Бацька вярнуўся дахаты ў адной гімнасцёрцы. Дзядзьку Піліпу пашанцавала болей. Ён пасля ўтаймавання Берліна апынуўся з такой жа мэтай у японскім Порт-Артуры, адкуль і прывёз маці японскага шоўку. У нашай напаўразбуранай краіне пачыналася эра футбола і трафейных акардэонаў. Гэта сёння на “слухачоў” дэфіцыт, а тады іх было мора. Стыхійна ўтвараліся трыа і квартэты. Нават у вёсцы спрабавалі граць джаз. А ў мястэчках рэй вяло дваровае сяброўства: пад дрэвы выносіліся сталы, потым гучалі факстроты і танга. Клубная культуры ў фармаце open air не давала душы засмягнуць.
Потым прыйшла чарга і клубаў з калонамі, манументальных і пафасных. Яны меліся пры ўсіх буйных прадпрыемствах. У нашым мястэчку, да прыкладу, апрача РДК, быў яшчэ Дом культуры ткацкай фабрыкі з саліднай залай і эстрадным аркестрам. Бацька пастаянна хадзіў сюды пагуляць у більярд. Нашы бацькі пабывалі ў замежжы і даведаліся, што, апрача гульні ў гарадкі, ёсць яшчэ шмат цікавага. Гарэлка на разліў прадавалася на кожным кроку, але ў модзе яна не была, прынамсі ў бацькавым асяроддзі. У модзе былі светлыя сарочка і штаны, а таксама шчаслівая ўсмешка на твары.
Хадзіў бацька і ў РДК, але тут быў зусім іншы інтарэс: хор. Не меў бацька асаблівага голасу, а на спеўкі бегаў рэгулярна. Я цяпер разумею чаму. Бацька не любіў хутаранства, а талаку, калі адчуваеш плячо суседа, успрымаў як аснову беларускага грамадства. Калі гэтае плячо адчуваеш, голас становіцца мацнейшым. Вялікая бяда, што колькасць харавых калектываў з таго часу значна паменела.
Я не жыву мінулым. Аднак сённяшняе ўпарта пра яго нагадвае. У маёй Ветцы цяпер — ніякіх більярдаў і хароў, ніякіх рок-гуртоў і танцаў. Калі б не самадзейны тэатр ды духавы аркестр, можна было б РДК і зачыняць. Пэўна, ніхто б не заўважыў. Але хопіць пра кепскае.
Метадыст Краснапольскага раённага цэнтра культуры Валянціна Марчанка трапіла на старонкі рэспубліканскай энцыклапедыі “Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь”. Шчыра віншую шаноўную Валянціну Аляксандраўну, якую ведаю шмат гадоў! Яна не толькі ўдумлівы метадыст. Прыдумала і кіруе фальклорным ансамблем “Горскія харашухі”, аматарскім паэтычным аб’яднаннем “Світанак”. Абодва калектывы сталі народнымі. Наша энцыклапедыя “Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь” выдаецца па міжнародных стандартах выданняў “Who is Who” і змяшчае інфармацыю пра асоб, якія дасягнулі прафесійных і творчых поспехаў, зрабілі важкі ўнёсак у развіццё нацыянальнай культуры. А прыкладаў прафесіяналізму шмат. Арганізавала спадарыня Марчанка конкурс метадычных матэрыялаў — партфоліа клубных фарміраванняў устаноў культуры раёна, бо палічыла, што такое саперніцтва — стымул для самаўдасканалення і прафесійнага росту, магчымасць абагульнення станоўчага вопыту і развіцця аналітычных здольнасцей, а таксама — дэманстрацыя дынамікі росту гурткоў і аматарскіх аб’яднанняў, папулярызацыя іх дзейнасці. У конкурсе бралі ўдзел 15 чалавек: кіраўнікі клубных фарміраванняў Яноўскага, Пачапоўскага, Ленінскага, Тур’яўскога, Горскага СДК і Краснапольскага РЦК. Дыпломам першай ступені ўзнагароджаны народнае аматарскае паэтычнае аб’яднанне “Світанак”, народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі” і ансамбль народнай песні “Спявай душа” Горскага сельскага дома культуры.
Гаворку пра культурныя здабыткі Магілёўскай вобласці працягвае вядучы рэдактар абласнога метадычнага цэнтра Крысціна Башарымава: “Тром майстрам прысвоены статус народнага майстра Рэспублікі Беларусь. Рашэнне прынята на пасяджэнні экспертнай камісіі пры Беларускім саюзе майстроў народнай творчасці. Статусу ўдастоены Ірына Забаўская з Асіповічаў (вышыўка), Любоў Яшчанка з Крычава (кераміка), Андрэй Ганчарэнка з Краснаполля (мастацкая апрацоўка дрэва). Пацвердзілі свой прафесіяналізм Галіна Сцепанкова з Горак (лозапляценне) і Ларыса Лямцава з Круглага (ткацтва паясоў і выраб тэкстыльнай лялькі). Што тут скажаш… Люблю Магілёўшчыну з Краснапольшчынай!
