НЕ ДЗЕДАМ МАРОЗАМ АДЗІНЫМ
Задача праекта не проста скласці маршрут і дбайна яго апісаць, але знайсці сапраўдныя цуды. Часам іх, прызнацца, даводзілася ствараць. Прыкладам, каб паказаць амаль не засвоеную пакуль туріндустрыяй Гродзенскую крэпасць — адзінае ў Беларусі месца, дзе можна ўбачыць сапраўдныя сталактыты! — мы звярнуліся па дапамогу да прафесійных спелеолагаў, якія спусцілі вядоўцаў у адзін з фартоў.
Але без топавых аб’ектаў пры такой пастаноўцы задачы ўсё ж ніяк не абысціся. А на галоўных нашых адметнасцях, як кажуць кіношнікі, штатыву няма дзе ставіць. Складана паказваць тое, што ўжо сто разоў паказвалі да цябе!
або “Пацеркі” на “ніцях” новых маршрутаў
Ды, як высветлілася, гаспадары буйных тураб’ектаў таксама разумеюць, што з часам любыя эмоцыі прытупляюцца. І ствараюць новыя крэатыўныя прадукты, здатныя прывабіць нават тых, хто раней пабываў там неаднойчы. Скажам, Мірскі замак засвоіў такую фішку, як квэсты. Самы цікавы называецца “Белы слон” — яго трэба адшукаць цягам доўгіх выпрабаванняў.
Што ж гэта за слон і ці ёсць у яго вушы ды хобат? Ведаю, але не скажу. Завадатары квэсту настойліва просяць інтрыгу не прадаваць. Аднак можна не сумнявацца, што разгадка здзівіць вельмі многіх — прычым найперш сваёй інтэлектуальнасцю.
А ў Нясвіжы музейшчыкі прапануюць начную экскурсію — маштабнае касцюмаванае шоу, якое дазваляе пазнаёміцца не толькі з легендамі замка, але і з побытам яго колішніх уладароў. Паверце, уражанні ад радзівілаўскай рэзідэнцыі зусім іншыя, чым калі наведваеш яе па звыклым графіку.
Яшчэ адзін турыстычны “зубр” — Белавежская пушча — у плане абнаўлення асартыменту пайшоў куды далей. Археалагічны музей, які адкрыўся там усяго пару гадоў таму, хутка вырас у ладны скансэн. Толькі сёлета ён папоўніўся дзвюма экспазіцыямі, прычым кожная памерам з добры падворак!
Аднак галоўная адметнасць не ў маштабах, а ў той эпосе, якую музей адлюстроўвае. Гісторыя Беларусі для большасці з нас пачынаецца недзе з перыяду Полацкага княства. То-бок стагоддзяў 10-12 таму. Між тым гэта толькі верхавіна айсберга: людзі тут з’явіліся на дзясяткі тысячагоддзяў раней за Рагвалода!
Вось пра гэтыя перыяды — ад каменнага веку і недзе да сярэдзіны першага тысячагоддзя па Нараджэнні Хрыстовым — і распавядае экспазіцыя. Прычым распавядае — менавіта тое слова. Археалагічны скансэн новы не толькі па часе з’яўлення, але і паводле свайго падыходу. Гэта ўжо не артэфакты ў вітрынах, але музей наратыўны і інтэрактыўны. Тут можна завітаць на агеньчык да тыповай сям’і бронзавага веку, навучыцца разводзіць той самы агонь тузінам розных спосабаў, прасачыць эвалюцыю ткацтва, а пры вялікім жаданні нават самому выплавіць фібулу готаў — дарэчы, гэтае легендарнае племя на тэрыторыі пушчы сялілася ахвотна.
…А яшчэ тут можна прыйсці да высновы, што палеская паўзямлянка Міларадскай культуры (недзе VI ст. да нашай эры) — гэта неблагі варыянт дызайну сучаснага дачнага доміка!
Канешне, у наведвальніка рана ці позна ўзнікае пытанне: а звесткі адкуль? Ніхто ж з нас на свае вочы не бачыў, як жыхары каменнага веку свідравалі ў крэмені адтуліну. Але пагутарыўшы з навуковым супрацоўнікам музея Русланам Кнігам, ты разумееш, што кожная дэталь тут не са столі ўзятая. У аснове рэканструкцыі — дзесяцігоддзі руплівай працы навукоўцаў з нашай акадэміі ды іх замежных калег. Суразмоўца літаральна сыпле прозвішчамі і назвамі кніг…
А да бібліятэчных ведаў дадаецца эксперымент, спроба прымерыць на сябе шкуру даўняга прашчура. Руслан і яго калегі метадам спроб і памылак засвоілі дзясяткі старажытных тэхналогій. Менавіта такая эксперыментальная археалогія дапамагае запоўніць многія лакуны ў гістарычных ведах.
Пры гэтым Руслан Кніга не толькі ўтрапёны навукоўца, які літаральна жыве сваімі даследаваннямі, але яшчэ і файны расказчык ды шчодры на розныя прыдумкі шоумэн. Ён здатны зацікавіць любога наведвальніка, нават вельмі далёкага ад Міларадскай культуры.
Ды і сам новы музей — папраўдзе добры ўзор спалучэння неабходнай у наш век атракцыйнасці з пазнавальнасцю і сур’ёзным навуковым падыходам. Як выяўляецца, абодва гэтыя складнікі — зусім не ўзаемавыключныя. Таму можна меркаваць, што пушча ў хуткім часе будзе асацыявацца не толькі з зубрамі і Дзедам Марозам.
