— Чалавеку, які ў музеях бывае нячаста, уяўляецца, што гэта тое месца, дзе ціха і спакойна і дзе ад шкляных вітрын вее не зусім жывой гісторыяй. Але гэта, я так разумею, не пра ваш музей — вы стараецеся не адставаць ад актуальных трэндаў музейнай справы. Дый увогуле гэта ўжо не пра сучасныя музеі, якія хутчэй ператвараюцца ў культурныя, адукацыйныя цэнтры…
— У Музеі беларускага кнігадрукавання за год сярод полацкіх музеяў праводзіцца найвялікшая колькасць экскурсій пасля Сафійскага сабора — у 2021 годзе іх было больш за 700! Але ў сучасным свеце тое, што музей толькі збірае прадметы, апісвае, выстаўляе, а калі прыйдуць наведнікі, і нешта расказвае пра іх, — гэта вельмі прымітыўнае разуменне дзейнасці музея, самая першая, базавая справа. Акрамя экскурсій у нас, напрыклад, праводзяцца і музейна-педагагічныя заняткі са школьнымі класамі і дашкольнымі групамі, праводзяцца даўно. Як я прыйшла ў музей — амаль пяць гадоў таму, мы з дзяўчатамі селі і перапрацавалі, абнавілі ўсе праграмы, пастараліся знайсці нейкі цікавы падыход, цікавы погляд на тэму, каб дзяцей гэта чапляла. Вось узяць, напрыклад, заняткі, прысвечаныя Францыску Скарыну. Зразумела: у Полацку нарадзіўся, у Еўропе вучыўся, кнігу надрукаваў… Тое самае, што і ў падручніку, што і настаўнік раскажа. А мы прыдумалі пагаварыць пра гэтую постаць з пункту гледжання эпохі Адраджэння, у якую Скарына жыў. Яго сучаснікам быў Леанарда да Вінчы і іншыя славутыя ў свеце асобы, і беларус Скарына — палачанін Скарына — лічыцца адным з самых значных людзей таго часу. І мы бачым, як дзеці зусім па-іншаму пачынаюць успрымаюць тэму: як захапляльную гісторыю. І так мы папрацавалі з кожнай тэмай, каб яна стала сучаснай і актуальнай.
Ладзім мы сустрэчы з пісьменнікамі — і сталічныя аўтары ў нас бываць, і мясцовыя. Прэзентавалі, дарэчы, і кнігу нашага калегі Валерыя Ледніка, колішняга загадчыка Прыродна-экалагічнага музея, які напісаў раман у жанры фэнтэзі пра ваўкалака часоў Усяслава Чарадзея. Праводзім адкрытыя лекцыі на розныя цікавыя тэмы. З апошняга — цяпер яшчэ працуе часовая экспазіцыя “Смачна есці”, складзеная з унікальных выданняў на гастранамічныя тэмы, і да яе мы падрыхтавалі бясплатную лекцыю археолага з Полацкага ўніверсітэта Аляксея Коца, аднаго з аўтараў кнігі “Полацкая кухня і яе традыцыі”. Рыхтуючы якую новую выставу, мы адразу прадумваем, а што разам з ёй на гэтую тэму мы яшчэ можам зрабіць. І што мы можам зрабіць, каб людзі даведаліся пра тое, што ёсць такі цікавы музей і што ў яго трэба прыйсці, — а для гэтага неабходна выходзіць за сцены музея ў шырокі свет.
— Нядаўна ваш музей атрымаў прэмію на фестывалі аматарскіх фільмаў, што даволі нечакана. Вы яшчэ і фільмы здымаеце?
