Як заўжды, шмат канцэртаў прысвечана беларускай музыцы, памятным датам, вялікім і маленькім адкрыццям музычнага выканальніцтва. Гэта не значыць, што ў іншы час усяго гэтага бракуе, — ні ў якім разе! У гэтым сезоне філарманічная сцэна зведала і сольнік знакамітай цымбалісткі Веранікі Прадзед, складзены з твораў Галіны Гарэлавай, і юбілейную вечарыну знанага кампазітара з Ліды Сяргея Бугасава, падрыхтаваную Дзяржаўным камерным хорам Беларусі. А 18 лістапада ў рамках фестывалю нас чакае папраўдзе адметны канцэрт, складзены з двух новых буйных беларускіх твораў, якія ў свой час былі замоўлены Дзяржаўным камерным аркестрам Беларусі на чале з Яўгенам Бушковым Валерыю Воранаву (“Сёстры з Раю”) і Канстанціну Яськову (“Кросны Макошы”). Гэтыя дзве вельмі розныя па задуме і стылістыкі містэрыі, заснаваныя на сінтэзе мастацтваў, ушчэнт разбураюць колішнюю жартоўную фразу аднаго з нашых класікаў Яўгена Глебава, што творы беларускіх кампазітараў выконваюцца двойчы ў жыцці: у першы і адначасова апошні раз. Кожная са згаданых містэрый ужо мела сусветную прэм’еру, тыя ж “Кросны Макошы” гучалі не толькі ў нас, але і ў замежжы. Таму цяпер, лічыце, у чарговы раз выконваюцца “на біс”. Дый завершыцца фестываль музычным святкаваннем юбілею знанага беларускага кампазітара Сяргея Бельцюкова — 27 лістапада.
Акрамя сучаснасці, закранута і наша гісторыя. Гэта праграма “Хор як лёс” 21 лістапада, што прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння народнага артыста Беларусі і СССР Віктара Роўды і збярэ некалькі калектываў у своеасаблівы зводны хор — тое “спеўнае поле”, пра якое так марыў гэты знаны хормайстар.
Канцэрт, памножаны на прэзентацыю кнігі, чакае нас 17 лістапада. Музыказнаўца Вольга Брылон выпусціла сваю ўжо другую кнігу, прысвечаную беларускай эстрадзе. Калі першая, створаная разам з Марынай Мулявінай, была прысвечана Уладзіміру Мулявіну і яго першай жонцы Лідзіі Кармальскай, дык цяперашняя, акрэсленая як “Настальгічны дывертысмент”, ахоплівае ўсю беларускую эстраду 1930–1980-х гадоў, аднаўляе яе гісторыю і ўтрымлівае безліч фотаздымкаў, архіўных дакументаў. А ўласна музычныя старонкі кнігі агучаць Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І.Жыновіча і шматлікія эстрадныя салісты і калектывы, уключаючы Анатоля Ярмоленку і Ядвігу Паплаўскую.
У фестываль уключана як ніколі многа фартэпіяннай музыкі — і гэта невыпадкова, бо ў пачатку снежня ў залах Акадэміі музыкі і філармоніі будзе праходзіць Міжнародны конкурс піяністаў “Мінск-2021”. А цягам “…Восені” адбудуцца сольныя канцэрты Ірыны Шумілінай, Ігара Алоўнікава. Апошні прысвечаны памяці яго маці, спявачкі Ларысы Ілюкевіч, і складаецца з транскрыпцый тых вакальных твораў, што яны выконвалі разам.
Адбудзецца і “фестываль у фестывалі”: у рамках “…Восені” адкрыецца Міжнародны арфавы фестываль “Дзве сталіцы. Мінск — Масква”, які збярэ найлепшых арфістаў Беларусі і Расіі.