“Попыт на кнігу не знікне ніколі, кажа дырэктар установы Таццяна Адамян і дадае: — Канешне, на наведвальнасць бібліятэкі паўплывала пандэмія, але ў цэлым аматары літаратуры актыўна карыстаюцца нашымі паслугамі”. Каб задаволіць патрэбы чытачоў, варта рэгулярна і сістэмна ўзбагачаць фонд якаснымі выданнямі. Па словах нашай суразмоўцы, з камплектаваннем праблем няма, даручэнне Прэзідэнта аб накіраванні на папаўненне кнігазбору 12 працэнтаў ад агульнага фінансавання бібліятэк выконваецца. Комплексныя праверкі ў розных кутках вобласці паказалі, што на паліцах нават самых маленькіх бібліятэк заўсёды ёсць годныя навінкі мастацкай і галіновай літаратуры. Багаты таксама рэпертуар перыёдыкі: летась абласная бібліятэка мела падпіску больш чым на 350 найменняў беларускіх і расійскіх выданняў.
БІБЛІЯТЭКА Ў КІШЭНІ
Віцебская абласная бібліятэка закупляе для карыстальнікаў не толькі папяровыя кнігі і перыёдыку, але і электронныя базы даных. Сёлета ўстанова аформіла доступ да лічбавай калекцыі сучасных адукацыйных і навуковых выданняў Znanium, электроннай сістэмы “Універсітэцкая бібліятэка” і архіва “Інтэгрум”. Упершыню па жаданні чытачоў адкрылі бясплатны доступ да электроннага кнігазбору “ЛитРес”. Гэты сэрвіс змяшчае калекцыю аўдыя- і электронных кніг — ад класікі да навінак, у тым ліку бестселераў сучаснай літаратуры. Каб атрымаць доступ да выданняў, трэба ўсяго запісацца ў абласную бібліятэку і атрымаць персанальны логін з паролем у аддзеле абанемента. Для параўнання: індывідуальная месячная падпіска на “ЛитРес” з лімітам тры кнігі каштавала б чытачу 9 рублёў 80 капеек.
— Нашы калегі з Магілёва і Брэста ўжо апрабавалі базу. Яна карыстаецца папулярнасцю ў публікі, таму мы таксама ідзём гэтым шляхам. Адназначна, такая паслуга будзе запатрабаванай, асабліва ў моладзі, — кажа Таццяна Адамян. — Калі плануем закупку баз даных, арыентуемся на вопыт працы і запыты карыстальнікаў. Электронныя сэрвісы даюць магчымасць прачытаць тое, чаго няма ў нас у папяровым выглядзе. І ў лічбавым фармаце мы не дубліруем выданні, якія ўжо ёсць у фондзе.
ЗАМЕСТ ВІКІПЕДЫІ
Агульнадаступная шматмоўная інтэрнэт-энцыклапедыя лічыцца самай поўнай з усіх, якія калі-небудзь складала чалавецтва. Важная яе асаблівасць — ствараць і рэдагаваць артыкулы можа любы карыстальнік, а значыць не заўсёды можна быць упэўненым у дакладнасці звестак. Але што рабіць, калі часу на пошукі патрэбнай літаратуры не стае і пры гэтым хочацца атрымаць надзейную інфармацыю? У такім выпадку раю звярнуцца да электронных рэсурсаў, створаных бібліятэкамі краіны. Па колькасці артыкулаў і тэматычнай разнастайнасці яны, вядома, не паспрачаюцца з Вікіпедыяй, затое не прымусяць турбавацца аб праўдзівасці звестак. У Віцебскай абласной бібліятэцы над напаўненнем такіх рэсурсаў працуе аддзел краязнаўства, фонд якога налічвае больш за 25 тысяч экзэмпляраў дакументаў. Менавіта на аснове гэтых матэрыялаў ствараюць своеасаблівыя аналагі Вікіпедыі.
Аддзел прычыніўся да фарміравання рэспубліканскай базы даных “Беларусь у асобах і падзеях” Нацыянальнай бібліятэкі, а таксама распрацаваў уласныя. Напрыклад, інфармацыйны рэсурс “Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць” са звесткамі па гісторыі, эканоміцы і культурным жыцці ўсіх раёнаў Віцебскай вобласці. У яго ўключана інфармацыя пра вядомых ураджэнцаў краю — пісьменнікаў, мастакоў, прадстаўнікоў іншых галін. За матэрыяламі стаіць руплівая праца работнікаў цэнтральных раённых і абласной бібліятэкі. Важна, што база даных пастаянна папаўняецца па меры набыцця новай інфармацыі.
