КАЛІ СНЯЦЦА ВАСІЛЬКІ
Пасля заканчэння школы Вольга паступіла ў Магілёўскі каледж культуры на аддзяленне народнай творчасці па спецыяльнасці “акампаніятар”. Студэнцкае жыццё было напоўнена шчасцем спасціжэння свету музыкі, удасканалення сваіх вакальных магчымасцей і радасцю, з якой студэнтка ўдзельнічала ў справаздачных канцэртах, тэатралізаваных праграмах і іншых масавых мерапрыемствах.
Па размеркаванні працавала ў раённым Цэнтры культуры і ў музычнай школе канцэртмайстрам у Касцюковічах. Усё было добра, але клікала-цягнула да сябе родная старонка. Сумавала Вольга па малой радзіме, сніліся ёй родная вёска, бацькоўскі дом, васількі на жытнёвым полі. Таму і пераехала ў родныя Баравікі, дзе была прынятая ў мясцовы СДК мастацкім кіраўніком. З вялікім жаданнем Вольга Мікалаеўна прыступіла да сваіх абавязкаў, глыбей спасцігаючы сваю шматгранную прафесію.
ЧАЛАВЕК-СВЯТА
Работнік культуры ў вёсцы — гэта не толькі чалавек-свята, але і чалавек для зносін з дзецьмі, моладдзю, а асабліва на сяле — з людзьмі пажылога ўзросту. У гэтых гутарках і можна здабыць звесткі аб народных традыцыях, абрадах, песнях. Роля культработніка на сяле — гэта захаванне і прымнажэнне духоўных традыцый і культурнай спадчыны. З гэтай мэтай малады спецыяліст Вольга Пунтус стварае дзіцячы ансамбль песні “Дружба”. Сёння юныя спевакі актыўна ўдзельнічаюць у культурным жыцці вёскі і Светлагорскага раёна, маюць дыпломы за ўдзел у раённых і абласных конкурсах.
У 2012 годзе Вольга Мікалаеўна прызначана загадчыкам Баравікоўскага СДК. Прыйшлося перадаць ансамбль “Дружба” маладому спецыялісту Марце Пішчала. Вядома, павышэнне па службе — справа радасная і ганаровая, але і адказнасці, клопатаў дадае нямерана. Набыты вопыт і атрыманыя веды дапамаглі маладой загадчыцы наладзіць працу. Нездарма ж Баравікоўскі СДК за 2020 год быў прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва сярод сельскіх дамоў культуры.
НОВЫ ФАРМАТ
У сакавіку 2021 года на базе СДК праводзіўся абласны семінар кіраўнікоў метадычных службаў вобласці па тэме “Новыя формы — новы фармат. Крэатыўны падыход да арганізацыі вольнага часу розных катэгорый насельніцтва ўстановамі культуры Гомельскай вобласці”.
На семінары СДК правёў паказ мадэляў “Касцюм як від мастацтва”, інтэрактыўны флэшмоб “Новы фармат”, прэзентаваў мультымедыйны праект “Феерверк ідэй”.
За 2021 год у СДК якасна праведзена 325 мерапрыемстваў. Выхаванню грамадзянскасці і патрыятызму спрыялі святы “Вам прысвячаецца, салдаты Радзімы маёй”, гадзіна памяці “Душы, апаленыя Афганістанам”, мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Канстытуцыі і Дню герба і сцяга Рэспублікі Беларусь, вечар-рэквіем “Сцежкаю слёз і надзей”, праект “7 дзён да Перамогі” і інш. Маральна-эстэтычнаму выхаванню спрыяюць ранішнікі, вечары, конкурсы, вечары адпачынку, тэатралізаваныя паказы.
ПАРТНЁРЫ
У раённым конкурсе “Вясковыя зарніцы — 21” атрыманы два дыпломы II і адзін — III ступені. Цэнтр культуры пры арганізацыі вольнага часу дзяцей супрацоўнічае з Баравікоўскай сярэдняй школай. Праводзяцца Калядкі, Масленіца. Супрацоўнічае СДК і з мясцовым праваслаўным храмам Вялікапакутніцы Варвары. Разам ладзяць гадзіны духоўных зносін.
Паспяваюць культработнікі надаць увагу і экалагічным акцыям, і спартыўна-масавым мерапрыемствам, праводзяць канцэрты на фермах, палявых станах, у маланаселеных вёсках. Дарэчы, у раённым аглядзе-конкурсе Баравікоўскі СДК за абслугоўванне маланаселеных вёсак удастоены дыплома II ступені.
БОЛЬШ ЗА 40 ДЫПЛОМАЎ
Асаблівы гонар сельскага дома культуры — ансамбль “Маладзіцы”. У 1978-м гэты калектыў стварыла і нязменна кіравала ім да 2019 года Надзея Аляксеенка. У 1991-м ансамблю прысвоена найменне “народны”. На сёння “Маладзіцы” — адзін з лепшых калектываў Светлагоршчыны, удзельнік рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх і раённых святочных мерапрыемстваў. У творчай скарбонцы ансамбля больш за сорак дыпломаў, ганаровых грамат і падзячных лістоў. Абрад “Хрэсьбіны ў Баравіках” здымала рэспубліканскае тэлебачанне. Калектыў займаецца вялікай канцэртнай дзейнасцю, бярэ ўдзел ва ўсіх раённых і сельскіх мерапрыемствах: Дзень горада Светлагорска, народныя гулянні на Масленіцу, святы вёсак раёна; удзельнічае ў абласных і рэспубліканскіх кірмашах. Часта “Маладзіц” запрашаюць правесці вясельны беларускі абрад.
Спадарыня Вольга курыруе працу ансамбля, сябрам якога з’яўляецца. Вось што яна распавяла: “Час няўмольны, многіх удзельнікаў ансамбля ўжо няма з намі, але іх бясцэнны вопыт застаўся ў калектыве. Дагэтуль салісткамі ансамбля з’яўляюцца Валянціна Багдановіч і Надзея Аляксеенка. Я лічу Надзею Іосіфаўну кіраўніком, бо заўсёды звяртаюся да яе па каштоўную параду і па дапамогу”.
СТЫЛІЗАВАНЫ ФАЛЬКЛОР
Сёння ў ансамбль прыходзяць людзі маладога пакалення, абнаўляецца і выкарыстоўваецца ў дар пакінуты песенны рэпертуар. Моладзь з цікавасцю далучаецца да народнай песні, традыцый і абрадаў. Ансамбль не з’яўляецца аўтэнтычным, калектыў выкарыстоўвае ў сваім рэпертуары стылізаваны фальклор, а таксама народныя песні ў сучаснай апрацоўцы і творы сучасных кампазітараў. Спявачкі аддаюць перавагу песням лірычным, душэўным, меладычным, якія не пакідаюць абыякавымі душы і сэрцы гледачоў. Цяпер у складзе ансамбля 15 спявачак ва ўзросце ад 21 да 60 гадоў. І ў кожнай — вялікае жаданне спяваць і праслаўляць родны край.
Галіна КАПЕЦКАЯ, Светлагорск
Фотаздымкі з архіва Вольгі Пунтус
Народны гурт “Маладзіцы”.
Ансамбль “Дружба”.