Мемарыяльны музей Канстанціна Заслонава адкрыўся яшчэ ў 1948 годзе згодна з пастановай Савета Міністраў БССР. Спачатку экспазіцыя займала два невялікія пакоі ў левым крыле Дома культуры чыгуначнікаў, а потым пераехала ў былы дом піянераў. Там зберагалася шмат каштоўных прадметаў і дакументаў, некаторыя з якіх перадалі з Мінска і Масквы. У ліпені 2016 года ўраганны вецер пашкодзіў дах старога будынка, і пазней эксперты зрабілі заключэнне: аб’ект аварыйны і аднаўленню не падлягае. Як адзначае дырэктар Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны Юлія Камарова, захаванне памяці пра легендарнага камбрыга — справа гонару для гараджан і мясцовай улады, таму было вырашана на месцы старога музея ўзвесці новы за кошт раённага бюджэту. Асноўныя будаўнічыя этапы пройдзены, на старым месцы ўжо паўстаў двухпавярховы будынак з каланадай. Цяпер ідзе этап унутраных апрацоўчых работ, наперадзе — мантаж экспазіцыі і добраўпарадкаванне тэрыторыі.
Днямі завяршыўся адкрыты конкурс праектаў экспазіцыі. Чатыры ўдзельнікі прапанавалі свае мастацкія канцэпцыі, эскізы з размяшчэннем экспанатаў, дызайн-праекты размяшчэння асвятлення і аўдыявізуальных сістэм. Патрабаванні да аўтараў высокія. Сярод пажаданняў музейшчыкаў было захаванне пераемнасці з мінулым музеем у спалучэнні з сучаснымі тэндэнцыямі. У праекце кожнай зале прадуманыя мастацкія комплексы і інсталяцыі, інфармацыйна-экскурсійныя акцэнты, гукавое суправаджэнне, маршрут руху наведвальнікаў, абсталяванне, светлавы дызайн і асабліва каляровыя рашэнні.
Калі ў старым музеі залы былі прысвечаны асобе Канстанціна Заслонава, партызанскай і падпольнай дзейнасці, то новы ахопіць усю ваенную гісторыю Аршаншчыны. А яна багатая на адметныя падзеі, як першы залп “Кацюшы” на беразе Дняпра 14 ліпеня 1941 года або Віцебска-Аршанская вызваленчая аперацыя. Экспазіцыя таксама выйдзе за храналагічныя рамкі Вялікай Айчыннай вайны, асобная частка будзе прысвечана воінам-інтэрнацыяналістам. Экспанатаў, якія адлюстроўваюць жыццёвы шлях Канстанціна Заслонава, у фондах установы шмат. Напрыклад, арыгінальныя дакументы, лісты камбрыга сям’і і нават яго малюнкі. Пры гэтым з пашырэннем тэматыкі экспазіцыі ўзнікае патрэба ў папаўненні калекцыі. Па словах Юліі Камаровай, музейны комплекс атрымаў неабходнае фінансаванне для ўзбагачэння фондаў. У экспазіцыі з’явяцца як сапраўдныя прадметы (асабістыя рэчы, дакументы, газеты, зброя, фотаздымкі), так і муляжы ды макеты, звязаныя з асобай Канстанціна Заслонава і барацьбой з акупантамі.
Асноўная экспазіцыя размесціцца ў трох залах на другім паверсе, але па канцэпцыі паглыбленне ў тэму пачнецца яшчэ на першым узроўні: увядзеннем у галоўную частку паслужаць графічныя выявы. Першы зал адлюструе мірнае жыццё горада напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, яе пачатак, жыццё ў акупацыі, гісторыю Аршанскага гета, жыццё і дзейнасць Канстанціна Заслонава. Асаблівую ўвагу нададуць партызанскаму руху і падпольнай барацьбе ў краі — ад арганізацыі атрада на чале з Канстанцінам Заслонавым да рэйкавай вайны. Другая зала раскажа пра Віцебска-Аршанскую аперацыю, вызваленне горада і яго пасляваеннае аднаўленне, працоўны подзвіг народа. Трэцяя зала стане мемарыяльнай. Таксама праду-
гледжана прастора для часовых выстаў.
Далей распрацоўшчыкі экспазіцыі з удзелам навуковых супрацоўнікаў удакладняць дэталі праекта — і пачнецца мантаж. Гэтая карпатлівая праца зойме не менш за пяць месяцаў. Адкрыццё ваенна-гістарычнага музея мусіць стаць яркім завяршэннем 2022 года, на працягу якога Орша будзе несці статус культурнай сталіцы Беларусі. Пакуль жа стацыянарная выстава з прадметнага шэрагу мемарыяльнага музея Канстанціна Заслонава працуе ў Музеі гісторыі і культуры горада Оршы. Там дэманструюцца прадметы побыту, асабістыя рэчы і фотаздымкі, архіўныя дакументы. Выстава асвятляе дзіцячыя гады, навучанне, працоўны і баявы шлях героя, які ўнёс значны ўклад у барацьбу з акупантамі.
Данііл ШЭЙКА
Фота Сяргея Сляпцова і з Інтэрнэту.