— Штуршок больш сур’ёзна заняцца засваеннем электроннай сферы нам дала пандэмія. Якраз у 2020-м, калі адзначалася 30-годдзе нашага музея, узнікла ідэя цыкла фільмаў пра музейныя прафесіі пад агульнай назвай “НЕфарматнае інтэрв’ю: папулярныя пытанні музейшчыку”. Пакуль героямі цыкла былі толькі я — загадчык, старэйшы навуковы супрацоўнік Дыяна Кашкур і наглядчык Юлія Смірнова. Праект быў настолькі цёпла ўспрыняты, што мы збіраемся яго працягваць. Вельмі хочацца расказаць пра тыя прафесіі, пра якія многія нават не падазраюць, — а гэта, напрыклад, і музейны рэстаўратар, і захавальнік фондаў, і музейны юрыст, і музейны бухгалтар. На Рэспубліканскім фестывалі аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча, які прайшоў у Полацку ў снежні мінулага года, наш фільм адзначылі спецыяльным прызам за крэатыўнае раскрыццё тэмы.
— Цяпер многія, калі не ўсе, музеі маюць сайты. Але такіх змястоўных і актуальных, як у вас, пакуль няшмат. Нават не ў самім музеі, а і проста на вашым сайце можна з цікавасцю правесці час…
— Так, акрамя багатай інфармацыі пра музей, падзеі і экспанаты ў нас ёсць і многае іншае, напрыклад асобны раздзел з назвай “Музейны хаб”. Там і згаданыя фільмы, і разнастайныя гульні, тэсты і віктарыны: “Будзьма Францыскам Скарынам!”, “Па слядах Гутэнберга”, “Калі чытаеш — кнігу пазнаеш”, “Scriptorium”, “Буквіцы скарынавых кніг” і г. д. Ёсць нават “Снежны DIY: робім сняжынку сваімі рукамі”, ёсць віртуальны памочнік… Мы намагаліся стварыць як мага больш прыгожы і змястоўны кантэнт. І ён жа для ўсіх, не толькі для жыхароў Полацка — дзякуючы 3D-вандраванню прагуляцца па нашым музеі можа любы, а тэсты і гульні можна і ў школах выкарыстоўваць, і ў сваёй сям’і. Займацца гэтай справай нам самім вельмі цікава!
— Кнігадрукаванне — працэс быццам вытворчы, прыземлены, але ж на самай справе ў вашым музеі захоўваецца тысячагадовая гісторыя беларускага духу. Калі дазволіць сабе трохі патэтыкі — мабыць, наведванне Музея беларускага кнігадрукавання прымушае адчуць гонар за тое, што ты беларус. А жыхары Полацка маюць і яшчэ больш падстаў для гонару.
— Калі ўзяць звычайнага наведніка, які сам па сабе зайшоў у музей, то прайшоўшы па двух паверхах, па ўсіх 15 залах, ён выходзіць узрушаны — а тут, аказваецца, столькі ўсяго! Аказваецца, у нас, у беларусаў, маецца такое гістарычнае багацце! І ў яго такое пачуццё гонару за нашу спадчыну ўзнікае. Вось самое галоўнае — мы фарміруем гэта пачуццё і сваёй асноўнай задачай лічым выхаванне нацыянальнага гонару. А для палачаніна гэта і ўвогуле асобная тэма, бо так і ёсць — “Ад Полацка пачаўся свет” паводле слоў нашага слыннага земляка Уладзіміра Арлова: ад той жа Ефрасінні Полацкай, Сімяона Полацкага, Францыска Скарыны. І ўсё гэта адлюстравана ў нашым музеі. Сапраўды, большасць экспанатаў — гэта кнігі, і самыя старажытныя ў тым ліку. Але ёсць, напрыклад, і арыгінальная актавая пячатка самой Ефрасінні Полацкай, пячатка, ціснутая яе рукой, — неверагодная па сваёй каштоўнасці і гістарычнай значнасці рэч. Дый увогуле які экспанат ні вазьмі, у ім закладзена столькі сэнсаў! Па нашым музеі можна хадзіць гадзінамі. Да таго ж у памяшканні былога Богаяўленскага манастыра, дзе мы месцімся, сама аўра вельмі моцная, і экспазіцыя зробленая як твор мастацтва — ёсць рэканструяваны скрыпторый, дзе сядзіць “манах”, ёсць друкарня часоў Скарыны…
