Абласная навуковая бібліятэка імя Яўхіма Карскага — самая вялікая ў Гродзенскай вобласці і першая публічная бібліятэка на Беларусі: рашэнне аб яе адкрыцці было прынята яшчэ ў 1830 годзе. Месціцца яна ў гістарычным цэнтры горада ў чатырох будынках, і ў адным з іх — у аддзеле мастацтва, — у вялікай прыгожай зале з высокімі столямі і арыгінальнымі вокнамі 3 лютага адкрылася персанальная выстава Станіслава Муліцы. Наведнікаў ужо нямала. Як зазначае вядучы бібліятэкар аддзела мастацтваў Лілія Хадароўская, нават простыя мінакі, калі з вуліцы бачаць вокны, упрыгожаныя чароўнымі ажурнымі фіранкамі Станіслава Муліцы, адразу цягнуцца на выставу. Адкрыццё экспазіцыі сабрала шмат зацікаўленых людзей, прэсу, тэлебачанне, і нават мясцовых гідаў і прадстаўнікоў турыстычных арганізацый, якія сочаць за падзеямі і мерапрыемствамі ў бібліятэцы, вартымі ўвагі турыстаў. Сам майстар не толькі расказаў многа цікавага, але і правёў майстар-клас, у якім прысутныя з ахвотай паўдзельнічалі. А такая вялікая выстава, дзе выцінанкі — да самай столі, на двухбаковых вітрынах, на стэндах, — пакідае незабыўнае ўражанне.
Дарэчы, бібліятэка імя Карскага заўсёды, калі ладзіць якое мерапрыемства, не забываецца і на сваю галоўную, бібліятэчную функцыю: з багатага кнігасховішча рыхтуецца тэматычная кніжная выстава. І гэтым разам склалася даволі значная падборка літаратуры, каля 20 выданняў, па тэме беларускіх народных рамёстваў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у кожным з якіх пэўныя старонкі прысвечаны дзейнасці майстра Станіслава Муліцы. Як расказвае Лілія Хадароўская, такія выданні ў бібліятэцы карыстаюцца нязменным попытам у чытачоў, а сярод іншага ў бібліятэцы захавалася нават першае выданне, дзе было напісана пра Станіслава Муліцу: “Выцінанка Гродзеншчыны”, 1997 год, падрыхтаванае Гродзенскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці.
Гэтым разам выстаўлены толькі беларускія выданні, а насамрэч іх значна больш — бо пра Станіслава Муліцу многа напісана і ў польскіх і літоўскіх выданнях па выцінанцы, якая ў нашых суседзяў таксама папулярная і мае багатыя гістарычныя традыцыі. У той жа Польшчы захавалася значна больш сведчанняў пра выцінанку, скажам, стагадовай даўніны, і там майстры цяпер часта паўтараюць ранейшыя ўзоры, ствараюць выцінанкі паводле традыцый, што былі ўласцівыя таму ці іншаму этнаграфічнаму рэгіёну. А вось Беларусь у гэтым плане не можа пахваліцца багаццем старадаўніх выцінанак, што захаваліся ў матэрыяльным выглядзе. І сучасная беларуская школа, якая на новым этапе пачала фарміравацца недзе ў 80-х гадах, адзначаецца выразнай індывідуальнасцю, знакамітыя майстры — гэта аўтары ў поўным сэнсе слова, чые творы, згадваючы тую ж Лізавету Чырвонцаву з Маладзечна, карыстаюцца папулярнасцю і ў сучасным дызайне. Але, канешне, у самых базавых сваіх рэчах беларускія майстры, як і Станіслаў Муліца, абапіраюцца на традыцыі і прынцыпы фальклорных вобразаў і сімвалаў.
Станіслаў Вітольдавіч за амаль 30 гадоў стварыў больш за тысячу значных твораў, якія разышліся па розных краінах свету і якія знаходзяцца не толькі ў прыватных калекцыях, але і ў фондах вялікіх музеяў: выцінанкі Муліцы ёсць і ў гісторыка-археалагічным музеі і Музеі гісторыі рэлігіі ў Гродне, у Музеі старадаўняй беларускай культуры Акадэміі навук Беларусі, у Музеі сучаснага мастацтва ў Дрэздэне, у Музеі этнаграфіі ў Варшаве, у Кракаўскім музеі і г. д. Калісьці ён стварыў цэлую серыю работ па архітэктуры Гродна, па гістарычных падзеях, адлюстраваў нямала сцэнак з жыцця, з народных свят. Лепшыя работы разышліся па свеце, а на выставе “Чароўны свет выцінанкі” — тое, што зроблена ў асноўным за апошнія гады, натхнёнае тэмай прыроды, фларыстыкай: “Хіба можна знайсці нешта прыгажэйшае!” — кажа Станіслаў Муліца.