19 студзеня Зэльва адкрыла Год гістарычнай памяці. У раённым Цэнтры культуры ўдзячнасць і ўзнагароды прымалі ветэраны працы. А работнікі культуры дарылі ім песні. Паведаміла пра гэта загадчык аддзела па развіцці народнай творчасці РЦК Таццяна Умарава.
30 студзеня ў Ашмянскай раённай бібліятэцы прайшоў дзень інфармавання “Дакрануцца да гісторыі нашай Радзімы”. Працавала кніжная выстава з матэрыяламі пра славутых землякоў. Таксама была падрыхтавана выкладка літаратуры “Гістарычнае мінулае ў мастацкіх творах”. На краязнаўчай гадзіне прысутнічалі вучні сярэдняй школы № 2.
Яшчэ адна навіна пра ўзнагароды. Метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Дыдышка распавядае, што кіраўнік народнага аматарскага лялечнага тэатра “Батлейка” пры Лідскім РЦК Ірына Вашкевіч стала лаўрэатам штогадовага абласнога конкурсу імя Аляксандра Дубко.
Святлана Чубрык, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Навагрудскай раённай бібліятэкі, распавядае: “19 студзеня наша ўстанова запрасіла навучэнцаў аграрнага каледжа на хрышчэнскія чытанні “Час цудаў і дабрыні”. Маладыя людзі пазнаёміліся з праваслаўным часопісам “Прыступкі”, паўдзельнічалі ў варажбе”.
Навіна з Ваўкавыскага раёна. У Краснасельскім доме культуры прайшла рэтра-вечарына, у якім бралі ўдзел работнікі культуры рэгіёна. Мясцовыя арыгіналы пастараліся — і ўсё атрымалася: мерапрыемства ладзілася на імправізаваным чыгуначным вакзале з тыповымі для Савецкага Саюза залай чакання, буфетам, шапікам “Саюздрук” і не менш тыповым… цыганскім табарам. Сцэнарый быў пабудаваны паводле асобных сцэн з кінафільмаў “Вяселле ў Малінаўцы”, “Іван Васільевіч мяняе прафесію”, “Прыгоды Бураціна”… У выніку ў тэатралізаваную дзею былі ўцягнуты літаральна ўсе прысутныя. Прысутныя не супраціўляліся.
Дзень запаведнікаў і нацыянальных паркаў адзначылі ў Малабераставіцкай інтэграванай сельскай бібліятэцы Бераставіцкага раёна. Юныя чытачы пазнаёміліся з адпаведнымі выданнямі і відэаролікамі, разабраліся, чым запаведнік адрозніваецца ад нацыянальнага парка.
“У Карэліцкім раёне, — піша Іна Ляйко, — дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” закончылася святочным балем. Маленькія лэдзі і іх кавалеры сталі ўдзельнікамі майстар-класа па бальных танцах”.
Яшчэ адзін наш сталы аўтар Андрэй Струнчанка з Віцебскага раёна распавядае пра творчы конкурс пісьмовых работ “Мазалава часоў майго дзяцінства”. На конкурс былі прадстаўлены сачыненні, нататкі, эсэ, заснаваныя на ўласных успамінах канкурсантаў узростам ад 30 да 86 гадоў. “Старшыня журы і загадчык Мазалаўскага СДК Вольга Жураўская паведаміла, — піша Андрэй Струнчанка, — што ўсе работы аказаліся па-свойму цікавымі і каштоўнымі. Таму ўсе аўтары будуць адзначаны дыпломамі. А атрыманая інфармацыя будзе выкарыстана для арганізацыі экскурсіі “Мазалава гістарычнае і сучаснае”. Яшчэ адзін прыклад цудоўнага крэатыву! Адзіны недахоп нататкі: невядома, колькі канкурсантаў было. Дый цікава было б пачытаць хоць урывачак з напісанага. Спадзяюся на працяг тэмы.
Ганцавіцкая цэнтральная раённая бібліятэчная сістэма адказна працуе з маладымі чытачамі. Цягам пяці гадоў рэалізоўвалася праграма “Моладзь і час”, распрацаваная аддзелам бібліятэчнага маркетынгу райбібліятэкі імя Васіля Праскурава. Пра гэта паведаміла метадыст установы Святлана Кунцэвіч. Праект аказаўся выніковым. У гэтым усе пераканаліся напрыканцы мінулага года, калі вобласць абвясціла конкурс інавацыйных праектаў. Пераможцамі яго сталі адразу дзве бібліятэкі Ганцавіцкага раёна: цэнтральная і Хатыніцкая сельская. Абедзве сталі сапраўднымі адукацыйна-інфармацыйнымі цэнтрамі для моладзі.
Днямі мабільная група інфармацыйна-сацыяльнага цягніка “Клопат” наведала вёску Падлом’е Чэрыкаўскага раёна. Загадчык сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва цэнтралізаванай клубнай сістэмы Аксана Аляксеева піша, што разам з творчай групай Дома культуры (вакальным гуртом “Дзяўчаты”) у “дэсанце” ўдзельнічаў і прадстаўнік раённай бібліятэкі Любоў Лягуцкая.