— Я так разумею, што для вас кіраванне Музеем кнігадрукавання — нешта большае, чым проста праца…
— Я нават скажу, што гэта не праца, а мой стыль жыцця. У мяне асабліва і падзелу няма такога, што вось тут працоўны час, а тут хатні. Да таго ж мой муж таксама працуе ў структуры запаведніка — загадвае навукова-інфармацыйным аддзелам, таму ў нас атрымліваецца, што і па-за працай мы пастаянна гаворым пра музей, пра запаведнік. Я ў гэтай галіне ўжо 15-ы год — пачынала ў краязнаўчым музеі, а пяць гадоў таму прыйшла загадчыкам ў Музей кнігадрукавання. І сапраўды, тут я адчуваю сябе на сваім месцы, хоць і магу адзначыць, што гэта самы складаны музей для працы, бо ў супрацоўнікаў надзвычай шырокі спектр абавязкаў. Навуковы супрацоўнік — а іх у нас толькі пяцёра — і навуковай дзейнасцю займаецца, і экскурсіі праводзіць, і фонды камплектуе: збірае і апісвае музейныя прадметы, а яшчэ і заняткі, якія сам жа распрацоўвае, вядзе. А гэта патрабуе самых разнастайных ведаў і ўменняў.
Але ў нас увесь калектыў вельмі неабыякавы, пастаянна нараджае ідэі — а такая атмасфера моцна спрыяе поспеху справы. Спецыялісты ў нас выдатныя. Вера Ашуева, напрыклад, працуе ў музеі больш за два дзясяткі гадоў і мае такі багаж ведаў, як мала хто. А яшчэ яна так захапляльна і на такой цудоўнай беларускай мове распавядае гісторыі, што цікава любому самаму патрабавальнаму наведніку, — якраз гэтаму я ў яе вучылася. Вольга Філімонава — з прыроджаным талентам экскурсавода, педогага, і таксама спецыяліст з багатымі ведамі ў галіне гісторыка-культурнай спадчыны. Я радуюся такім калегам і раблю ўсё, каб гэтыя два вядучыя навуковыя супрацоўнікі як мага долей працавалі ў нашым калектыве. Ёсць у нас дзве маладыя дзяўчыны. Дыяна Кашкур — наш крэатыўшчык. Акрамя таго, што яна спецыяліст у беларускай гісторыі і зараз вучыцца ў аспірантуры, яна яшчэ і вельмі лёгкая на пад’ём у асваенні новых інфармацыйных тэхналогій. Якраз з ёй мы працавалі над сайтам і яго багатым напаўненнем, над сацыяльнымі сеткамі. І дызайнерскія праграмы яна засвоіла: мы самі робім і банеры, і ўвогуле ўвесь візуальны кантэнт. Ірына Мяховіч — нядаўняя студэнтка, скончыла магістратуру ў Полацкім дзяржаўным універсітэце як гісторык: яе мы пару месяцаў таму адправілі ў дэкрэтны адпачынак і цяпер чакаем папаўнення ў нашай “музейнай сям’і”, як падчас жартуем. І вось гэтай восенню ў нас з’явіўся новы супрацоўнік, які прыйшоў да нас з Полацкага ўніверсітэту і які ў свой час, дарэчы, выкладаў у некаторых з нашых дзяўчат, — Ігар Бортнік, кандыдат філасофскіх навук. Ён узбагаціў нашу, так бы мовіць, гістарычна-філалагічную палітру сваім філасофскім поглядам.
— Што ў сёлетніх музейных планах, чым будзеце здзіўляць? У першыя дні новага года свет пакінуў вельмі значны для вашага музея чалавек — славуты гісторык, літаратуразнаўца Адам Мальдзіс: мабыць, яго памяць таксама неяк будзе ўшанавана.