Найноўшы электронны рэсурс — “Вызваленне Віцебшчыны. 1943 — 1944” — перамог у намінацыі “Найлепшы інтэрактыўны бібліятэчны праект” рэспубліканскага конкурсу на найлепшы культурны праект патрыятычнай тэматыкі, вынікі якога абвясцілі нядаўна на выніковай калегіі Міністэрства культуры. Мультымедыйны праект падрыхтаваны на аснове матэрыялаў з фондаў бібліятэкі і ўключае інфармацыю з энцыклапедый і даведнікаў, архіўныя і картаграфічныя дакументы, артыкулы з перыядычных выданняў мінулых гадоў. Рэсурс змяшчае храналогію вызвалення гарадоў і вёсак, знаёміць з воінскімі злучэннямі і асноўнымі наступальнымі аперацыямі, якія адбываліся на тэрыторыі Віцебскай вобласці, дзейнасцю партызанскіх фарміраванняў. І ў бібліятэцы абяцаюць, што неўзабаве праект прырасце новымі фактамі, фотаздымкамі і відэахронікай.
ЧЫТАННЕ БЕЗ МЕЖАЎ
Віцебская абласная бібліятэка імкнецца зрабіць веды даступнымі кожнаму і таму стварае асаблівыя ўмовы для невідушчых і людзей з аслабленым зрокам. Ва ўстанове больш за 20 такіх карыстальнікаў. Каб далучыць іх да літаратуры, супрацоўнікі бяруць на сябе ролю кніганошы і дастаўляюць выданні, надрукаваныя шрыфтам Брайля, дадому.
Таксама ў адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі” ў аддзеле перыядычных выданняў размясцілі тыфлаабсталяванне. Сінтэзатар маўлення праз гукавую карту камп’ютара агучвае інфармацыю з экрана. Патрэбны матэрыял можна захаваць на ўласны носьбіт у аўдыяфармаце. Такім чынам абсталяванне дазваляе невідушчым і людзям з аслабленым зрокам працаваць з плоскадрукаванымі тэкстамі і ствараць дакументы самастойна. Для чытання газет, часопісаў, лістоў, дакументаў прызначаны электронны ручны відэапавелічальнік, здольны пабольшыць тэкст ажно ў 14 крат. Да таго ж у бібліятэцы прапануюць буйную калекцыю агучанай літаратуры — мастацкія аўдыякнігі, выданні па прыродных і гуманітарных навуках.
ЦІ СКАРБ НЕ ЗБРЫЎ ДЗЕ ПРОЧ?
Зразумела, сучасная бібліятэка не проста сховішча кніг, а шматфункцыянальная грамадская прастора, дзе ёсць месца выставам, майстар-класам і іншым імпрэзам. Асаблівая ўвага — юбілеям славутых літаратараў. Сёлета Віцебская абласная бібліятэка шырока адсвяткуе 140-годдзе беларускіх песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Цэнтральным мерапрыемствам стане літаратурна-музычная вечарына “І сёння з намі Колас і Купала”. Для дзіцячага чытача распрацаваны праект “Паклон беларускаму слову!”, у складзе якога казачны карагод, выраб паэтычных паштовак да юбілею класікаў. Супрацоўнікі аддзела краязнаўства цягам года зладзяць цыкл выстаў “І сёння з намі Колас і Купала”. Часовыя экспазіцыі будуць прысвечаны адметным старонкам біяграфій, адлюстраванню Вялікай Айчыннай вайны ў творчасці народных паэтаў, сяброўству двух класікаў, мове іх твораў.
Не менш ярка ў бібліятэцы плануюць адзначыць 90-годдзе паэта Давіда Сімановіча — лаўрэата Шагалаўскай прэміі і Літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча. У гонар творцы, якога называюць віцебскім геніем месца, зладзяць круглы стол, выставу і музычна-паэтычны вечар. Ужо абвешчаны конкурс перакладаў вершаў Давіда Сімановіча “Языки не для тьмы и злодейства”. Да ўдзелу ў ім запрашаюць аматараў паэзіі незалежна ад краіны пражывання і ўзросту. Ахвотныя мусяць даслаць пераўвасоблены тэкст і арыгінал верша, а таксама відэаролік з чытаннем перакладу.
Данііл ШЭЙКА