...6 жніўня 1987 года ў былой сталоўцы інтэрната кансерваторыі — цяпер гэта база і рэпетыцыйная зала новага калектыву — адбылася першая “ўзорная” рэпетыцыя “АБ” — аркестра Беларусі, які ў тым годзе ствараў Міхаіл Фінберг. Па яго асабістых запрашэннях прыйшлі кампазітары Ігар Лучанок, Эдзік Ханок, Дзіма Смольскі, паэт Іосіф Скурко, а Жэня Глебаў і я прыйшлі з жонкамі… Я запомніў тых, хто сядзеў побач, уздоўж сцяны, між раялем і ўваходнай лесвічкай. На версе яе, на пляцовачцы, стаялі яшчэ наведвальнікі, сярод іх Саша з Ядзяй — ці то крыху спазніліся, ці не мелі рашучасці сысці да нас.
Фінберг відавочна хваляваўся “высокай прысутнасцю” і папрасіў мяне прадставіць маладому аркестру “славутасцей”: “Ты ж усіх добра ведаеш”. Я гэта зрабіў пад апладысменты музыкантаў. Назваў і Ціхановіча з Паплаўскай.
Пасля праграмы хвілін на сорак, папіўшы з самавара гарбаты з сушкамі, мы шчыра віталі аркестр і збіраліся разыходзіцца. Мяне на выхадзе перахапіў Саша і падзякаваў, што ў адным шэрагу са знакамітасцямі назваў я і яго з Ядзяй.
Аказваецца, даведаўшыся пра тое, што дуэт развітаўся з “Верасамі”, Фінберг ужо “прыгрэў” славутую пару артыстаў: даў ім магчымасць удзельнічаць у канцэртах “АБ”. Ядзя згадвае, што яны з Сашам падпявалі ў вакальнай групе. Але на канцэртах гледачы з кветкамі падыходзілі не да вакалістаў аркестра, а да іх: “Малінаўка”, “Я ў бабулі жыву”, “Завіруха” з іх галасамі палюбіліся людзям, зрабілі дуэт знакамітым.
І вось традыцыйны конкурс Цэнтральнага тэлебачання СССР “Песня года — 1988”. Дуэт вырашыў прыняць у ім удзел. Але з чым?
І зноў — Ханок.
Эдзік Ханок расказваў мне, што па начах “скрэб” эфір, вандраваў па кароткіх радыёхвалях, лавіў, слухаў, аналізаваў, высвятляў, дакладней, творча вылічваў: чым сёння жыве песенны жанр планеты, якія рытмы папулярныя, якія галасы? Вось чаму кожная яго песня, як гаворыцца, “у лузу”: модная, адразу запамінальная мелодыя, эталонны выканаўца, тэкст, што “чапляе” слых.
Для Ціхановіча — Паплаўскай прызначыў ён песню “Шчаслівы выпадак” (верш Л. Рубальскай). Вынік: перамога ў конкурсе!
Але гэта быў не “выпадак”, не выпадковасць, а вынік шматгадовага вопыту ў мастацтве, прыроднага даравання і сцэнічнага абаяння абаіх канкурсантаў. І, канешне, творы, Эдуарда Сямёнавіча, як заўсёды — “у лузу”.
На хвалі поспеху артысты стварылі Тэатр песні, сабралі партнёраў у канцэртны гурт “Шчаслівы выпадак”, выступалі ў іх атачэнні. Аднак назаўсёды ў праграме дуэта засталіся песні, што зрабілі іх папулярнымі ў час працы ў “Верасах”.
Перасякаліся час ад часу нашы багемныя сцежкі, я бываў на іх выступленнях.
У 1996-м у Тэатры музкамедыі я ставіў шоу, прысвечанае 20-годдзю эстрадна-харэаграфічнага гурта “Чараўніцы”, з удзелам дзяўчат усіх узроставых складоў. Віншавалі і прэзентавалі ім свае песні калегі па эстрадным цэху Віктар Вуячыч, Алег Цівуноў, аркестр “Няміга”, вакальны дуэт Аляксандр Ціхановіч — Ядвіга Паплаўская.