— На сённяшні дзень мы яшчэ даволі ўсхвалявана перажываем гэтую навіну — а Адама Восіпавіча называлі хросным бацькам нашага музея, ён вельмі шмат зрабіў для таго, каб гэты музей быў адкрыты менавіта ў Полацку. І, думаю, мы звернемся да родных Адама Мальдзіса з тым, каб нейкі фрагмент назапашанай ім спадчыны, асабліва датычнай Полацка, дастаўся нашаму музею, запаведніку і трапіў у часовую, а мо нават і ў пастаянную экспазіцыю.
Калі казаць пра юбілейныя мерапрыемствы, то новыя экспазіцыі мы звычайна прадстаўляем менавіта да Дня роднай мовы 21 лютага, і сёлета гэта будзе вельмі важная і значная выстава, прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы. Адзначым і 1030-годдзе праваслаўя на беларускіх землях, і 500-годдзе выдання “Малой падарожнай кніжкі” Францыска Скарыны — а гэта першая надрукаваная кніга на землях нашага Вялікага Княства Літоўскага. Акрамя таго, мы памятаем, што кніга — гэта не толькі аўтар ці выдавец, а гэта і мастак — на канец года плануем зрабіць выставу да 75-годдзя беларускага мастака, які аформіў мноства кніг, Валерыя Славука: можа, і сустрэчу з ім арганізуем, майстар-клас. А яшчэ хачу звярнуць увагу на тое, што мы ладзім і віртуальныя выставы, і іх можна ў любы момант “наведаць” на нашым сайце. Зараз там яшчэ знаходзяцца выставы, прысвечаныя Івану Шамякіну і Нілу Гілевічу, а сёлета з’явяцца дзве новыя: прысвечаныя 110-годдзю Максіма Танка і 210-годдзю Полацкай езуіцкай акадэміі — першай вышэйшай навучальнай установы ў межах сучаснай Беларусі.
А яшчэ з запланаваных падзей хацелася б вылучыць тое, што ўвесь год мы будзем праводзіць мерапрыемствы ў рамках інклюзіўнай творчай лабараторыі “Бум! Ага!” — гэта праект па рабоце з наведнікамі дзённага аддзялення для людзей з інваліднасцю: ён выйграў дзяржаўны грант у галіне культуры на 2022 год. Плануюцца і музейныя заняткі, і сустрэчы на базе аддзялення, і майстар-класы, і літаратурнае кафэ… Канешне, план на гэты год нашмат шырэйшы, але ж пра ўсе падзеі тут не згадаеш.
— Вы актыўны чытач нашай газеты і ніколі не шкадуеце лайкаў да нашых публікацый у сацыяльных сетках. Ці сапраўды вас можна назваць прыхільніцай газеты “Культура”?
— Вы ведаеце, каб не вашая газета, мы б, напэўна, мала арыентаваліся ў тым, што адбываецца ў сферы культуры ў межах усёй краіны. Мы выпісваем “Культуру”, уважліва яе чытаем, я заўсёды бачу газету на сталах нашых дзяўчат! Зразумела, нам вельмі цікава чытаць пра ўсё, што тычыцца менавіта кнігі, падзей у той жа Нацыянальнай бібліятэцы, мерапрыемстваў, дзе і наш музей прымае ўдзел, але без увагі не застаюцца і ўсе іншыя матэрыялы. Магу сказаць за сябе: мне вельмі цікава чытаць пра мастацтва, мастакоў і тое, што адбываецца ў мастакоўскім свеце. У іншых нашых супрацоўнікаў свае любімыя тэмы. Але ж сапраўды, вашая газета для нас — асноўны канал актуальных навін культуры і любімае выданне.
Фота Кірыла СМАЛЯКОВА