Кніга па выцінанцы калісьці патрапіла яму ў рукі выпадкова — было гэта ў 1993 годзе. Паспрабаваў сам выразаць — і захапіўся. Тады на старых вясковых фота 40—50-х гадоў мінулага стагоддзя ўбачыў выцінанку нават на кадрах з пахаванняў. І даследчыкі ўжо сапраўды вывучаюць выцінанкі не толькі для ўпрыгожвання хат, печак, вокнаў, але і іх выкарыстанне ў сакральных мэтах: і труну нябожчыка імі аздаблялі, і калыску дзіцяці, і ікону…
На самым пачатку Станіслава Муліцу падтрымаў знакаміты майстар выцінанкі з Гродна Аляксандр Аўчыннікаў. Калі хваля адраджэння майстэрства толькі пачыналася — а гэта 80-я гады, — у Беларусі ўжо працавала нямала знакамітых майстроў-мужчын, хаця традыцыйна занятак лічыўся жаночым. Можна згадаць хоць бы запісанага ва ўсе энцыклапедыі майстра Вячаслава Дубінку. Вось і Станіслаў Муліца трапіў у лік нешматлікіх мужчын у справе, якая ізноў славіцца ў асноўным майстрыхамі-жанчынамі. На гэты конт сам Станіслаў Вітольдавіч жартуе: “Некаторыя смяюцца, што мне, мабыць, рукі нейкай жанчыны прышылі, бо ўсё так тонка атрымліваецца”.
І хоць выцінанкай Станіслаў Муліца захапіўся выпадкова, і як сам адзначае — ніякай мастацкай адукацыі не мае, але ўсё ж творчасць і талент мастака ў ім невыпадковыя, бо ўсё жыццё ён адпрацаваў у галіне культуры, усё жыццё спрыяў яе развіццю. У юнацтве пачынаў як мастацкі кіраўнік у сельскім Доме культуры ў сваёй роднай вёсцы Дай-
ліды Іўеўскага раёна. Потым скончыў культасветвучылішча ў Гродне, інстытут у Ленінградзе — там, дарэчы, пісаў дыпломную работу ў музеі этнаграфіі. Як цяпер кажа: “Відавочна, да гэтай тэмы мяне цягнула заўсёды. У Ленінградзе цікавы вопыт быў — вось так паходзіш па Эрмітажы, па Рускім музеі, а потым пераключаешся на этнаграфію, і ў цябе проста ракурс успрымання мастацтва змяняецца”. У галіне культуры Станіслаў Вітольдавіч зрабіў, можна сказаць, значную кар’еру — зараз ужо на пенсіі, але ў свой час ён быў і дырэктарам Палаца культуры хімікаў. Лішне казаць, што як дырэктар такой вялікай і значнай установы ён паспрыяў самым розным мастацтвам і майстэрствам, але ж і як майстар народных рамёстваў таксама выявіўся вялікім энтузіястам і арганізатарам у Гродне. Менавіта Станіслаў Муліца калісьці прыдумаў і пачаў праводзіць вялікі і вельмі папулярны ў горадзе кірмаш майстроў народнай творчасці “Казюкі” — і вось ужо 21 год традыцыя кірмашу не спыняецца. Ён расшукваў майстроў, выцягваў іх, так бы мовіць, на шырокі публічны свет, паказваў іх унікальныя творы. З таго, пра што зараз згадвае з гонарам, і тое, як “адшукаў” чатырох бабулек — сёстраў Сарасек, якія выраблялі адметныя велікодныя ўпрыгожванні, так званыя “Гарадзенскія вербы”. У выніку традыцыя не проста прагучала на ўсю краіну, але і атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Цяпер ужо як арганізатар Станіслаў Вітольдавіч ад актыўнага жыцця адышоў, а як майстар кажа, што натхненне не заўсёды ж бывае: калі яго няма, дык нічога і не стварае. Але адзначае, што ў сувязі з леташнім наданнем выцінанцы статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці да яго пачалі звяртацца часцей. То так і натхненне з’явілася, і нейкія творы ён зрабіў ужо спецыяльна для выставы ў бібліятэцы імя Карскага. Вялікія выразаныя фіранкі, якімі ў бібліятэцы зараз упрыгожаны вокны — якраз новае захапленне майстра. Дарэчы, факт прызнання ў нас выцінанкі на дзяржаўным узроўні ён лічыць вельмі каштоўным: “Мы ж паміж сабой стасуемся з майстрамі па ўсім свеце. Дык нам нават зайздросцяць. Калі французскаму майстру расказаў, што вось такі статус у нас, дык ён быў у захапленні, і пашкадаваў, што ў Францыі не так. І літоўцы-майстры нам зайздросцяць, што ў іх няма такога статусу, а ў нас ужо ёсць. А ў Літве ў выцінанкі багатыя традыцыі, якія, зразумела, недзе перасякаюцца і з беларускімі”.
Выстава ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы прадоўжыцца да сярэдзіны сакавіка, а майстар думае ўжо пра наступную выстаўку і пра тое новае, што да яе зробіць. Да Вялікадня ў Гродне ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці рыхтуецца вялікі праект пісанак, аклеянак, і Станіслаў Муліца для яе і новыя фіранкі рыхтуе, і задумвае вялізнае пано — ад падлогі да столі. Мабыць, таксама атрымаецца чароўна. Калі талент творцы сумяшчаецца з такім мастацтвам, як выцінанка,
заўсёды атрымліваецца менавіта што чароўна.
Фота з уласнага архіва майстра