Трэба адзначыць, што каледж у сістэме адукацыі краіны займае заслужанае месца, бо набірае вучняў на падрыхтоўку ў асноўным з Піншчыны і Брэстчыны, а пастаўляе гатовыя кадры па ўсёй рэспубліцы. З 2004 года Пінскі каледж стаў падведамасным Брэсцкаму ўніверсітэту, а значыць выпускнікам пасля падрыхтоўкі ў сталіцы Палесся будзе лягчэй паступіць у самы паўднёвы абласны горад. Акрамя таго, навучэнцаў адсюль арыентуюць вучыцца пасля, у тым ліку і завочна, у БДПУ імя Максіма Танка, БДУКМ, Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Усё залежыць ад таленту, які знайшлі ў канкрэтным навучэнцы выкладчыкі.
Ірына Ярмалюк, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, з задавальненнем расказвае, як навучаюць у каледжы валодаць музычнымі інструментамі, ды ўвогуле пра творчае жыццё ўстановы. Ірына Юр’еўна — выпускніца аддзялення замежных моў каледжа. Пасля заканчэння вучэбнага працэсу засталася ў родных сценах выкладаць, паралельна атрымліваючы вышэйшую адукацыю завочна ў МДЛУ.
“Выпускнікі аддзялення музычных дысцыплін пасля заканчэння каледжа атрымліваюць спецыяльнасць настаўніка, музычнага кіраўніка дашкольнай установы, — распавядае Ірына Юр’еўна. — Нашы спецыялісты запатрабаваныя па ўсёй краіне, ніхто ніколі не заставаўся неразмеркаваным. На музычнае аддзяленне набіраюць пераважна дзяцей, якія скончылі музычную школу. У першай палове дня яны ходзяць на агульнаадукацыйныя заняткі, а ў другой удасканальваюць валоданне інструментам па сваёй спецыялізацыі, а таксама дадатковым. Асноўныя інструменты ў нас — піяніна, баян, акардэон, дадатковымі могуць быць гітара, домра, саксафон. Акрамя таго, тут абсталявана музычная лабараторыя і аўдыторыя з сучаснымі музычнымі інструментамі і камп’ютарным абсталяваннем, дзе навучэнцы абавязкова вывучаюць сучасныя тэхналогіі ў сферы музыкі. Гэты прадмет, методыку музычнага выхавання і індывідуальныя заняткі ў тым ліку выкладае Алеся Леанідаўна Еўтух.
Для моладзі, якая прыязджае вучыцца ў Пінскі каледж у падлеткавым узросце з іншых месцаў, распрацавана праграма па адаптацыі ў новым горадзе, у новым калектыве і ў будынку каледжа. Традыцыйна для першакурснікаў праводзіцца гульнявы квэст, у якім яны знаёмяцца з навучальнай установай і адно з адным. Абавязкова вучняў знаёмяць з горадам, і нават пінчукі часам дзівяцца новай інфармацыі. Добразычлівыя педагогі дапамагаюць падлеткам у любых псіхалагічна цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Адцягнуцца ад вучобы можна ў трэнажорнай і гульнявой залах, на лыжнай базе, у ціры. У каледжы ёсць жаночая каманда па баскетболе, валейболе, а летась навучэнцы занялі 3 месца ў абласной спартакіядзе”.
Цікава, што вялікую творчую падрыхтоўку пацвярджаюць на рэспубліканскім узроўні. У каледжы ганарацца моладзевым хорам, якім з 2011 года кіруе Святлана Мельнік, выкладчык вышэйшай катэгорыі, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Створаны ён быў у 1994 годзе, а ў 2002 годзе яму прысвоілі званне народнага. Калектыў гэты з’яўляецца лаўрэатам абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, у прыватнасці, рэспубліканскага фестывалю “Арт-вакацыі”. Хор не раз удзельнічаў у беларускім міжнародным конкурсе “Белавежская зорка”, абласным конкурсе “Таленты Брэстчыны”. Моладзь запрашаюць на розныя гарадскія святы, бо іх рэпертуар уключае патрыятычныя і народныя песні, а таксама творы ў сучасным фармаце, аранжыроўку да якіх стварае Святлана Закаваротняя.
Выкладчык Ларыса Шахновіч, кіраўнік знакамітага пінскага танцавальнага калектыву “Дэжа вю”, пяць гадоў таму стварыла ў каледжы танцавальны калектыў “Нядзевачкі”. У яго склад уваходзяць каля 30 хлопцаў, амаль усе юнакі, якія тут вучацца. Што-што, а хлопчыкаў у каледжы сапраўды мала… Таксама тут існуе аркестр народных інструментаў “Спадчына”, які выступае сумесна з ансамблем народнай песні каледжа “Музычныя пацеркі”. Зразумела, што ўсе творчыя калектывы ўвесь час абнаўляюцца за кошт новых навучэнцаў і што выкладчыкам патрэбны пэўныя намаганні, каб зацікавіць моладзь.
Падчас экскурсіі па каледжы знаёмімся з выкладчыкамі і навучэнцамі. Святлана Еўтух, выкладчык па класе фартэпіяна, працуе тут з 2001 года. Яна пінчанка, скончыла Брэсцкі музычны каледж, атрымала вышэйшую адукацыю ў БДУКМ, адвучылася ў магістратуры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і, атрымаўшы вопыт і веды, прыехала працаваць у родны горад. Святлана Іванаўна прызнаецца, што дзеці трапляюцца з розным узроўнем навыкаў, а падлеткавы ўзрост увогуле вельмі складаны, так што да кожнага трэба шукаць асаблівы падыход. Але ў першую чаргу яна бачыць галоўным выхаваць у дзіцяці чалавека. Стаць жа прафесіяналам у стасунках з музычным інструментам, на думку Святланы Іванаўны, дапаможа толькі праца, параўнальная з трэніроўкамі спартсмена. Трэба быць гатовым, што неабходныя гады практыкі. Штодзень праз рукі выкладчыка тут праходзяць па 8 чалавек, праца для Святланы Еўтух заканчваецца познім вечарам. Перад нашай сустрэчай выкладчык займалася з другакурсніцай Анастасіяй Забаўнюк.
У іншым класе Ларыса Валько, выкладчык па класе акардэона, займалася з вучаніцай Дар’яй Ярмілавай. Ларыса Аляксандраўна — старшыня цыклавой камісіі музычных дысцыплін, таму яна ведае ўсё аб адборы на спецыяльнасць. У сферы яе адказнасці таксама маніторынг школ мастацтваў рэгіёна на прадмет жадаючых вучыцца тут дзяцей. Вось Дар’я Ярмілава, напрыклад, скончыла музычную школу па класе акардэона. Такім, як яна, лягчэй вучыцца і браць для сябе новыя навыкі. Сумна выкладаць не бывае ніколі, гаворыць Ларыса Аляксандраўна, даводзіцца развівацца разам з дзецьмі. Выкладае яна ў каледжы ўжо 8 год, да гэтага працавала ў Пінскай музычнай школе №2. Вучылася Ларыса Валько ў Пінскім каледжы мастацтваў, вышэйшую адукацыю атрымлівала ў БДПУ імя Танка і скончыла магістратуру Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.
Пасля знаёмства з установай адукацыі прыходзіць думка, што яна знаходзіцца на сваім месцы, бо жадаючая звязаць свае жыццё з музыкай і выкладаннем моладзь з гэтага рэгіёна можа стаць бліжэй да сваёй мары. Усё гэта пацвярджае творчае жыццё каледжа, накіраванае ў першую чаргу на камфортнае знаходжанне тут.