Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір ПРАКАПЦОЎ:
— Упэўнены, што абноўленая Канстытуцыя паспрыяе выхаванню ў беларусаў больш адказнага стаўлення да культурных набыткаў і гістарычнай памяці. У артыкуле 54 зберажэнне спадчыны, праяўленне патрыятызму і захаванне памяці пра гераічную мінуўшчыну абвешчаны доўгам кожнага грамадзяніна. Значная місія ў гэтым плане ўскладзена на наш музей, калекцыя якога змяшчае каля 30 тысяч прадметаў мастацтва. Некаторыя работы з залатога фонду наведвальнікі хутка ўбачаць на выставе «Памяць народа», прысвечанай Году гістарычнай памяці. Мы пакажам унікальныя творы айчынных аўтараў пра ваенныя выпрабаванні і мірную працу. Не пакінем без увагі юбілеі нашых класікаў Вітольда Бялыніцкага-Бірулі і Міхаіла Савіцкага.
Дырэктар Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна Наталля ВАШЧЫЛА:
— Для мяне, спецыяліста ў сферы культуры, падаюцца важнымі палажэнні аб захаванні гістарычнай памяці, замацаваныя ў праекце абноўленай Канстытуцыі. Так, шмат чаго ў гэтым кірунку рабілася раней. Ніхто не пасмее сцвярджаць, што мы не захавалі сваю культуру і гісторыю. Але разам з тым былі моманты, пра якія мы не заўсёды казалі, трымаючыся пазіцый добрасуседства. Гістарычная памяць не заўсёды радасная, бо ёсць у мінулым цяжкія падзеі. Не сакрэт, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны зверствы на шматпакутнай беларускай зямлі чынілі не толькі нямецкія вайскоўцы, але і некаторыя нашы суседзі. І пра гэта варта казаць, каб адхіліць дзіўныя папрокі і беспадстаўныя абвінавачванні ў адрас Беларусі.
Безумоўна, з унясеннем дапаўненняў і змяненняў у Канстытуцыю праца па захаванні і прапагандзе нацыянальных каштоўнасцей стане больш шматграннай. Пры гэтым трэба не толькі звяртацца да набыткаў мінулага, але і дэманстраваць сучасныя дасягненні нашай краіны.
Вучоны сакратар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Валерый НАДТАЧАЕЎ:
— Адным з галоўных аб’ектаў інфармацыйнай вайны, якую вядуць супраць суверэннай Беларусі, з’яўляецца Вялікая Айчынная вайна савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І гэта невыпадкова. Памяць пра агульную трагедыю і гераізм дагэтуль аб’ядноўваюць народы былога Савецкага Саюза. На тэрыторыі нашай краіны больш за 9 тысяч помнікаў і мемарыяльных комплексаў. Яны нагадваюць пра тую цану, якую мы заплацілі за права жыць і самастойна вызначаць свой лёс.
На адкрыцці новага будынка нашага музея ў ліпені 2014 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка вызначыў стратэгічныя напрамкі ў дзейнасці ўстановы: захаванне памяці пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, супрацьдзеянне фальсіфікацыі гісторыі, работа па патрыятычным і духоўна-маральным выхаванні грамадзян, кансалідацыі грамадства.
Перамагчы ў інфармацыйным супрацьстаянні можна толькі аб’яднаўшыся. На мой погляд, у новай рэдакцыі Канстытуцыі гэта ўлічана. Захаванне гістарычнай памяці пра гераічнае мінулае беларускага народа, праяўленне патрыятызму заяўлены ў праекце Асноўнага Закона як абавязак кожнага грамадзяніна. Пакуль мы памятаем — нас не перамагчы.
Данііл ШЭЙКА