Пётр Навумавіч Дабрыян быў заўсёды энергічным, вясёлым, вельмі актыўным чалавекам. Ён паспяваў усюды: пісаў вершы, удзельнічаў у тэматычных і літаратурных вечарынах, паседжаннях раённага літаб’яднання, сустракаўся з вучнямі і настаўнікамі, знаходзіў час завітаць у госці да сяброў, заўсёды шчыра адгукаўся на бяду, дапамагаў і справай, і словам, быў сябрам Слонімскай бібліятэкі.
У 1938 годзе віленскі часопіс “Шлях моладзі” ўпершыню змясціў яго першы верш “Я бачыў”. А праз год той жа часопіс надрукаваў новыя вершы паэта “Зіма”, “Мне ахвота”, “Вясна, вясна, прыйдзі хутчэй”.
Паэтычны зборнік Алеся Сучка “Захацелася шчасця” — першая кніга паэта са Слонімшчыны, якая праз доўгі час пабачыла свет, дзякуючы намаганням беларускага пісьменніка, гісторыка, краязнаўца Сяргея Чыгрына. Гэтая кніга — як успамін пра шчырага паэта і добразычлівага чалавека, яскравы прыклад таго, што напісанае застаецца вечным.
Больш падрабязна дакрануцца да паэзіі песняра і адчуць яе сутнасць можна, наведаўшы сёння музей беларускай кнігі Слонімскай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа.
Да слова, у музеі, акрамя зборніка “Захацелася шчасця”, ёсць каштоўныя рукапісы паэта, падораныя ім бібліятэцы з асабістым подпісам:
“Ахвярую свой зборнік вершаў Слонімскай цэнтральнай бібліятэцы, як дар ад чытача, за плённую работу, якую праводзіць яе калектыў па распаўсюджванні нашай савецкай літаратуры ў масах працоўных Слонімшчыны. Алесь Сучок. 7.2.1987г. Вёска Азярніца”.
Юлія ВАСІЛЕЎСКАЯ, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Слонімскай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа