую спадчыну — матэрыяльную і нематэрыяльную. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей уключана 966 аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыі Віцебскай вобласці. У мінулым годзе ў спіс дададзены два новыя — комплекс былой сядзібы Цюндзявіцкіх у вёсцы Галашова Талачынскага раёна і помнік на месцы гібелі генерала Якава Кульнёва ў Полацкім раёне.
Праводзіцца значная праца па рэканструкцыі і рэстаўрацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей. Знакавым аб’ектам у гэтым плане з’яўляецца Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку, на якой працягваюцца маштабныя работы па аднаўленні фрэсак ХІІ стагоддзя і рэканструкцыі самога храма. Акрамя таго, вяліся працы на тэрыторыі Верхняга замка ў Полацку, уключаючы маштабныя археалагічныя даследаванні, якія не маюць аналагаў у краіне ў апошнія гады.
У горадзе Лепелі набліжаецца да завяршэння рэстаўрацыя помніка архітэктуры XIX стагоддзя — будынка былога вінаачышчальнага склада — пад краязнаўчы музей. На працы выдаткаваны сродкі ў тым ліку з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.
Дарэчы, ёсць прыклады зацікаўленасці помнікамі з боку прыватнага бізнесу. У 2021 годзе з ліку аб’ектаў, што не выкарыстоўваюцца, праз аўкцыён рэалізаваны паштовая станцыя ў вёсцы Кузьміна Гарадоцкага раёна, сядзіба ў вёсцы Дзедзіна Мёрскага раёна. Вырашаецца пытанне аб перадачы яўрэйскай абшчыне руін былой Вялікай Любавіцкай сінагогі ў Віцебску.
У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей уключана 19 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Віцебшчыны, у тым ліку ў 2021 годзе “Беларускае мастацтва выцінанкі”, “Ткацтва посцілак у тэхніцы аднабаковага перабору Лепельскага раёна Віцебска”. Рамесныя традыцыі рэгіёна захоўваюць і развіваюць 24 дамы (цэнтры) рамёстваў і 28 народных клубаў майстроў народных мастацкіх рамёстваў. Лепшыя ўзоры творчасці яны дэманструюць у рамках абласных праектаў “Партрэт майстра” і “Захавальнікі народных традыцый”. Таксама існуе ідэя стварэння музея народнай творчасці, аналагаў якога пакуль няма ў рэспубліцы.
— Дзе сёлета разгорнуцца рамонтна-рэстаўрацыйныя работы?
— У Полацку запланаваны работы па рэстаўрацыі з рэканструкцыяй былога жылога корпуса манастыра францысканцаў на вуліцы Ніжне-Пакроўскай з прыстасаваннем пад музей археалогіі. Гэты будынак XVIII стагоддзя — гісторыка культурная каштоўнасць катэгорыі “2”.
Ужо пачаліся работы па аднаўленні сядзібы ў аграгарадку Арэхаўна Ушацкага раёна, якія ўключаюць распрацоўку праекта, натурныя даследаванні, ачыстку будынка і тэрыторыі. Таксама ідзе праца ў Клубе металістаў па вуліцы Энгельса ў Віцебску і будынку музея Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова на вуліцы Чэхава (гэта былы прытулак адстаўных чыноўнікаў — помнік архітэктуры пачатку XX стагоддзя).
— Зразумела, самае гучнае мерапрыемства на Віцебшчыне — “Славянскі базар”, які збірае тысячы гасцей. Але свае адметныя фэсты ёсць бадай у кожным раёне. Якія з іх ужо можна назваць брэндавымі?
— Традыцыйна на Віцебшчыне штогод праводзіцца звыш 90 тысяч мерапрыемстваў, у тым ліку 12 міжнародных фестываляў. Безумоўна, на першым месцы “Славянскі базар у Віцебску” — самы яркі і шырокафарматны праект. Таксама найбольш знакавымі і несумненна брэндавымі мерапрыемствамі для Віцебшчыны можна назваць Міжнароднае свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”, Міжнароднае свята песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, Міжнароднае свята народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах, Міжнароднае свята “Вішнёвы фестываль” у Глыбокім, Міжнародны конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Халі-Хало” ў Наваполацку, Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC) у Віцебску і іншыя, якія ведаюць далёка за межамі рэспублікі.
Сёння раёны маюць і свае адметныя культурныя праекты, якія адлюстроўваюць мясцовыя асаблівасці, чым прыцягваюць гасцей. Набіраюць папулярнасць свята аматарскіх аб’яднанняў “Яблычны фэст”, якое праводзіцца на радзіме вядомага селекцыянера Івана Сікоры ў вёсцы Алашкі Шаркаўшчынскага раёна, рэгіянальнае свята “Гарадоцкі Парнас” у гонар аўтара паэмы “Тарас на Парнасе” Канстанціна Вераніцына, фестываль вулічнага мастацтва “Волаты Прыдзвіння” ў Віцебскім раёне, экалагічнае свята “Жураўлі і журавіны Мёрскага краю” і шэраг іншых.
— Ці ёсць ідэі, як прыцягнуць увагу турыстаў да гэтых мерапрыемстваў?
— Каб свята атрымалася прывабным, патрэбна добрая рэклама і якасная падрыхтоўка. Над гэтым і працуюць рэгіёны. У вобласці ўжываецца практыка абароны рэжысёрскіх канцэпцый з улікам творчых удзельнікаў мерапрыемстваў, іх рэпертуару і касцюміравання. Для правядзення рэгіянальных мерапрыемстваў на належным узроўні зацвярджаюцца аргкамітэты, прымаюцца рашэнні мясцовых органаў улады, звяртаецца ўвага на праўдзівае адлюстраванне гістарычных падзей, аб’ектыўнасць, дэманстрацыю адзінства беларускага народа, фарміраванне духоўна-маральных каштоўнасцей. Асаблівая ўвага надаецца падтрымцы творчай актыўнасці патрыятычна накіраванай моладзі. Інфармацыя аб мерапрыемствах размяшчаецца ў СМІ, на інфармацыйных парталах, у сацыяльных сетках і месенджарах.
— 2022-гі абвешчаны ў рэспубліцы Годам гістарычнай памяці. Безумоўна, гэта рашэнне не можа не паўплываць на працу ўстаноў культуры. Якімі акцыямі адзначаць тэматычны год на Віцебшчыне?
— Значная частка штодзённай працы работнікаў культуры скіравана на захаванне гістарычнай памяці. Таму галоўная задача зараз — якасна працягваць гэту дзейнасць. Асабліва важная роля належыць музеям. На 2022 год перад імі стаіць задача на высокім узроўні правесці юбілейны 5 нацыянальны форум “Музеі Беларусі”, які пройдзе ўвосень у Віцебску. Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік запланаваў выставу “Кніжка малая — вялікая справа” да 500-годдзя выдання “Малой падарожнай кніжкі” Францыска Скарыны, а таксама Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі”. Віцебскі абласны краязнаўчы музей правядзе выставу творчасці мастакоў — ураджэнцаў нашай вобласці.
На працягу года праходзіць абласны конкурс на найлепшае мерапрыемства патрыятычнай тэматыкі, прысвечанае землякам — героям Вялікай Айчыннай і Афганскай войнаў “З поля бою не вярнуліся”, абласны агляд-конкурс фальклорнага мастацтва дзяцей і моладзі “Ад прашчураў да зор”. У маі запланаваны абласны семінар па пытаннях захавання гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны. Да дня горада Віцебска 24 чэрвеня прысвечана прэзентацыя базы дадзеных загінулых ураджэнцаў рэспублік СССР на тэрыторыі Віцебскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Бібліятэкі таксама не застаюцца ўбаку. Віцебская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна ўжо ў лютым арганізавала абласны семінар “Краязнаўчая дзейнасць бібліятэк як аснова гістарычнага і патрыятычнага выхавання”, а на лістапад запланавала VIII Міжнародную канферэнцыю “Віцебскі край”.
Профільныя ўстановы адукацыі сферы культуры правядуць адкрыты абласны фестываль-конкурс выканаўцаў на струнна-смычковых інструментах “Гучы, Беларусь!”, абласны конкурс юных вакалістаў і інструменталістаў “Мелодыі вясны”, адкрытыя дыялогі “Мы гэтай памяці верныя” ў рамках праекта “Ланч-канцэрт”. Амаль усе культурныя мерапрыемствы сёлета пройдуць пад знакам Года гістарычнай памяці.
Данііл ШЭЙКА
На здымках: фрэскі Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку (фота з сайта gorod214.by).