Летам 2021 года ў падарожжа па амерыканскім Чыкага адправілася калекцыя адзення “Беларусачка”, вырабленая Марынай Баніфацьевай. У канцы лістапада беларускую вопратку змаглі пабачыць удзельнікі і госці інтэрнацыянальнага фестывалю “Матрошка”, арганізаванага Рускай праваслаўнай царквой. Дарэчы, беларусы прынялі ўдзел у дадзеным мерапрыемстве ўпершыню. І ў гэтым вялікая заслуга Юліі Калбыка, ураджэнкі беларускага горада Смаргоні, у якой у Чыкага свая мадэльная школа, дзе дзяўчаты навучаюцца не толькі мадэлінгу, але і этыкету.
— Люблю сваю Радзіму Беларусь. У 2020 годзе я загадала жаданне: арганізаваць беларускі модны паказ у Чыкага. Ідэя мерапрыемства: пазнаёміць гасцей з Беларуссю, — гаворыць Юлія.
У гэтым годзе мары спраўдзіліся, у выніку з’явіўся шоу-нумар “Чараўніца”, у якім дэманструецца вопратка, вырабленая кабрынчанкай. Такім чынам, дзякуючы творчаму тандэму Юліі Калбыка і Марыны Баніфацьевай у Амерыцы папулярызуецца беларуская культура.
Напрыканцы гэтага года сукенка з калекцыі “Ладушка”, аўтарам якой таксама з’яўляецца кабрынчанка Марына Баніфацьева, заваявала турэцкую Анталію. Сукенка была прадстаўлена на конкурсе прыгажосці “Міс Еўразія — 2021”. Дэманстравала ўбор Дыяна Дзейкун з Рэчыцы, вучаніца студыі моды і стылю Set_models Rechitsa. Аксэсуары да калекцыі вырабіла Вера Пушына з расійскага горада Іжэўска.
Трэба адзначыць, што і ў сябе на радзіме вышытая ў нацыянальным стылі вопратка Марыны Баніфацьевай карыстаецца папулярнасцю.
— Менавіта запатрабаванасць і стала галоўным рухавіком развіцця гэтага кірунку і генератарам новых ідэй, — дзеліцца сакрэтамі кобрынскі мадэльер.
Наталля КАНДРАШУК, Кобрын
Фота з архіва Марыны Баніфацьевай