— Насамрэч гэта песня мае больш даўняе паходжанне, — распавяла старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч. — Пачынаючы з 2015 года Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя Глінкі ладзіць харавы фестываль, які так і называецца — “Святло Каляднай зоркі”. Хормайстар Аляксей Снітко (ён, дарэчы, цяпер узначаліў гэтую навучальную ўстанову) папрасіў стварыць гімн гэтага фестывалю. Атрымаўся харавы твор — не ведаю, наколькі менавіта гімн, але ён гучаў на гэтых фестывалях. І не толькі ў самім каледжы, але і ў залах “Верхні горад”, імя Рыгора Шырмы ў філармоніі. І быў надрукаваны ў адным з харавых зборнікаў “Беларуская музыка Раства”, падрыхтаваных Саюзам кампазітараў. Цяперашняя песенная версія ўзнікла па прапанове рэжысёра Ганны Маторнай.
— І, дадам, адразу палюбілася выканаўцам і публіцы: нешараговая мелодыя, узнёслы настрой, сапраўднае адчуванне каляднага цуда. Не пагаджуся з выказваннем, што такія творы могуць гучаць толькі адзін раз на год. Бо гэта тая зорка, што асвятляе ўсё нашае жыццё, яднае зямное з касмічным, далучае на вечных каштоўнасцей. Іншымі словамі, пасярод побытавай мітусні вымушае зірнуць у нябёсы. Але вы сказалі пра нотныя зборнікі. Раней, наколькі я ведаю, Беларускі саюз кампазітараў так шчыльна не займаўся падрыхтоўкай нотных выданняў.
— Адна з маіх задач як старшыні творчай арганізацыі — папулярызацыя творчасці калег. Гэтую сферу дзейнасці нашай суполкі я лічу адной з найбольш важных. Выдавецтва нотных зборнікаў пашырае кола айчынных твораў, даступных для выканання, і, урэшце, захоўвае нашу нацыянальную спадчыну для нашчадкаў. Па тых кніжках, што ўжо выйшлі, я бачу, як яны патрэбны выкладчыкам і навучэнцам, знаёмяць іх з найноўшай беларускай музыкай, спрыяюць пашырэнню рэпертуару калектываў і асобных музыкантаў. Першы зборнік “Беларуская музыка Раства” я рыхтавала разам са згаданым Аляксеем Снітко, які, дарэчы, узначальвае таксама Харавы ансамбль Concertino Беларускага саюза кампазітараў і робіць вельмі шмат для папулярызацыі беларускай музыкі. Другі зборнік курыравала Ірына Кулагіна — нядаўняя выпускніца нашай Акадэміі музыкі, якая ўжо прынята ў Саюз кампазітараў і працуе ў сталічным каледжы мастацтваў. Ноты выдадзены Мінскім абласным цэнтрам народнай творчасці, які перадасць экзэмпляры ў бібліятэкі Міншчыны. На 2023 год, калі будзе святкавацца 90-годдзе Беларускага саюза кампазітараў, запланавана прэзентацыя зборніка “Нас яднае хор”. Але ж мы не абмяжоўваемся толькі харавымі творамі. Дагэтуль былі зроблены два выпускі фартэпіянных зборнікаў “Музычныя вітражы”. Першы з іх складала, рэдагавала, рабіла, калі трэба, камп’ютарны набор маладая кампазітарка Ніна Сінякова, якая цяпер жыве і працуе ў Канадзе. Другі зборнік рыхтавала знаная Галіна Гарэлава, якая ўзначальвае кафедру кампазіцыі Беларускай дзяржаўнай акадэмііі музыкі. Зборнікамі твораў для домры займаецца Аліна Безенсон, якая больш за іншых піша для гэтага інструмента. Такіх выпускаў будзе ўжо чатыры. Два зборнікі для балалайкі зрабіла дацэнт Акадэміі музыкі, вядомая канцэртуючая салістка на гэтым інструменце Марына Ільіна. Ёсць задумка выпусціць шэраг твораў для струнных інструментаў, запланаваны аўтарскія зборнікі песень Алега Чыркуна, Дзмітрыя Далгалёва. Будзе працягвацца канцэртная акцыя “Музыка беларускіх кампазітараў — пакаленню ХХІ стагоддзя”, выпусцім і аднайменны зборнік.
— А ці будзеце працягваць кампазітарскія конкурсы?
— Абавязкова! Разнастайных конкурсаў сёння шмат, а вось кампазітарскіх бракуе. Дый увогуле — конкурсаў шмат не бывае. Саюз кампазітараў ладзіць конкурс “Прыступкі творчасці”, асаблівасцю якога з’яўляецца наяўнасць кампазітарскай намінацыі. Бо вельмі хочацца выявіць адораных дзяцей, назіраць за імі надалей, дапамагаць. Яшчэ адна асаблівасць нашага кампазітарскага конкурсу — адсутнасць узроставых абмежаванняў. Таму ў ім часцяком бяруць удзел маладыя кампазітары і нават больш сталыя. Да гэтага конкурсу вельмі вялікая цікавасць сярод музыкантаў! У складзе журы такія масцітыя творцы, як Галіна Гарэлава, Віктар Войцік. Цырымонія ўзнагароджвання абавязкова праходзіць у зале нашага творчага саюза. І суправаджаецца своеасаблівым майстар-класам, бо члены журы не толькі абвяшчаюць вынікі, але і дзеляцца сваімі заўвагамі, даюць рэкамендацыі. Вельмі прыемна, што сярод удзельнікаў мы бачым усё больш тых дзяцей і падлеткаў, якія займаюцца ў нашых маладых кампазітараў — нядаўніх выпускнікоў Акадэміі музыкі.
— Алена Віктараўна, вы з’яўляецеся, бадай, адзіным беларускім кампазітарам, які адначасова і вельмі плённа працуе і ў галіне эстраднай музыцы, і ў сферы акадэмічнай. Звычайна кампазітары пачынаюць з чагосьці аднаго, потым пераходзяць да іншага, а з цягам часу канцэнтруюцца ці на эстрадзе, ці на акадэмічнай музыцы. Як вам удаецца сумяшчаць у адначасовасці?
— Для мяне абодва напрамкі застаюцца вельмі важнымі. Узначальваючы цыклавую камісію “Мастацтва эстрады (спевы)” ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, я добра ведаю, якім павінен быць гэты жанр у беларускай музыцы. Нават калі б я захацела адысці ад песні, ніяк не атрымаецца. Але ў мяне акадэмічная адукацыя, я вельмі люблю класіку, і спалучэнне абедзвюх сфер, на маю думку, надае маёй творчасці такія асаблівасці, як дэмакратызм, пачуццё меладызму. Дзякуючы спалучэнню эстраднага і акадэмічнага напрамкаў я не магу пісаць звыклую “папсу” — атрымліваецца тое, што завецца папулярнай музыкай. Увогуле любая музыка, незалежна ад стылю і жанру, павінна быць добрай. А гэта значыць — канцэпцыйнай, прыгожай, вобразнай, каб яна ўздзейнічала на эмоцыі.