У гэты дзень у Вяснянку прыехала каля сарака каманд. Гомельшчыну прадстаўлялі лыжнікі як старэйшага, так і маладога пакалення. Адзін з іх — Мікіта Бондараў, малады спецыяліст Яромінскай дзіцячай школы мастацтваў. На працу настаўнікам малявання хлопец заступіў летась і лічыць сваю першую работу цудоўным месцам, дзе можна набрацца вопыту на ўсё будучае жыццё. Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Дзяніс Язерскі адбіраў у каманду спартыўных людзей, але, галоўнае, з жаданнем праявіць свае сілы. Дзяніс Уладзіміравіч кажа, што ў іх вобласці створаны ўсе ўмовы для падтрымання здаровага ладу жыцця, і ў людзей, заматываваных мерапрыемствамі накшталт “Культурнай лыжні”, толькі павінна ўзнікнуць жаданне працягваць заняткі спортам. Акрамя таго, у Гомелі ёсць выдатная лыжаролерная траса каля вяслярнага канала.
Павел Фоцін, прадстаўнік каманды Брэсцкай вобласці, сказаў, што напружаны рытм працоўнага тыдня не перашкодзіў прыехаць на спаборніцтвы аматарам здаровага ладу жыцця іх рэгіёна. А прадстаўнік Гродзенскай вобласці Уладзімір Шапурка бег у той дзень у 51 год.
Пасля ўрачыстага пастраення і ўзняцця дзяржаўнага сцяга міністр культуры краіны Анатолій Маркевіч узяў слова: “У нас сёння ёсць выдатная магчымасць змяніць офісы і сцэнічную вопратку на спартовую форму і свежае паветра. Упэўнены, што ўсе мы атрымаем зарад бадзёрасці, добрага настрою, лепш пазнаёмімся адзін з адным. Выступоўцам жадаю паспяховых стартаў, балельшчыкам — яркіх эмоцый”.
Пётр Воран, галоўны суддзя, растлумачыў правілы спаборніцтва. Камандам, якія складаліся з чатырох чалавек, трэба было прабегчы дыстанцыю ў 1200 метраў і пасля свайго круга перадаць эстафету наступнаму спартсмену.
Старт пачаўся бадзёра. Ужо пасля першага круга каманда Міністэрства культуры стала адной з першых. А на чацвёрты круг Анатолій Маркевіч, які таксама быў удзельнікам лыжні, выходзіў другім, але ўпэўнена абышоў суперніка.
“Снег сёння мяккі, даводзілася прыкладаць больш сіл, — падзяліўся Анатолій Мечыслававіч, — але, дзякуючы ўсёй камандзе, мы спрацавалі добра. Сам я вельмі люблю спорт і займаўся ў свой час лыжамі, настольным тэнісам, валейболам, дзюдо. Сімвалічна, што “Культурная лыжня” праходзіць пад завяршэнне Алімпійскіх гульняў, дзе нашы спартсмены Антон Смольскі і Ганна Гуськова заваявалі срэбраныя медалі. Безумоўна, у іх поспех укладзена шмат працы, і я ўпэўнены, увесь беларускі народ радуецца за іх”.
Другім па ліку на “Культурнай лыжні” быў сямейны забег. Тут удзельнічалі ўсяго дзве сям’і-каманды: Мінгарвыканкама і Міністэрства культуры. Сям’я супрацоўніка Мінгарвыканкама з вялікім адрывам лідзіравала на самым пачатку, але на сваім адрэзку супрацоўнік Міністэрства культуры Андрэй Дзічкоўскі ўпэўнена вырваў перамогу. Як прызнаўся Андрэй Міхайлавіч, удача спадарожнічала міністэрству таму, што ўдзельнікі іх каманды вось ужо месяц выходзілі пасля працы на лыжню патрэніравацца.
У выніку трэцяе месца на “Культурнай лыжні” заняла каманда Навагрудскага раёна, другой стала каманда Віцебскага аблвыканкама, першай — каманда Міністэрства культуры ў складзе Вікторыі Бусько, Андрэя Дзічкоўскага, Іны Адамовіч і міністра Анатолія Маркевіча.
Павел САЛАЎЁЎ