Восенню 1999-га выступалі ў Магілёве на адной канцэртнай пляцоўцы ў рамках чарговага “Залатога шлягера”: я і аркестр “Няміга” з пастаноўкай “Разам з песняй Леаніда Уцёсава”. А Васіль Раінчык пасля некалькіх гадоў “разлукі” сабраў былы “зорны” склад “Верасоў”. Ядзя з Сашам выконвалі свае звычныя шлягеры. А заканчваў гурт трыумфальнае выступленне нашай з Раінчыкам песняй “Колеры планеты”.
Час для пасталелых “верасоўцаў” бы спыніўся… не, нават адкруціўся назад!
Час нібы абцякаў дуэт, не змяняў артыстаў: усё такія ж на сцэне энергічныя, абаяльныя, бліскучыя, падцягнутыя, з першага ж з’яўлення, з першай жа песні бралі залу!
Увечары 29 верасня 2015-га апладзіраваў ім у Доме літаратараў на 60-годдзі Генадзя Давыдзькі. Запрошаны на юбілей дуэт спяваў усё жаданае слухачам: “Малінаўку”, “Завіруху”, “Шчаслівы выпадак”… Ці ж я ведаў, прадчуваў, што Сашу, які спявае і які так ветліва з усмешкай вітае мяне, свайго добра знаёмага, бачу ў апошні раз.
Праўда, была яшчэ адна кароткая, нейкая скамечаная сустрэча…
СПЯВАК — ПЕЎЧЫ
Аказваецца, калі яшчэ ўсміхаўся нам у Доме літаратараў, ён з 2010-га ўжо ведаў пра сваю смяротную невылечную хваробу — не магу дыягназ ні памятаць, ні вымавіць.
Ціхановіч — артыст жа! — па-ранейшаму са сцэны ветліва ўсміхаўся, не перарываў выступленняў, шмат гастраляваў, усяляк хаваючы хваробу ад грамадства.
Але, як большасць з нас успамінае пра Усявышняга толькі ў стане гора, няшчасця, так і Аляксандр у гэтым стане ўваскрэсіў у памяці павучэнні і запаветы набожнай нянькі, якія чуў у дзяцінстве і якія сталі такімі патрэбнымі, неабходнымі цяпер.
Ён, высакакласны вакаліст, стаў пеўчым у хоры, удзельнічаў у службах царквы ў гонар святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага, якая стаіць у Мінску на Вайсковых могілках.
У 2014-м у якасці паломніка наведаў Афон.
Канешне, вера дапамагала яму, хвораму, з усмешкай выходзіць на сцэну. Заробкі з канцэртаў — па сведчанні Ядзі — ішлі на лекі і аплату за лячэнне.
У 2016-м стан пагоршыўся. Я бачыў у відэазапісе канцэрт таго года. На сцэне — на ўсялякі выпадак — стаяла крэсла. Да гонару стойкага артыста, ён усяго раз, быццам незнарок, крыху абапёрся на яго.
Апошні канцэрт Сашы Ціхановіча адбыўся 13 студзеня 2017 года. Апошнія кветкі. Апошнія апладысменты. Да новых сустрэч, дарагія гледачы!.. Але ж не: новых сустрэч ужо не будзе.
Наступным днём Аляксандр Рыгоравіч злёг канчаткова, здолеў дыхаць адно пад кіслароднай маскай.
Праз 15 дзён, 28 студзеня 2017, ён пайшоў з жыцця ў 64 гады.
Адпяваў Сашу у той жа яго царкве той жа яго хор.