ПАЦЕРКІ ВАКОЛ БАЛОТА
Што асабліва прыемна, свае турпрадукты пачынаюць ствараць і зусім няпрофільныя, здавалася б, арганізацыі. Прыкладам, мясцовая гаспадарка ў Тураве зрабіла першы і пакуль адзіны плывучы гатэль — на баржы, прышвартаванай да берага Прыпяці. А Дзісенскі лясгаз не так даўно прыкупіў экзатычную “цацку” — балатаход “Раса” на вялізных дзьмутых колах. І дзякуючы ёй кожны ахвотны можа патрапіць у тыя куткі, дзе, пэўна, ніколі не ступала нага чалавека — бо калі ступіць, то адразу праваліцца мінімум па калена. Заадно экскурсавод распавядзе вам мясцовыя паданні і пакажа дзіўны каменны крыж, што немаведама як апынуўся пасярод багны.
Так на турыстычную карту была нанесеная новая лакацыя — балота Жада. Можна меркаваць, што ёй зацікавяцца многія з наведвальнікаў суседняй Ельні, якая стала сапраўдным хітом гэтага сезона.
На паветраным шары над Мірам.
Балота, без сумневу, варта разглядаць як пазітыўны брэнд Беларусі, здатны кампенсаваць адсутнасць мора і гор. Калі не верыце — паглядзіце… хаця б нашу праграму. Хаця тысячы ўжо вераць — і едуць. Прычым гэты ўсплёск цікавасці напаўняе жыццём і навакольныя гісторыка-культурныя адметнасці — той жа шыкоўны музей Драздовіча ў Германавічах або цэлы россып прыгожых касцёлаў. Бы тыя пацеркі, яны націнаюцца на нітачкі новых маршрутаў, што адзін за адным утвараюцца вакол Ельні. Тое самае адбываецца і вакол Прыпяці, якая ў пару разліву таксама стала папулярным напрамкам.
Хочацца верыць, такімі пацеркамі стануць і бадай набойльш уражвальныя (як па мне) адметнасці. Гэта не прырода ці архітэктура, а людзі. Дакладней — сапраўдныя асобы. Той жа настаўнік з Мёраў Вітольд Ермалёнак, які стварыў папраўдзе неверагодны школьны музей — прычым збольшага на падножным матэрыяле! Або інсітны скульптар з глыбі Палесся Іван Супрунчык, які з дапамогай адной сякеры раскрывае сапраўды касмічнага маштабу тэмы. Або ўнікальны чалавек-аркестр Мар’ян Скрамблевіч…
Стасункі з імі пакідаюць незабыўны след. Прычым, як сведчыць мой досвед, гэтыя унікумы — асобы вельмі зычлівыя ды адкрытыя. Таму не варта баяцца вазіць да іх турыстаў.
ВЯДОМЫЯ І “ЯДОМЫЯ” БРЭНДЫ
Знайсці начлег для здымачнай групы сёння ўжо не праблема — не тое што якіх гадоў дзесяць таму. Так, вялікія гатэлі яшчэ могуць таіць прыкрыя неспадзяванкі (у Пінску, напрыклад, адсутнічала ацяпленне). Але сітуацыю ратуюць шматлікія аграсядзібы, якія густа рассыпаныя па ўсёй краіне. Кошты даволі памяркоўныя і даступныя для сярэдняй кішэні.
Адпаведна, можна сцвярджаць, што праблема інфраструктуры, якая зусім нядаўна здавалася бадай невырашальнай, сёння ўжо страціла актуальнасць. Галодным ды беспрытульным турыст у нашых краях не застанецца. Прынамсі калі ён мабільны і падарожнічае на ўласным аўто.
Але ў плане кулінарыі ўсё ж хацелася куды большага. Мы наўмысна ўключалі ў лік цудаў і не толькі вядомыя, але і “ядомыя” брэнды. Адзін з іх — кухня Адэльска, мястэчка на памежжы трох краін, якая ўсмактала ў сябе самыя розныя традыцыі. Арыгінальных страў тут — дзясяткі, а ў сукупнасці яны маюць статус нематэрыяльнай ГКК.
Праўда, як паведамілі мне носьбіты традыцыі, перажывае яна далёка не лепшыя свае часіны. Старэйшыя кулінарныя гуру паступова адыходзяць, а ў моладзі іншых спраў хапае…
Сталактыты Гродзенскай крэпасці.
Здавалася б, наладзь у тое мястэчка кулінарныя туры — і попыт ім забяспечаны. Як, дарэчы, ужо робяць у Слаўгарадскім раёне. Яшчэ зусім нядаўна ён мала ў каго выклікаў хоць якія асацыяцыі, але цяпер яны ёсць. І найперш гэта — смак сыру. Сыравараў тут болей чым дзе на душу насельніцтва, у іх ёсць цэлая сетка тэматычных аграсядзіб, свой фэст, хутка мо і музей будзе…
Думаю, прычына поспеху не столькі ў адметных якасцях малака або сакрэтнай рэцэптуры, колькі ў мэтанакіраванай дзейнасці па стварэнні рэгіянальнага брэнду. Тое, што недзе гэта працуе, павінна натхняць іншых.
І ўвогуле… Варта адзначыць, што натхняльных прыкладаў у нас даволі. Пачынаючы распрацоўваць тэму, шторазу знаходзіў новыя. Мы, згодна з канцэпцыяй, называлі іх цудамі, але насамрэч гэта хутчэй заканамернасць. Калі ёсць добрая ідэя і памкненне рупліва ды паслядоўна ўвасабляць яе ў жыццё — цуды сябе чакаць не прымусяць!
Выкарыстаны кадры з тэлевізійнага трэвэл-шоу.