Сцэнічнае станаўленне Аляксандра Ціхановіча непарыўна звязана з ВІА “Верасы”, якому ў 2023-м — паўстагоддзя. Шоу павінна працягвацца — і яно працягваецца! Былы Сашаў калектыў, амалоджваючы склад, і сёння паспяхова працуе пад кіраўніцтвам усё такога ж маладжавага Васіля Раінчыка. Сведчыць аб тым бліскучае выступленне гурта на “Славянскім базары — 2021”: прыгожыя маладыя людзі, прыгожа апранутыя, з прыгожымі песнямі — “Верасы”!
А народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч перамясціўся ў пантэон славутых незабыўных беларусаў, стаў знакавай асобай у гісторыі беларускага мастацтва.
ЗАМЕСТ ШАПЭНА — "МАЛІНАЎКА"!
Прыходзіць, наведваць, радаваць візітам трэба жывых! Дык не, на гэта не хапае часу. А вось на пахаванне сыходзяцца, з’язджаюцца, злятаюцца з далёкіх гарадоў і нават краін: як жа — памёр дарагі чалавек!
30 студзеня ў Вялікай зале філармоніі па сцэне міма труны Ціхановіча прайшла ўся багема Мінска, Беларусі: артысты, музыканты, мастакі, якія не бачылі адно аднаго дзесяцігоддзямі. Я сядзеў у зале побач з прыступачкамі левага сходу са сцэны. Пакланіўшыся нябожчыку, усе ішлі міма мяне, віталіся. Я ўзнімаўся, паціскаў рукі — мо разоў сто.
А людзі з вуліцы ішлі, ішлі бясконцым патокам, ускладалі кветкі — сціплыя два ці чатыры гваздзікі, набытыя ў падземным пераходзе на выхадзе да філармоніі. Вось яно, шчырае душэўнае ўсенароднае шанаванне любімага артыста!
Развітанне працягнулі яшчэ амаль на гадзіну, а паток жадаючых развітацца не заканчваўся...
Сюрпрыз чакаў пры вынасе труны: уся прамерзлая плошча перад філармоніяй запруджана народам — тымі, хто не паспеў, не здолеў трапіць на развітанне ў залу. Кветкі кідалі праз галовы, пад ногі тым, хто выносіў труну.
Я падумаў: Саша адышоў на піку зімы, у завіруху… А лепей бы надарыўся шчаслівы выпадак: каб мой даўнішні таварыш Саша Ціхановіч быў бы побач… стаяў бы побач…
І тут аркестр грымнуў… не, не пахавальны марш Шапэна, а “Малінаўку”! Не ведаю, чыя тое была падказка, але яна адпавядала натуры Сашы!
Хавалі яго на Усходніх могілках пад малітвы пеўчых на чале з рэгентам хору Жыровіцкай духоўнай семінарыі айцом Андрэем (Скробатам), дарэчы, душэўным знаёмцам Уладзіміра Мулявіна.
P. S. ЗАРОК
Недзе ў годзе 2014-м ці 2015-м Саша вёз мяне з тэлестудыі на Макаёнка на старое тэлебачанне. Кіраваў легкавіком мітусліва, мяняў патокі, тармазіў, перастройваўся, безупынна вёў “рэпартаж”, асуджаючы манеру кіравання вадзіцеляў суседніх машын. З круга плошчы Перамогі адразу ж ля вуглавой крамы скіраваў улева — тады там забараняльнага знака не было. На хуткасці ля дамка 1-га з’езда РСДРП на павароце направа ледзь не ўрэзаліся ў сустрэчную машыну, якая скіроўвала з Камуністычнай… Віскат тармазоў, імгненны жах…
У маладосці я аднаго разу сеў на задняе сядло матацыкла. Ліхач на хуткасці, паварочваючы, закладваў такія віражы, што было жудасна. Тады даў зарок: больш ззаду на матацыкле не ездзіць. Стрымаў.
Пасля той паездкі з Ціхановічам таксама даў зарок: ніколі больш не сяду ў машыну, калі кіроўцам будзе Саша Ціхановіч.
Сапраўды: цяпер ужо — ніколі...
Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр